Вторник, 25 сентября 2018

Построить гараж пружанцы могут только на улице Костякова

1 583

Адыходзячая зіма прымусіла задумацца над сваімі пралікамі не толькі камунальныя службы. Моцныя маразы, як паказала змяншэнне патоку машын на дарогах, стварылі праблемы і для аўтааматараў. І не толькі з-за таго, што некаторым не хапіла саляркі маркі «арктыка». Шэраг «жалезных коней» з бензінавым рухавіком таксама не заводзілася, бо начавалі ў двары дамоў. З-за чаго некаторыя ўладальнікі не змаглі нават адчыніць дзверкі, не гаворачы пра запуск старцера. У выйгрышы былі тыя, хто мае свой гараж, няхай і без ацяплення, які ўсё-такі перашкаджае ападкам і трымае пастаянную тэмпературу ў памяшканні.

Да думкі займець свой гараж падводзіць і крымінальная статыстыка. У раёне летась зарэгістравана павелічэнне колькасці крадзяжоў з аўтамабіляў і ўгонаў машын у чатыры разы! Практычна кожнае абрабаванае аўто начавала ў двары дома. Ці не таму назіраецца рост попыту на паслугі па добраахвотным страхаванні аўтамабіляў?

На жаль, сёння не так лёгка рэалізаваць жаданне мець свой гараж. Калі новы мікрараён прадугледжвае наяўнасць неабходнай колькасці стаяначных месц у дварах дамоў, дык не разлічаны на стварэнне там гаражнага кааператыву. Як гаворыць начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама А.В.Бушук, сёння пабудаваць гараж можна толькі па вуліцы Касцякова.

Пры гэтым Аляксандр Вячаслававіч зазначае, што сённяшнія праблемы з недахопам месца для будаўніцтва гаражоў часткова штучныя.

— Гаражная забудова па вуліцы Макаранкі, згодна з патрабаваннямі дзеючага заканадаўства, павінна быць аформлена правільна. У тым ліку і з аплатай патрэбных падаткаў. Пакуль уладальнікі «байкатуюць» нашы патрабаванні, але сёлета мяркуем давесці справу да лагічнага фіналу. Ужо сёння можа з упэўненасцю сказаць, што шэраг уладальнікаў выкарыстоўвае свае гаражы, як хлявы, хаця яны могуць быць запатрабаваны тымі, хто вымушаны пакідаць машыны ў дварах дамоў.

Дык як жа сёння займець гараж, каб і ўзімку мець магчымасць дабірацца да работы з камфортам і пазбавіцца неўрозаў ад пастаяннага нагляду за машынай у двары?

У якасці варыянту можна паспрабаваць «прайсціся» па старонцы аб’яў «Раённых будняў» і паглядзець, дзе і якія гаражы прадаюцца. Але прапаноў не вельмі многа. Можа, канешне, пашанцуе, і вы набудзеце неабходнае памяшканне або месца на Заводскай ці Кастрычніцкай, аднак гэта, хутчэй, адзінкавыя выпадкі. Як варыянт, Аляксандр Вячаслававіч прапануе пагаварыць са старшынямі вышэйназваных гаражных кааператываў, якія вам параяць, з кім заводзіць такія размовы.

І ўсё ж, самы стабільны  адзіны варыянт — вуліца Касцякова.

— Сёння там можна лёгка атрымаць участак пад будаўніцтва,— гаворыць начальнік аддзела.— Чаргі, можна сказаць, няма. Дастаткова звярнуцца ў наш аддзел і атрымаць неабходны дазвол. Тут жа можна даведацца і пра патрэбныя для гэтага дакументы.

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *