Понедельник, 17 января 2022

Прапануем чытачам зрабіць сваімі рукамі сімвал Нараджэння Хрыстовага і адзінства хрысціян — вянок Адвэнту

697

Уноч перад Ражством усім хочацца чагосьці незвычайнага. У казачную атмасферу чакання каляднага цуду каталікам дапамагае акунуцца калядны вянок. А чаму б усім хрысціянам, незалежна ад канфесіі, не зрабіць да свята гэты прыгожы атрыбут?

Звычайна вянок робіцца з яловых галінак, якія змацоўваюцца дротам у круг. На вянку ўстанаўліваюцца чатыры свечкі, кожная з якіх мае свой сімвалічны духоўны сэнс.

“Свечка прарока” (свечка надзеі) сімвалізуе прарокаў, якія прадказалі прышэсце Месіі. “Свечка Віфлеемская” (свечка свету) – гэта памяць аб месцы, дзе нарадзіўся Хрыстос. “Свечка пастухоў” (свечка радасці) нагадвае аб пастухах, якія ўпершыню ўбачылі Ісуса і паведамілі свету радасную вестку. А “Свечка анёлаў” (свечка любові) сімвалізуе анёлаў, якія абвясцілі пастухам аб нараджэнні Іісуса.

Свечкі запальваюцца паступова, у першую нядзелю Адвэнту — адна, у другую —дзве і гэтак далей. Прыбаўленне святла сімвалізуе радаснае чаканне з’яўлення Хрыста.

Сам вянок сімвалізуе адзінства і вечнасць, а таксама перамогу Хрыста над злом і смерцю. Зялёныя лапкі адлюстроўваюць вечнае жыццё і нагадваюць аб уваходжанні Ісуса Хрыста ў Іерусалім, калі Яго сустракалі з пальмавымі галінамі.

Вянок Адвэнту — гэта сімвал адзінства хрысціян, якія з нецярпеннем чакаюць нараджэння Бога. Што замінае кожнаму з нас далучыцца да гэтага чакання?

Падрыхтавала Алена Зялевіч