Среда, 10 августа 2022

У Велікасельскім сельсавеце чысціню і парадак імкнуцца зрабіць сапраўднай візітнай карткай

881

Старшыня Велікасельскага сельвыканкама Таццяна Навіцкая ўпэўнена, што па знешнім выглядзе населеных пунктаў вызначаецца ўзровень жыцця, культуры і побыту насельніцтва. Таму чысціню і парадак тут імкнуцца зрабіць сапраўднай візітнай карткай.

Старшыня Велікасельскага сельвыканкама Таццяна Навіцкая.

Асабліва актуальным становіцца гэта ў Год народнага адзінства, які падыходзіць да завяршэння. Мяркуючы па выніках, работа па добраўпарадкаванні наладжана на высокім узроўні. Пацверджанне таму – нядаўняя перамога ў раённым аглядзе-конкурсе санітарнага стану і добраўпарадкавання сярод сельскіх населеных пунктаў.

Таццяна Мікалаеўна падкрэслівае, што асноўнымі рухавікамі ў гэтай рабоце з’яўляюцца ААТ «Велікасельскае Агра», кіраўнікі арганізацый, старасты, дэпутаты. Неабходнасць падтрымання тэрыторыі сельсавета ў парадку разумеюць і жыхары. Напрыклад, сёлета насельніцтвам Вялікага Сяла, Юхнавічаў і Ялова было сабрана 965 рублёў на ўстаноўку агароджы на могілках у Ялове. Бетонныя слупкі ўжо закуплены. Мяркуецца, што работы вясной наступнага года правядзе «Камунальнік». А ў Вялікім Сяле і Стараволі летась адрамантаваны помнікі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Работы па наданні годнага выгляду памятным знакам, па словах Таццяны Навіцкай, ахопяць іншыя населеныя пункты.

Штогод даводзіцца план па зносе пустых і трухлявых дамоў у населеных пунктаў сельсавета, зараз на тэрыторыі адміністратыўнай адзінкі іх 145. Сёлета ўсе 12 з запланаваных знесены. Плюс выдалена 56 аварыйных дрэў.

— Адна з важнейшых задач нашай работы – каб вёскі выглядалі годна. Будзе гэта толькі тады, калі мы пазбавімся ад пустых дамоў, зараснікаў і ўсе разам станем наводзіць парадак, — кажа Таццяна Мікалаеўна.

Зараз сельсавет рыхтуецца да навагодніх свят. Якраз калі мы развітваліся са старшынёй сельвыканкама, работнікі ААТ «Велікасельскае Агра» ўпрыгожвалі ёлачку. Яна размясцілася каля адміністратыўнага будынка прадпрыемства, у якім знаходзіцца і сам сельвыканкам. Журналістаў запрасілі пабываць тут увечары. Кажуць, што вельмі прыгожа. А Таццяна Навіцкая жадае ўсім жыхарам Вялікага Сяла і ваколіц у новым годзе моцнага здароўя, дабрабыту, удачы, чысціні вакол сябе і ладу ў сем’ях.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік