Среда, 10 августа 2022

Стаў родным ільнозавод. Майстар па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання Аляксандр Ляўчук амаль 40 гадоў працуе на прадпрыемстве

1 316

Цяжка не пагадзіцца, што добрае імя любому прадпрыемству ствараюць людзі. Дакладней, іх шчырае жаданне працаваць, спаўна аддаючыся любімай справе.

За амаль паўвекавую гісторыю ААТ «Пружанскі льнозавод» стаў родным для многіх пружанцаў. Пра былых работнікаў тут не забываюцца. Больш за тое, у планах – стварэнне кнігі працоўнай славы. Па словах дырэктара Мікалая Жогала, першую яе старонку можна смела аддаць майстру па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання Аляксандру Леўчуку.

Ушанаванне гэтага заслужанага работніка, сапраўднага аса сваёй справы, адбылося на прадпрыемстве ў мінулы аўторак. Справа ў тым, што днём раней Аляксандр Яўгенавіч дасягнуў пенсіённага ўзросту. На заслужаны адпачынак электрыка пакуль не адпускаюць: накоплены амаль за чатыры дзясяткі гадоў працы вопыт дарагога варты. Таму і ганаровая грамата раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, адданасць абранай справе, душэўную шчодрасць, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і бездакорную работу на карысць прадпрыемства – цалкам заслужаная.

На сваё першае месца працы – Пружанскі льнозавод – Аляксандр Яўгенавіч трапіў адразу пасля заканчэння саўгаса-тэхнікума ў 1978 годзе. Працоўны шлях пачынаў як электрык-рамонтнік, але ў такім статусе працаваў крыху менш за год, да службы ў войску. Гэты час успамінае з асаблівай ноткай настальгіі. Расказвае, што служылі тады два гады. Першыя сем месяцаў салдата прайшлі ў горадзе Баграціёнаўску, што ў Калінінградскай вобласці. Затым яго накіравалі ва Улан-Удэ. Прафесійныя веды спатрэбіліся і ў войску, узгадвае Аляксандр Яўгенавіч.

Пасля тэрміновай службы вярнуўся на родны завод, які падарыў яму не толькі пуцёўку ў жыццё, але і дапамог сустрэць свой лёс. Марыя Васільеўна прыехала ў Пружаны пасля заканчэння Кастрамскога тэхналагічнага інстытута, працавала майстрам змены. Цяжка паверыць, прызнаецца Аляксандр Яўгенавіч, але ў наступным годзе муж і жонка адзначаць 40-годдзе сумеснага жыцця! Сыны Раман і Андрэй парадавалі бабулю і дзядулю чацвёркай унукаў.

— Не ведаю, як склаўся б мой лёс, калі б ні льнозавод. Праўда, развітваўся я з прадпрыемствам на пэўны час і пасля арміі. У тыя чатыры гады працаваў на аэрадроме ў Засімавічах, спрабаваў сябе і ў электраспецмантажкалоне (СПМК-80). Але ж у 84-м зноў вярнуўся на завод, і ўжо нікуды адсюль не сыходзіў, — кажа Аляксандр Ляўчук.

Сваю цяперашнюю пасаду ён заняў у 1987-м. Адказнасці прыбавілася, але і працаваць стала куды цікавей. Калі раптам здараліся перабоі ў падачы электрычнасці, на работу даводзілася прыязджаць нават глыбокай ноччу. А ўвогуле, сёння на льнозаводзе 7 чалавек, якія адказваюць за спраўнасць электраабсталявання. Паколькі вытворчасць не спыняецца ні на мінуту, у кожнай змене ёсць дзяжурны электрык і слесар.

Па словах Аляксандра Яўгенавіча, льнозавод 80-ых гадоў мінулага стагоддзя і 20-х гэтага – два розныя прадпрыемствы. І гэтае паступовае ўдасканаленне ён бачыў на свае вочы. Памятае з’яўленне цэху нятканых матэрыялаў, закупку сучаснага абсталявання, візіты прадстаўнічых дэлегацый… І, вядома, ганарыцца тым, што яго жыццё было звязана з флагманам льнаводчай галіны краіны.

А на самім прадпрыемстве ганарацца Аляксандрам Леўчуком. Калегі называюць яго прафесіяналам, многія лічаць настаўнікам. Напрыклад, начальнік вытворчасці Аляксандр Пакала, які ў адсутнасць майстра выконвае яго абавязкі.

Аляксандр Яўгенавіч на гэты конт кажа толькі адно: абраную справу неабходна любіць, нават калі нешта не ўдаецца, а яшчэ ніколі не трэба баяцца звяртацца па парады да старэйшых калег, а разам з тым, пераймаць іх вопыт і веды, каб пазіцыі прадпрыемства і надалей заставаліся трывалымі.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара