Четверг, 11 августа 2022

На арэне — першаклашкі! У Лядовым палацы рэалізуюць праект «Хакей ідзе да дзяцей»

2 378

Праект «Хакей ідзе да дзяцей», арганізаваны Федэрацыяй хакея ў малых гарадах: Лунінцы, Івацэвічах і Пружанах, — стартаваў некалькі месяцаў таму. І вось сёння можна ўжо ўбачыць самыя першыя вынікі.

Маленькімі, далікатнымі, але вельмі энергічнымі глядзеліся на лядовым полі першаклашкі. Падалі, здавалася, кожную хвіліну, але хутка падымаліся, зноў і зноў змагаліся з непаслухмянымі нагамі ў каньках. Назірала я за трэніроўкай са здзіўленнем, было заўважна, наколькі трэнеры захопленыя заняткамі з дзецьмі. І з боку здавалася, што так весела і проста: слізгаць па лёдзе на каньках.

Алег Сапагоў, выкладчык дапрызыўнай падрыхтоўкі ў пружанскай сярэдняй школе №1 імя ЧБВА, які прывёз дзяцей на трэніроўку, заўважыў: «Дзецям гэта падабаецца, з задавальненнем едуць трэніравацца. Хто ведае, можа, хто з іх пойдзе далей: у канькабежны спорт, хакей ці фігурнае катанне. Пабачым. Але праект цудоўны».

Што галоўнае ў рабоце з дзецьмі? Вядома ж, зацікавіць іх. Вось успомніце сябе маленькімі: калі настаўнік ці трэнер суха выкладае тэорыю, то ўся цікавасць да прадмета знікае. А калі вочы педагога гараць, калі ён можа ўлавіць найменшыя змены ў настроі дзіцяці, калі ён гатовы вучыцца разам са сваімі вучнямі, тады дзецям сапраўды пашанцавала.

Менавіта такім, педагогам на сваім месцы, я ўбачыла маладога трэнера Аляксандра Кудраўцава, які спецыяльна быў запрошаны ў гэты праект у наш горад з Наваполацка.

— Аляксандр, чаму Вас зацікавіў гэты праект?
—Калі мне патэлефанавалі з Федэрацыі хакея і расказалі пра сутнасць працы, я пагадзіўся, не разважаючы. Мяне адразу зачапіла, што трэба будзе вучыць дзяцей, якія ніколі не стаялі на каньках. Была цікавай сама магчымасць паспрабаваць навучыць з «нуля». Бо калісьці я і сам быў такім пачаткоўцам.

Я з дзяцінства займаюся хакеем, будаваў прафесійную кар’еру каля 10 год. А вось трэнерам працую толькі другі год. Зноў пачатковец, можна сказаць. І ўдзел у гэтым праекце для мяне — гэта магчымасць атрымаць вопыт, папрацаваць з маленькімі дзецьмі, паказаць ім, які выдатны лёд. У гэтым мне дапамагае Аляксей Лістападаў.

— Раскажыце, як праходзяць заняткі?
— Самае галоўнае — гэта зацікавіць дзяцей. Без гэтага ніяк.
У такім узросце любое навучанне лягчэй успрымаецца ў гульнявой форме. Мы не адразу вывелі іх на лёд. Падрыхтоўка пачыналася «на зямлі». Дзеці апраналі шлемы, накаленнікі і налакотнікі, канькі і проста вучыліся стаяць і, як гэта ні дзіўна гучыць, падаць. Так, спачатку яны падалі на гуму, каб адчуць, што гэта не балюча і не страшна. На лёдзе спрабавалі спачатку катацца са спецыяльнымі стойкамі. Бачыце, які на сёння ўжо прагрэс? А працуем усяго другі месяц.

Галоўнае на пачатковым этапе — дзеці павінны адчуць свае ногі ў каньках, гэта ж не звычайны абутак, трэба прывыкнуць. Мы вучым правільна групавацца пры падзенні, устойлівасці і каардынацыі. Для гэтага робяцца спецыяльныя практыкаванні. Ну, і гуляем у розныя гульні. Так цікавей.

— Што для Вас праца менавіта з дзецьмі?
— Яна мне падабаецца, гэта заўсёды непрадказальна. Кожны дзень, як новы, ніколі не ведаеш, што чакаць ад наступнай трэніроўкі. Дзеці такія радасныя, наіўныя, шчыра адкрытыя ўсяму нязведанаму. Тут ужо адчуваеш і пэўную адказнасць: зараз менавіта я вучу іх гэтаму новаму і трэба зрабіць усё правільна, не нашкодзіць.

Ды і сам развіваешся побач з малымі. Думаеш, як у пэўнай сітуацыі падысці да кожнага, як падтрымаць дысцыпліну, як зрабіць, каб не страцілі цікавасці.

Вельмі хочацца, каб як мага больш хлопчыкаў і нават дзяўчынак стала займацца, бо гэта карысна, у першую чаргу, для здароўя. Падчас заняткаў на лёдзе працуе дыхальная сістэма, дзеці гартуюцца. Ды гэта і ёсць дзве асноўныя задачы праекта: паставіць дзяцей на канькі і аздаравіць.

— Як Вам наш горад?
— У Пружанах мне падабаецца. Маленькае, утульнае мястэчка. Але, сапраўды сказаць, я мала што заўважаю вакол, увесь у працы. І атрымліваю ад яе велізарнае задавальненне. Мы ж яшчэ праводзім заняткі ў школах і ў старэйшых групах дзіцячых садкоў. Рыхтуем, так сказаць, будучых першаклашак да выхаду на лёд. А са школьнікамі гуляем у хакей з мячом.

Спадзяюся, праект будзе развівацца далей. І малыя, якія сёння яшчэ няўпэўнена нават стаяць на каньках, змогуць у будучыні дасягнуць пэўных вышынь у спорце ці проста будуць з задавальненнем бавіць час на лёдзе.


А па суботах у Лядовым палацы — бацькоўскі дзень. Дзеці прыходзяць на паказальныя трэніроўкі разам з бацькамі, каб тыя маглі ўбачыць дасягнуты прагрэс. І палюбавацца сваімі малымі, якія, як сняжынкі, кружацца па лёдзе. Падаюць, устаюць і зноў кружацца.

Як верна зазначыў трэнер, кагосьці праект прывядзе ў вялікі спорт, нехта ж проста будзе катацца на каньках для ўласнага задавальнення. І тое, і іншае будзе выдатным вынікам праекта.

Ведаеце, прызнаюся, ніколі нават і блізка не падыходзіла да канькоў. Проста баялася. Але ўбачыўшы, як дзеткі смела асвойваюць лёд, задумалася: можа, настаў час і мне паспрабаваць?

Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік