Понедельник, 17 января 2022

Наша апытанне: Ці чакаюць пружанцы навагодніх цудаў?

699

Навагодніх святаў чакаюць і дарослыя, і дзеці. Гэта асаблівы час, калі душа напаўняецца нейкімі неверагоднымі эмоцыямі. Салата «аліўе», мандарыны, яркія гірлянды і пухнатая прыгажуня ёлка — вось усім знаёмыя прыкметы надыходзячага свята. Мы вырашылі даведацца ў жыхароў нашага горада, як яны рыхтуюцца да сустрэчы Новага года. А галоўнае — ці чакаюць навагодніх цудаў?

Кацярына:

— Цудаў варта чакаць заўсёды, у любы дзень, але пад Новы год — асабліва. Гэтае свята для нас сямейнае, мы збіраемся дома ўсе разам, у госці ходзім вельмі рэдка.

У апошні час, калі дзеці пачалі сталець, яны ўжо самі, не прыцягваючы нас, рыхтуюць да свята конкурсы, падарункі і сюрпрызы. Вядома, гэта вельмі прыемна. Ведаеце, колькі б ні было чалавеку гадоў, ён усё роўна верыць у казку і цуды.

Аляксандр:

— Так, прызнаюся, я веру, што на Новы год абавязкова павінна здарыцца нешта цудоўнае. Гэтае свята для мяне — нейкая прыемная нечаканасць, прадчуванне незвычайнага. Заўсёды ўпрыгожваем кватэру агеньчыкамі, рыхтуем падарункі і ставім ёлку, абавязкова сапраўдную, жывую. Які ж Новы год без паху ёлкі і мандарынаў? У Дзеда Мароза таксама хацелася б паверыць, ды на жаль, узрост ужо не той.

Наталля:

— Для мяне навагодні цуд — гэта нешта новае, прыемныя перамены ў жыцці. Кожны год мы ўпрыгожваем сваю кватэру да свята: ставім ёлку, размалёўваем вокны, выразаем сняжынкі. І гэта пры тым, што ў мяне ўжо дарослыя дзеці. Кожны Новы год я загадваю адно запаветнае жаданне, і спадзяюся, яно калі-небудзь спраўдзіцца. Мне хацелася б сустрэць надзейнага спадарожніка жыцця: добрага і клапатлівага. А яшчэ вельмі люблю гуляць па пераднавагоднім горадзе. Гэта так прыгожа, адразу ахінаюць успаміны з дзяцінства. Чамусьці памятаю пах цукерак і яблыкаў. Менавіта яблыкаў, а не мандарынаў. Проста тады ў падарункі клалі яблыкі. Цудоўныя ўспаміны.

Алена:

— Думаю, што кожны чакае на Новы год нейкага цуду. Бо мы ўсе спадзяёмся на лепшае. Свята сустракаем, як належыць: ёлка, упрыгожванні, падарункі і смачныя стравы. Абавязкова загадваю ў навагоднюю ноч жаданні, як жа без гэтага. Спецыяльных рытуалаў не раблю, проста прамаўляю пра сябе. І ведаеце, гэтыя жаданні ажыццяўляюцца.

Таццяна Аляксееўна:

— Што Новы год для мяне? Пастарэем яшчэ на год. Жаданне ў навагоднюю ноч заўсёды загадваю адно: здароўя ўсім сваім родным і блізкім. Наогул мы больш рыхтуемся да Калядаў. Усёй вялікай сям’ёй збіраемся ў мамы, а жыве яна ў Белавежскай пушчы. Мама ў печы гатуе пірагі з макам, яблыкамі ці павідлам. Вядома, на стале заўсёды стаяць «аліўе» і селядзец «пад шубай». І традыцыйна ўсе разам ходзім у госці да Дзеда Мароза ў яго памесце.

Юрый:

— Вяртаючыся з працы ў гэтыя дні, любуюся ўпрыгожаным горадам. А Новы год заўсёды сустракаю дома, сярод сям’і. Кватэру ўпрыгожваем, вядома ж, а на стале прысутнічае галоўная страва гэтага свята — салата «аліўе». Самы галоўны цуд для мяне, пра ажыццяўленне якога мару, каб усе былі здаровыя і не хварэлі. І жаданні ў навагоднюю ноч загадваю. Паколькі я заўзяты рыбак, то часцей за ўсё гучаць яны так: «больш рыбы і добрага ўлову».

Думкамі цікавілася Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік