Среда, 10 августа 2022

Святло надзеі — Віфлеемскі агонь — можна ўбачыць у касцёлах раёна

417

За тыдзень да Божага Нараджэння ў касцёлах раёна адбылася вельмі радасная і прыгожая падзея. У Пружаны, Ружаны і Шарашэва быў дастаўлены Віфлеемскі агонь.

Дакрануцца да святла Віфлеема – горада, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос, каталікі раёна могуць ужо не першы год. Сёлета такая магчымасць з’явілася дзякуючы юным скаўтам з касцёла Святога Міхаіла Архангела ў г.п. Івянец Мінскай вобласці.

Акцыя па перадачы агню ў гэтым годзе праходзіць пад дэвізам «Святло надзеі». Каб даставіць гэтае святло ў касцёлы Слоніма, Ружан, Пружан, Шарашэва, Бярозы і Івацэвічаў, маленькія каталікі Ягор Дубіцкі, Антон Лабун і Іван Пятруцік (на здымку) пачалі свой шлях у чатыры гадзіны раніцы!

Акрамя лампады з Віфлеемскім агнём, хлопчыкі вязуць з сабой сцяг «ваўчанят» — так называюць самых маленькіх скаўтаў. Аказалася, што гэтая місія не першая для ўсіх трох вернікаў. Летась разам з бацькамі яны пераадолелі каля 1200 км па Беларусі, сёлета – каля 700 км.

У касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах скаўты прыбылі акурат да пачатку святой імшы, падчас якой адбываецца працэсія з запаленымі свечкамі. Яны сталі ўдзельнікамі набажэнства, а затым перадалі агонь вернікам.

Ад віфлеемскага агню, які лічыцца сімвалам Нараджэння Хрыста, многія прыхаджане імкнуцца запаліць свае свечкі, каб занесці святло дадому і такім чынам асвяціць месца пражывання.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара