Суббота, 13 августа 2022

175 дзяцей і 29 творчых і спартыўных калектываў былі ўзнагароджаны падчас дзясятай юбілейнай цырымоніі «Дараванне 2021»

1 172

Юбілейная X цырымонія ўзнагароджання таленавітай моладзі Пружанскага раёна «Дараванне 2021», што прайшла ў мінулую пятніцу ў гарадскім Палацы культуры, мела некалькі адметных асаблівасцяў.

Па-першае, упершыню да адораных дзяцей, якія сваімі ведамі, уменнямі і талентам здолелі заняць прызавыя месцы на міжнародных, рэспубліканскіх, абласных спартыўных, музычных або інтэлектуальных турнірах, звярнуўся старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. Для запісу відэазвароту губернатар вобласці спецыяльна прыехаў у Белавежскую пушчу, адкуль ён пажадаў юным «прафесарам», «алімпійцам» і «зоркам» здзяйснення мар, лёгкіх дарог у вышыню і справядлівай ацэнкі дасягненняў.

Гэтыя шчымлівыя словы адразу задалі настрой і асноўны сюжэт урачыстасці, галоўнымі героямі якога былі менавіта дзеці. І не проста ў якасці гледачоў, а сапраўдных удзельнікаў. Першую частку якіх на сцэну запрасіў старшыня райвыканкама Юрый Бісун. Кіраўнік раёна адзначыў другую асаблівасць сёлетняга ўзнагароджання самых разумных, спрытных і творчых.

— Кожны год «Дараванне» збірае ўсё больш і больш лаўрэатаў,— паведаміў Юрый Юр’евіч.— Дзесяць год таму на сцэну выходзіў 61 пераможца. А сёння амаль утрая больш. Сертыфікаты, якія пацвярджаюць талент і адданасць выбранай справе, зараз атрымаюць 175 дзяцей, а таксама 29 творчых і спартыўных калектываў.

А трэцяя адметнасць юбілейнай урачыстасці стала заўважнай падчас самой цырымоніі. Даволі цікава раздзяліліся па намінацыях героі свята. Напрыклад, на міжнародным узроўні годныя вынікі паказалі выхаванцы спартыўных і музычных школ, у рэспубліцы палову «прызавога фонду» ўзялі ўдзельнікі прадметных алімпіяд. А на вобласці «інтэлектуалы» сталі безумоўнымі лідарамі па колькасці перамог.

Больш падрабязна пра цырымонію «Дараванне» чытайце ў «Раённых буднях» за 6 студзеня 2022 г.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік.

Больш фота тут: https://vk.com/album-23306785_281993178