Четверг, 28 марта 2024

Маючы адбыцца рэферэндум і плануемыя змены ў Канстытуцыі абмеркавалі падчас чарговай дыялогавай пляцоўкі

787

У наступным годзе нашу краіну чакае важная палітычная падзея – рэферэндум па прыняцці новай рэдакцыі Канстытуцыі. У аддзеле ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама разумеюць, што ўключыцца ў яго павінна як мага больш жыхароў раёна. Менавіта таму на мінулым тыдні ў аграрна-тэхнічным каледжы правялі чарговую дыялогавую пляцоўку, падчас якой і гаварылі пра змены ў Асноўным Законе краіны.

Аляксандр Бабігорац уручае падзяку Марыне Дудко.

Пачаць мерапрыемства вырашылі з прыемных для каледжа навін. Першы сакратар раённага аб’яднання ГА «БРСМ» Аляксандр Бабігорац уручыў загадчыцы аддзялення «Аграномія», кіраўніку штаба працоўных спраў Марыне Дудко падзяку за папулярызацыю студатрадаўскага руху і арганізацыю дзейнасці студэнцкіх атрадаў. А пахваліцца каледжу сапраўды ёсць чым. Навучэнцы ўстановы працавалі ў складзе сельгасатрадаў у ААТ «Жураўлінае», «Ружаны-Агра» і іншых гаспадарках. Усяго ж летам, расказала спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Юлія Пасько, у студатрадах было задзейнічана 209 маладых жыхароў раёна. Разам з ужо традыцыйнымі месцамі працаўладкавання, у ліку якіх лясгас, доследная станцыя, аздараўленчыя лагеры, студатрадаўцы работалі на атамнай станцыі ў Астраўцы.

Як адзначылі арганізатары дыялогу, праца на зямлі – гэта цудоўна, але не менш важным з’яўляецца клопат пра будучыню краіны. Таму спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Сяргей Дзямідаў, перш за ўсё, заклікаў падлеткаў, якія дасягнулі паўналецця, не ігнараваць маючы адбыцца рэферэндум.

Таксама Сяргей Юр’евіч расказаў пра тое, што для работы над новай рэдакцыяй Канстытуцыі працавала спецыяльна створаная камісія. У яе складзе быў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Камісія разглядала шматлікія прапановы грамадзян і грамадскіх аб’яднанняў, старалася ўлічыць усе нюансы. Затым над Законам працавалі прафесійныя юрысты. Сяргей Дзямідаў падкрэсліў, што перад тым, як ісці на рэферэндум, неабходна будзе азнаёміцца з праектам новай рэдакцыі Канстытуцыі, які хутка апублікуюць.

З цікавасцю выслухалі маладыя людзі інфармацыю пра гісторыю рэферэндумаў у нашай краіне. У завяршэнне арганізатары пляцоўкі заклікалі аўдыторыю думаць пра будучыню краіны, і сваім удзелам у рэферэндуме выразіць неабыякавасць да яе лёсу.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік