Пра тое, якім быў для ААТ «Ружаны-Агра» адыходзячы год і якія планы ў сельгаставарыства на 2022-гі, мы пацікавіліся ў дырэктара Андрэя Бурдука.

— Праца на зямлі ніколі лёгкай не бывае. Вось і адыходзячы год не абышоўся для нас без шэрагу выпрабаванняў. З некаторымі мы справіліся лепш, з іншымі горш. Але ў цэлым змаглі за год выйсці на новы ўзровень, памножыць свае папярэднія здабыткі і дасягненні.
Самае галоўнае, што здзейсніць усё задуманае атрымалася дзякуючы сумеснай працы. Усе задачы, якія напачатку года здаваліся складанымі, сталі дасягальнымі, калі вырашалі іх агулам. Гэта пацвярджае сёлетняя статыстыка дзейнасці нашай гаспадаркі.
У чарговы раз па многіх пазіцыях мы захавалі сваё лідарства на раённым узроўні. У адыходзячым годзе, які не адрозніваўся спрыяльным надвор’ем, ружанскія палеткі ўсё-такі парадавалі неблагім ураджаем. Мы сабралі 25719 тон збожжавых пры ўраджайнасці 37,3 цэнтнераў з гектара.

На здымку: начальнік МТК Вольга Паляшук, заатэхнік-селекцыянер Вольга Клімовіч, ветфельчар Дар’я Левянкова, тэхнік па штучным асемяненні Таццяна Сапун.
Для забеспячэння зімоўкі статка нарыхтавалі на ўмоўную галаву жывелы 35,9 ц к.а. Пагалоўе ААТ «Ружаны-Агра» склала амаль 19 тысяч кароў, а свіней – больш за 21 тысячу. На перапрацоўку адпраўлена 6913 тон мяса БРЖ i свінiны.

Разам з гэтым мы атрымалі рэкордны аб’ём малака — 44877 тон, сутачны надой ад адной каровы склаў 18,9 кілаграмаў, а гадавы паказчык наблізіўся да 49 тысяч тон. Выручка ад рэалiзацыi тавараў, работ i паслуг склала амаль 69 мільёнаў рублеў. Рэнтабельнасць дасягнула 61,4%.
Здаецца, называю лічбы, якія наўрад ці зацікавяць даярку або трактарыста. Аднак за імі хаваецца наш дабрабыт. Гэта нібыта падмурак у будынка, на якім можна ўзвесці і двухпавярховы катэдж, і шалаш, у залежнасці ад таго, на што хопіць грошай. Магчыма, на палацы мы яшчэ не зарабілі, але ўтульным жыллём забяспечваем усіх сваіх работнікаў. А яшчэ тысячы людзей, якія жывуць у вёсках, раскіданых па землях ААТ «Ружаны-Агра».

На здымку: начальнік ўчастка Часлаў Юшкевіч і жывёлаводы Таццяна Радкевіч, Таццяна Герац і Сяргей Герац.
У пацвярджэнне гэтаму прывяду больш «жывыя» лічбы, якія тычацца канкрэтна кожнага работніка нашага акцыянернага таварыства. За год сярэднія заробкі па гаспадарцы выраслі на 10,9 %, як і планавалася. У выніку па зарплаце мы цяпер дастойна выглядаем нават на фоне рэспубліканскай статыстыкі.
Стабільна вырашаем жыллёвыя пытанні і работнікаў, якія жадаюць жыць у пасёлку, і тых, хто селіцца ў навакольных вёсках. Будуем свае сядзібы. Падобныя планы ёсць і на наступны год.

На здымку: інжынер-тэхнолаг Мікалай Канановіч і загадчык адміністрацыйна-бытавога комплексу «Калазубы» Алена Пятрашка.
Побач з гэтым мы імкнёмся стварыць усе ўмовы для прафесійнага росту. Пры падтрымцы гаспадаркі зараз вышэйшую адукацыю атрымлівае 9 работнікаў. Дарэчы, можна сказаць, што кадры мы пачынаем расціць літаральна з нараджэння: для работнікаў прадугледжаны выплаты на нараджэнне дзіцяці. Сёлета з заробленага намі адпаведную матэрыяльную падтрымку атрымала 17 чалавек. Падобныя выплаты робяцца на вяселлі, юбілейныя даты і іншыя прыемныя жыццёвыя моманты. Безумоўна, не пакідаем людзей і тады, калі здараецца няшчасце.
Не буду параўноўваць, магчыма, недзе ёсць і лепшыя ўмовы для жыцця і працы. Але ж… наша практыка сведчыць пра іншае. Да нас ахвотна ідуць людзі, і не толькі сямейныя, але і моладзь, якія заўсёды адзначаліся «лёгкасцю на пад’ём». Сёлета ў таварыства прыбыла на працу пяць выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Дзякуючы гэтаму мы стабільна амалоджваем калектыў.
А яшчэ людзей да нас прыцягваюць перспектывы, якія адразу бачны, калі праехацца па вытворчых аб’ектах акцыянернага таварыства.

Мяркуем, што наступны год будзе суправаджацца не меншымі справамі. Хутка пасля рэканструкцыі адкрыецца сталоўка ў пасёлку, заканчваем аднаўленне рамонтных майстэрняў у Варанілавічах і прыступаем да падобнага аб’екта ў Калазубах. Рамонты закрануць жыллёвы фонд, жывёлагадоўчыя комплексы. У планах і будаўніцтва ўласнай лазні з саунай.

Усе нашы аб’екты рэспектабельна выглядаюць не толькі знешне, прывабліваюць яны і сучасным аснашчэннем. У бягучым годзе толькі ў набыццё тэхнікі інвеставана каля сямі мільёнаў рублёў. Заробленае з намерам атрымаць больш таксама будзем укладваць у мадэрнізацыю пагалоўя жывёлы з паляпшэннем генафонду.
Відавочна, што такія планы можа будаваць і рэалізоўваць толькі трывалае прадпрыемства, развіццё якога бачна на дзясятак гадоў наперад.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік