Среда, 10 августа 2022

Захавальнік гісторыі роднай зямлі

1 172

Аляксея Радзівончыка ў нашым горадзе ведаюць, як кажуць, і старыя, і малыя. Пажылыя людзі знаёмы з ім па клубе “Нам гады не бяда” і па мясцовай ветэранскай арганізацыі, старшынёй якой ён з’яўляецца. А дзеці паважаюць “дзядзьку Лёшу” за магчымасць бясплатна пабываць ва ўнікальным музеі сялянскага побыту, які ён адкрыў у сябе на сядзібе шмат гадоў таму.
У госці да гэтага цікавага, творчага, крэатыўна думаючага чалавека мяне прывялі шляхі літаратурныя і гістарычныя.

У пошуках ісціны
Аляксей Радзівончык – вялікі рамантык. У свой час працаваў на будоўлі, пазней быў галоўным інжынерам у ЖКГ. Але заўжды знаходзіў час для творчасці.
Сёння ён з’яўляецца членам літаратурнага аб’яднання “Полымя”, напісаў тры кнігі – “Дарогі жыцця”, “Спакуса”, “Жыццё на Зямлі і на іншай планеце”, а таксама два паэтычныя зборнікі – “Імгненні жыцця” і “Часціцы сэрца майго…”. Плануе выдаць трэці зборнік, куды ўвойдуць больш за 150 яго новых вершаў.

Вершы паэта-аматара струменяць непадробную любоў да сваіх бацькоў, сям’і і перадаюць шчырае захапленне прыгажосцю роднай прыроды. Аўтар схіляецца перад простым чалавекам-працаўніком, разважае аб сэнсе жыцця і ўслед за філосафамі мінулага шукае ісціну.

Магчыма, прафесійныя літаратары знойдуць слабыя месцы ў яго строфах. Аднак журы міжрэгіянальных дыстанцыйных творчых конкурсаў “Самы лепшы дзень”, “Я магу”, а таксама “А вам слабо?”, якія праходзілі нядаўна ў Баранавічах, Івацэвічах і Драгічыне, станоўча ацанілі паэтычную стараннасць мужчыны. Аляксей Радзівончык быў узнагароджаны дыпломам I ступені ў намінацыі “Лепшы сюжэт” і дыпломамі II ступені ў намінацыях “Гумар і пазітыў”, а таксама “Рамантычнасць і кранальнасць”.

Захавальнік гісторыі
Ёсць яшчэ адна інфармацыйная нагода напісаць пра нашага земляка. Аляксей Іванавіч значна павялічыў выставачныя пляцоўкі свайго музея – і зараз яго рарытэтным экспанатам стала крыху вальней. Спытайце: чаму крыху? Ды таму, што нават цяпер, адзначу дзеля справядлівасці, больш за тысячу ўнікальных рэчаў літаральна “дыхаюць” адзін аднаму ў патыліцу, і агледзець іх прыгажосць і сфатаграфаваць з розных ракурсаў не ўяўляецца магчымым. Трэба яшчэ большая плошча. Але аб усім па парадку…

Былыя баракі па вул.Леніна, некалі спісаныя з рахункаў, вось ужо сямнаццаць гадоў, як перакваліфікаваліся ў музей. Яны размешчаны за прыгожым двухпавярховым домам галоўнага збіральніка і захавальніка гісторыі. Аднак пабываўшы ў іх аднойчы, разумееш, што перад іх зместам цмянеюць усе сучасныя будынкі акругі.
Экскурсію па музеі правёў сам Аляксей Іванавіч. Галантны, імпазантны мужчына з гэтай нагоды нават надзеў гальштук (хаця ён заўсёды, як кажуць, “пры парадзе”).

— Для мяне свята расказваць наведвальнікам пра продкаў, знаёміць іх з сялянскім побытам, — расказвае гаспадар. — Напоўніць экспазіцыю дапамагалі сябры, знаёмыя і нават незнаёмыя людзі. Дзе б я ні быў, з кім бы ні сустракаўся — усюды казаў пра музей. Прадметы купляў або прымаў у дар. Але многія экспанаты дасталіся мне ў спадчыну. Фамільныя каштоўнасці роду — асаблівы гонар. Бо з іх усё і пачыналася.

Жыць па сумленні
Радзівончыкі мясцовыя, з в.Засімавічы. Іх род старажытны, але просты. Бацька Аляксея Іванавіча быў вядомым на ўсю акругу пчаляром і кавалём. Залатыя рукі ўмельца маглі зрабіць з металу самыя неабходныя ў гаспадарцы рэчы, пачынаючы ад сярпа і заканчваючы сякерай. Характэрна, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны, будучы камандзірам узвода гаспадарчай групы, ён мог “рэаніміраваць” любую тэхніку, якая пацярпела ў баі.

Асноўнымі яго памочнікамі пасля вайны сталі жонка і чацвёра дзяцей, якія, як усе маладыя людзі таго часу, змушаны былі вельмі цяжка працаваць.
— Смуткі мае несусветныя лячыліся нялёгкай працай… І сённяшні музей – даніна памяці тым цяжкім, але шчаслівым часам, калі побач былі бацькі, якія мяне выгадавалі, выхавалі і навучылі жыць – у працы і па сумленні.

Шалі гісторыі
Экспанатаў у музеі столькі, што для самых буйных з іх ужо выдзелена частка двара. Першай сустракае гасцей хваёвая бочка дыяметрам у адзін метр, узрост якой ужо каля 400 гадоў. Следам за ёй — кавальскі горан 1812 года. Побач стаіць сячкарня 1627 г., якая за гадзіну магла здрабніць каля двух тон саломы.

Аляксей Радзівончык адкрывае адну за другой невялікія прыбудовы да хаты і паказвае спадчыну, якая дасталася яму ад бацькі: кавадлы, нажніцы, ціскі, кусачкі, незаменныя ў кузні, ключы для рамонту вазоў, разнастайныя сталярныя прылады.
Далей вісяць некалькі дзясяткаў плеценых з лазы і саломы кошыкаў, шыянак для збору ягад і грыбоў, бочачкі для саленняў, маслабойкі. Асобна стаяць унікальныя ліпавыя начоўкі, якія выкарыстоўваліся для мыцця дзяцей.

Затрымліваюся каля калекцыі з некалькіх дзясяткаў разнастайных шаляў і бязменаў, на якіх збіральнік даўніны, мабыць, вырашыў “узважыць гісторыю”.

Пераступіўшы парог
У асноўных выставачных залах музея, здаецца, можна адшукаць любы прадмет былога сялянскага побыту. У цэнтры экспазіцыі — дзіцячая калыска, якой ужо 80 гадоў. У ёй Іван Кандратавіч і Вера Пятроўна Радзівончыкі выгадавалі ўсіх сваіх дзяцей.


— У тым ліку і мяне… Столькі гадоў прайшло. Ужо я сам даўно дзед чатырох унукаў. А да гэтага часу перад вачыма стаіць вобраз мамы, якая спявала над калыскай песні, — распавядае Аляксей Іванавіч.
Далей падводзіць да печы, за якой стаяць вялікія жорны.

— У нашай хаце заўсёды пахла хлебам. Самі жыта сярпамі жалі, цэпамі малацілі… Памятаю, як мама ў апалушках замешвала цеста для хлеба, потым яно ў дзежцы даспявала — пах апары разносіўся па ўсёй хаце. Праз некалькі гадзін мама пачынала чараваць каля гарачай печы… Смак таго хлеба мне не забыць ніколі…

Прадэманстраваў гаспадар музея і калекцыі старажытных вугальных прасаў, чарнаглянцавай керамікі, вышытых кашуль, калаўроткаў, газавых лямпаў і самавараў.

Ганарыцца Аляксей Радзівончык і старажытнымі лічыльнікамі, састарэлымі касавымі апаратамі і арыфмометрамі. Ёсць у яго музейным зборы і розныя пішучыя і швейныя машынкі.


Пабывала я і ў зале з іконамі, старажытнымі кнігамі і лампадамі, якія на царкоўныя святы запальвае гаспадар музея, успамінаючы пра маці, малітвы якой “былі здольны дастаць з дня мора”…

“Погляды іх лаўлю…”
Асабліва ўразіў пакой, дзе вырасла “генеалагічнае дрэва” Радзівончыкаў: усе сцены завешаны партрэтамі родных і блізкіх гаспадару людзей, многіх з якіх ужо няма на гэтай зямлі. Кожны партрэт з любоўю абрамлены багетнай рамкай. Бабулі, дзядулі, цёткі, браты і сястрычкі — маладыя прыгожыя твары. Углядаешся ў іх і бачыш знаёмыя рысы: светлыя хвалістыя валасы, насы бульбачкай, круглявыя вочы і асаблівае святло ў іх…

— Так, мы, Радзівончыкі, усе адзін на аднаго падобныя: сапраўдныя беларусы, — нібы папярэджваючы маё пытанне, кажа гаспадар музея. — У гэтым пакоі — самая каштоўная гісторыя, якую буду памятаць да канца сваіх дзён. Яшчэ мой бацька вучыў: “Помні сваё мінулае, без яго не будзе будучыні!” — гэта галоўны закон быцця.

Аліна Майская, фота аўтара