Понедельник, 17 января 2022

Валанцёры СШ №5 г. Пружаны запрашаюць далучыцца да акцыі «Цуды на Каляды»

365

Распачалася чарада цудоўных зімовых святаў, а разам з ёю і традыцыйная дабрачынная акцыя “Цуды на Каляды” ад рэспубліканскіх саюза моладзі і піянерскай арганізацыі.

У чарговы раз да дабрачыннага праекта далучыліся школьнікі і валанцёры атрада “Ад сэрца да сэрца”, а таксама цімураўскага атрада “Радасць” сярэдняй школы №5.

Педагог-арганізатар установы і лепшы ў рэспубліцы валанцёр-лідар Чырвонага Крыжа Наталля Бармута па традыцыі размясціла на сваёй старонцы ў Інстаграм прыкладны пералік рэчаў для дзяцей, на якіх у першую чаргу накіравана акцыя.

Патрэбны:
-сродкі асабістай гігіены, новыя шкарпэткі і калготкі для дзяцей розных узростаў;
-наборы для творчасці, развіваючыя цацкі, пазлы і настольныя гульні;
-размалёўкі, канцылярскія і школьныя прыналежнасці, кнігі (новыя ці ў ідэальным стане);
-цацкі з пластмасы і палімерных матэрыялаў;
-падпіска на дзіцячыя і маладзёжныя друкаваныя выданні;
-сувеніры з магазіна ці зробленыя сваімі рукамі, прысмакі і інш.

Былыя ва ўжыванні рэчы і цацкі не прымаюцца!

— Жадаеце зноў адчуць дзіўны дух Ражства, стаць сапраўднымі чараўнікамі і навучыцца ствараць цуды сваімі рукамі? Усё проста, — сцвярджае валанцёр. — Разам з класам, сваёй сям’ёй або калегамі па працы збярыце падарунак для дзяцей з асаблівасцямі, выхаванцаў сацыяльнага прытулку, сем’яў, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Перадайце ў нашу школу (кабінет 47а), дзе галоўныя памочнікі Дзядулі Мароза, нашы валанцёры, перададуць іх адрасатам. Памятайце, цуды здараюцца. Асабліва з тымі, хто сам гатовы дарыць цуд іншаму! Добрыя гісторыі з папярэдніх акцый вы можаце ўбачыць па хэштегу #Чудеса5. А пра ўсе падрабязнасці даведацца па тэлефоне: +375(29)206-20-08.

Такім чынам, у кожнага ёсць выдатная магчымасць зрабіць гэты свет больш утульным для тых, хто ў гэтым асабліва мае патрэбу. Далучайцеся, сябры! Разам зробім гэты свет дабрэйшым!

Алеся Смайлік