Среда, 10 августа 2022

Час падпісацца на «раёнку» яшчэ ёсць! Мікалай Пілюцік з Папялёва расказаў, што больш за ўсё падабаецца яму ў газеце

3 395

Заставайцеся з намі ва ўсе поры года!

Мікалай Пілюцік, в.Папялёва:

— Калісьці мае бацькі, звычайныя сельскія людзі, выпісвалі шмат газет, і заўсёды сярод іх была «раёнка», якая ў той час называлася «Зара камунізму». Вось з дзяцінства газету і чытаю. А сам выпісваю «Раённыя будні» без малога трыццаць гадоў. Безумоўна, газета цяпер іншая і, на мой погляд, значна цікавейшая, чым была раней.

Найбольш падабаюцца гістарычныя нарысы, цікавая рубрыка «Гісторыя з фатаграфіяй», паколькі добра ведаю райцэнтр (вучыўся ў Пружанскім тэхнікуме) і з задавальненнем параўноўваю былое з сучаснасцю.

Між іншым, уважліва чытаю рэкламу, якая ў свой час мне вельмі дапамагла ў куплі машыны. Дзякуючы аб‘яве ў «раёнцы», таксама знайшоў працу для дачкі, якая па заканчэнні юрыдычнага факультэта не ведала, куды падацца.

Увогуле наша газета неблагая. Але хацелася б на яе старонках, асабліва ў «Пушчанскім куфэрку», бачыць больш матэрыялаў пра людзей са спрадвечна пушчанскіх вёсак Чадзеля, Красніка, Дзетаветчыны, Глыбокага Кута, Борак… А то, здаецца, пра гэтыя населеныя пункты і забыліся. Так, падзей тут мала, а разумныя, цікавыя, таленавітыя і працавітыя людзі ёсць.

Нават крыўдна за землякоў: пра Шарашэва пішуць, пра Шчарчова, якое, заўважу, пушчанскім раней і не лічылася, таксама не забываюць. А вось «сэрца» пушчы абмінаеце ўвагай.

Ёсць яшчэ адна заўвага: колькі сябе памятаю, ніколі да Дня работнікаў лесу не пісалі пра працаўнікоў Белавежскай пушчы, толькі пра лясгас. А ў нас жа, на тэрыторыі раёна, размяшчаецца некалькі лясніцтваў, якія адносяцца да Нацыянальнага парку, і працуюць там мясцовыя жыхары. Няўжо яны не заслужылі ўвагі пружанскай газеты?

А ў астатнім усё добра. Жадаю нашай газеце далейшага росквіту і добрых навін!

Меркаваннем цікавілася Алена Зялевіч


Шаноўныя чытачы, нагадваем, што ідзе падпіска на I квартал і І паўгоддзе 2022 года.

Падпісная цана не павялічваецца! Дзейнічае сістэма зніжак для пенсіянераў і шматдзетных сем’яў. Усе расцэнкі тут.