Пятница, 29 марта 2024

Капітальныя рамонты падстанцый, павелічэнне колькасці абанентаў і ўкараненне Канцэпцыі «нулявога траўматызму». Дырэктар філіяла «Пружанскія электрычныя сеткі» Аляксандр Усік расказаў, чым сёння займаюцца ў арганізацыі

1 319

Работа па мадэрнізацыі і развіцці філіяла «Пружанскія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга» — аснова паспяховага рашэння задачы па надзейным электразабеспячэнні спажыўцоў, якую вырашае калектыў прадпрыемства пад кіраўніцтвам Аляксандра Усіка.

Пружанская энергасістэма па праву лічыцца адной з самых складаных у вобласці ў плане захавання бесперабойных паставак электраэнергіі. Гэта звязана і з тым, што больш за 100 кіламетраў сетак праходзяць па лясных масівах, і з улікам плошчы самога рэгіёна, а таксама насычанасці буйнымі вытворчымі аб’ектамі сельгаспрадпрыемстваў. Таму ў энергетыкаў ПЭС, якія працуюць у Пружанах, Шарашэве і Ружанах, задача суперскладаная.

Дзесяць гадоў калектывам філіяла, які цяпер аб’ядноўвае 247 чалавек, кіруе дырэктар Аляксандр Усік. Напярэдадні прафесійнага свята мы пацікавіліся, ці змяніўся за мінулы час яго стыль кіравання, а таксама пагаварылі пра адказныя праекты, якія неабходна рэалізаваць прадпрыемству энергетычнай галіны раёна.

— Асноўныя задачы засталіся тыя жа, — тлумачыць дырэктар. — Гэта надзейнае электразабеспячэнне спажыўцоў, арганізацыя працы без траўматызму і няшчасных выпадкаў, выкананне ўсіх запланаваных паказчыкаў. Стыль кіраўніцтва не змяніўся. Магчыма, стала менш эмоцый. Хаця часам, лічу, эмацыянальна прынятыя рашэнні атрымліваюцца самымі правільнымі. Але перш чым вызначыць планы на доўгатэрміновую перспектыву, важна калегіяльна абгаварыць варыянты, пачуць усе меркаванні. На любую праблему трэба паглядзець пад рознымі вугламі і ўмець рабіць выбар паміж жаданым і разумным.

«Будзе і святло, і цяпло», — запэўніваюць усіх пружанцаў інжынер цеплатэхнічнай групы Вячаслаў Волкаў і майстар ЦЭЦ Віктар Харын.

— Аляксандр Аляксандравіч, якія найбольш актуальныя задачы стаяць перад калектывам філіяла ў цяперашні час?
— Найважнейшая — не спыняцца на зробленым. А мы можам пахваліцца тым, што сёлета атрымалася рэалізаваць. З пачатку бягучага года праведзены капітальны рамонт больш за 23 км ВЛ-35-110кВ і звыш 190 км ВЛ-10-0,4кВ. Рабілі расчыстку прасек на плошчы амаль 90 га. Каб абараніць лініі, высеклі аварыйныя дрэвы на плошчы амаль 40 га. А таксама выкананы капітальны рамонт падстанцыі аг.Сухопаль. Працавалі і на рэканструкцыі, дзякуючы чаму адноўлена больш за 35 кіламетраў сетак.

Трэба асобна спыніцца на рабоце нашых электрастанцый: міні-ГЭС «Паперня» сёлета дала больш за 300 тысяч кілават-гадзін, Пружанская ЦЭЦ — амаль 14 тысяч кВт-г, а ў дадатак і цяпла каля 55 тысяч Гкал.

Кантроль за правіламі спажывання электраэнергіі ажыццяўляе майстар рэйдавай брыгады Аляксандр Тарасевіч.

Каб стварыць належныя ўмовы працы ў бягучым годзе была праведзена сур’ёзная работа па рамонце бытавых і вытворчых памяшканняў. Закранула яна санітарна-бытавыя памяшканні, боксы для аўтатранспарту, будынак Шарашэўскага ўчастка электрасетак. Рэканструяваны і вучэбны палігон філіяла. Вывучыўшы новыя падыходы ў папярэджанні няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, у бягучым годзе філіял далучыўся да міжнароднай кампаніі Vision Zero і ўкараніў Канцэпцыю «нулявога траўматызму», якая накіравана на актыўную прафілактыку вытворчых траўмаў, фарміраванне карпаратыўнай культуры бяспечных паводзін падчас працоўнай дзейнасці, матывацыю і ўцягванне ўсяго персаналу ў забеспячэнне бяспечных умоў і аховы працы.

Маніторынг стану электрасетак праводзіць інжынер групы размеркавальных сетак Віктар Пстыга.

Дзякуючы намаганням службы збыту, штогод павялічваецца колькасць нашых абанентаў. За 2021 год у разлікова-касавым цэнтры было рэалізавана 126 падключэнняў да электрычнай сеткі па заявах грамадзян. Таксама нарошчваюцца аб’ёмы па ўкараненні аўтаматызаванай сістэмы кантролю ўліку электраэнергіі (АСКУЭ) у бытавых спажыўцоў раёна. У Пружанах і па раёне шматтарыфнымі электралічыльнікамі карыстаецца 80% абанентаў. Ужо ў амаль 6 тысяч вядзецца дыстанцыйнае здыманне паказанняў.

На будучае нам неабходна выканаць не менш значныя аб’ёмы, пачынаючы з капітальнага рамонту больш за 160 кіламетраў сетак, расчысткі прасек на плошчы 32 гектары і заканчваючы мадэрнізацыяй падстанцыі в.Аранчыцы. Таксама за 2022 год плануецца рэканструяваць каля 25 км сетак.

Трымае «руку на пульсе» энергасістэмы раёна начальнік групы электрападстанцый Дзмітрый Шэйнюк.

— Таксама актуальная тэма і для спажыўцоў, і для энергетыкаў — электраацяпленне.
— Зрабіць аднамаментны пераход на электраацяпленне для ўсіх жадаючых немагчыма, бо сеткі, абсталяванне з яго характарыстыкамі, амартызацыяй да гэтага не гатовыя. Таму вядзецца іх мадэрнізацыя. Пры складанні перспектыўных планаў улічваюцца звароты грамадзян, жадаючых выкарыстаць электрычную энергію для абагрэву, гарачага водазабеспячэння, гатавання ежы. Аднак ёсць вызначаныя абмежаванні. Напрыклад, па законе электраацяпленне не прадугледжваецца там, дзе ёсць газіфікацыя, на якую таксама былі выдаткаваны дзяржаўныя сродкі.

Усяго ж такой магчымасцю ўжо скарысталася 216 абанентаў, у хуткім часе іх колькасць павялічыцца яшчэ на 85.

Практычным вопытам і адказным стаўленнем да сваіх абавязкаў вызначаецца старшы майстар Пружанскага ўчастка электрасетак Аляксандр Місюля.

— Магчыма, улічваючы спецыфіку работы энергетыкаў, дзе ўсё выразна рэгламентавана, творчай усё ж яе не назавеш?
— Наадварот, у тым і заключаецца творчасць, каб, працуючы па правілах, выконваць задачу ў любых умовах. Трэба ўмець вырашаць праблему па-рознаму. Кожны дзень прыносіць нешта новае, аднолькавых сітуацый не бывае, і без нестандартнага падыходу тут не абысціся. І ў гэтым дапамагае прафесійны досвед. У нас шмат супрацоўнікаў, якія валодаюць такім практычным багажом, сярод якіх адзначу электраманцёра Шарашэўскага ўчастка электрасетак Аляксандра Грынкевіча, галоўнага бухгалтара Дану Бартноўскую, інжынера па капітальным будаўніцтве Андрэя Крупскага, электраманцёра аператыўна-выязной брыгады Аляксандра Кудзельку, кантралёра аддзела збыту Валянціну Паспелаву, майстра Сяргея Галюка, машыніста аўтавышкі Міхаіла Шопіка і яго калегу з Ружанскага ўчастка электрасетак Вячаслава Сароку.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік