Вторник, 19 марта 2024

У чаканні Віфлеемскай зоркі… Прыхаджанка пружанскага касцёла Адэля Чабай расказвае пра свой шлях да Бога і ўспамінае калядныя традыцыі

488

— Вітай, Марыя, ласкі поўная Марыя, Пан з Табою. Блаславёная Ты між жанчын і блаславёны плод улоння твайго… — Адэля Антонаўна Чабай разам з іншымі вернікамі ўслых чытае малітву і ціхенька перабірае пацеркі ружанца.

Адэля Чабай.

У касцёле вельмі холадна, нават студзёна. Але жанчыну сагравае думка пра тое, што сёння ноччу здзейсніцца вялікая падзея. Як і дзве тысячы гадоў таму незвычайна ярка замільгацяць зоркі — і Сусвет прачнецца ад воклічу: нарадзіўся Хрыстос!

Жанчына чакае цудаў… Увечары яна пакладзе на стол сена, засцеле зверху белым абрусам і паставіць дванаццаць (па ліку апосталаў) посных страў.

— Памятаю, як у дзяцінстве ў гэты вечар мы выцягвалі з-пад абруса па сухой травінцы. Калі травінка доўгая была, верылі, што і жыццё будзе такім жа доўгім… Сядалі за стол, калі зорачка ўзыходзіла, праламлялі аплаткі, маліліся, прасілі ў Бога ўсім здароўя. І такая радасць панавала ў хаце: мы, дзеці, ведалі, што пад ялінкай схаваны падарункі, якія нам матуля, цёткі і бабуля з дзядулем падрыхтавалі. Разам калядныя песні спявалі. Елі куццю з макам. Мама яе ў мялачцы глінянай прыносіла і ўздымала над галавой: каб лён высокі рос, каб збожжа ўрадзіла, каб усе людочкі здаровымі былі. А ў гэты самы час з клеці даносіўся часночны водар каўбас, сальцісонаў, шклёндры, якія чакалі свайго часу: мяса і здобу елі толькі 25 снежня, на само свята, — у падрабязнасцях успамінае калядны вечар верніца, з якой мы пагаварылі адразу пасля імшы.

Дзяцінства Адэлі прайшло ў Стараволі і было яно нялёгкім. Ёй было два гадкі, калі памёр тата.

— Маме давялося самой гадаваць нас з брацікам. Жылі ў беднай хатцы, але ж не галадалі. Мама працавала ў калгасе, спачатку свінаркай, а потым паляводам, паспявала і сваю ўласную гаспадарку ўпраўляць, і дзяцей гадаваць. Да таго ж, бабуля з дзядулем і цёткі дапамагалі. Вось яны мяне і прывялі ў храм, — распавядае жанчына.

Але дарога да храму, у літаральным сэнсе, была вельмі далёкай, кіламетраў пяцьдзесят: касцёлы меліся ў в.Пелішча Камянецкага раёна (там, дарэчы, у чатыры гадкі Адэлю і хрысцілі), а таксама ў Ружанах. Касцёлы ў Пружанах і Шарашэве да таго часу ўжо былі зачынены.

Пружанскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

— Пружанскі пераўтварылі ў Дом культуры, а ў шарашоўскім зладзілі склад, але вернікі збіраліся каля касцёла і маліліся на яго прыступках… Часта па выхадных мы з роднымі ездзілі і ў Ружаны, дзе доўгі час служыў вядомы ксёндз Міхаіл Варанецкі. Памятаю, як ён нас хаваў, калі з праверкамі прыходзілі «асобыя» людзі…

У будні, бывала, Адэля разам з мамай хадзіла на вячэрнюю малітву да далёкіх сваякоў па бацькавай лініі, Велікасельцаў.

— Адзін з іх, Казімір, нават стаў біскупам, вы пра яго ў «раёнцы» пісалі. Мы тады маліліся па-польску, таму што святых кніг ні на рускай, ні на беларускай мовах у нас не было і купіць не было дзе. Але затое як пайшла ў школу, то мне вельмі лёгка давалася нямецкая мова: літаркі ж лацініцы падобныя, — успамінае жанчына.

Калі яна вучылася ў чацвёртым класе Старавольскай школы, у сям’і здарылася няшчасце. Яе маці да таго часу ўжо пайшла з калгаса і працавала на будоўлі. Аднойчы падчас работ на пясчаным кар’еры здарыўся абвал…

— Пералом пазваночніка і інваліднасць… Толькі Хрыстос у тыя дні выратаваў нас ад роспачы. Мінуў час, мама адужэла – і яе, вядомую на ўсю акругу каравайніцу і кухарку, запрасілі працаваць поварам у дзіцячы садок № 4, які тады размяшчаўся насупраць стаматалогіі. А цётка там працавала нянечкай.

Жыццё, прасякнутае малітвай, ішло сваім чарадом.

Адэля пасля заканчэння школы паступіла ў пружанскі сельскагаспадарчы тэхнікум, атрымала спецыяльнасць тэхніка-электрыка і нават атрымала вадзіцельскае пасведчанне. А потым выйшла замуж.

— Бог даў мне вельмі добрага мужа, — прызнаецца Адэля Чабай. — Ён дапамог мне нарэшце акрыяць пасля няшчасця, якое здарылася з мамай, і па-іншаму паглядзець на жыццё і веру. Мой Аляксей Аляксеевіч — праваслаўны, але ніколі не папракнуў мяне ў тым, што я малюся крыху інакш. Як сказала перад вяселлем мая мудрая свякроў: Бог у нас адзін — і дзяліць Яго няма чаго.

У сям’і Чабай, якая 29 студзеня будзе адзначаць залатое вяселле, ніколі і не дзялілі.

— Разам са свякроўю мы адзначалі праваслаўныя святы, а на каталіцкія збіралі сваякоў у сябе. І ўсе разам — каталікі і праваслаўныя — радаваліся, калі 30 гадоў таму, пасля доўгага перыяду запусцення, пружанскі касцёл нарэшце вярнулі вернікам. 8 снежня 1991 года ў ім была здзейснена першая імша… У такім хрысціянскім духу любові і павагі імкнемся выхоўваць сваіх нашчадкаў, – кажа жанчына, якой Бог даў дзевяць унукаў і ўжо адну праўнучку.

Старэйшая дачка Адэлі Антонаўны жыве ў Баранавічах, ходзіць у касцёл. Сын ажаніўся з праваслаўнай дзяўчынай. А малодшая дачка выйшла замуж за пратэстанта.

— Вось такая ў нас шматканфесійная, але вельмі дружная сям’я. Ходзім у розныя храмы, але верым у аднаго Хрыста. І разам чакаем Яго Нараджэння… Дарагія людзі, давайце не будзем нічога дзяліць! Я жадаю, каб Гасподзь усім паслаў здароўе, радасць і шчасце. Каб больш ніколі на зямлі не было вайны, каб у дамах панавалі толькі мір і Божая ласка!

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік