Суббота, 13 августа 2022

Паглядзіце, як упрыгожаны да Новага года вокны школ і цэнтра творчасці ў Пружанах

983

Усе школы горада Пружаны ўжо гатовы сустрэць 2022 год, сімвалам якога з’яўляецца тыгр.

Гэтая жывёла сімвалізуе энергію, сілу і талент. Нядзіўна, што яго выява з’явілася на вокнах цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. А вакол размясціліся знаёмыя ўсім казачныя персанажы: Дванаццаць месяцаў, Воўк і Заяц з “Ну, пачакай!”, Дзед Мароз, Снягурка і многія іншыя.

Гімназісты раскрылі “яловую” тэматыку. На вокнах гімназіі з’явіліся навагоднія прыгажуні-ялінкі, пад кудлатымі галінкамі якіх схаваліся падарункі з пажаданнямі. А на вокнах верхніх паверхаў “закруціліся” навагоднія шары.

Вучні сярэдняй школы №1 імя ЧБВА ў вокнах “пабудавалі” чароўны горад і абсыпалі яго зверху вялікімі ажурнымі сняжынкамі. А ў СШ №3 “вырас” казачны лес. Над ім — віншаванне для ўсіх, хто праходзіць міма: “З Новым 2022 годам!” Усю гэтую прыгожую казку ажыўляюць утульныя хаткі і пухнаты сняжок.

Навагоднім віншаваннем сустракае сваіх вучняў і СШ № 4, у акенцах якой на яловых “лапках” красуюцца навагоднія цацкі.

Каляднай тэматыцы аддалі перавагу вучні СШ №5, якія будуць сустракаць Новы год з анёлікамі і ў святле Віфлеемскай зоркі…

Вокны ўпрыгожаны, прахожыя, гледзячы на прыгажосць у іх, усміхаюцца, а вучні з настаўнікамі з нецярпеннем чакаюць навагодніх цудаў.

Ганна Анісімава, навучэнка ЦТДМ. Фота Кацярыны Масік