Понедельник, 17 января 2022

Сёння на тэрыторыі Пружанскага лясгаса і ўсіх лясніцтваў раёна адкрываюцца ёлачныя базары. Даведаліся, дзе і па якім кошце можна набыць навагоднюю прыгажуню

928

Сёння ёлачныя базары адкрыюцца на тэрыторыі Пружанскага лясгаса і ўсіх лясніцтваў раёна.

Да навагодніх святаў кожны рыхтуецца загадзя. Нездарма кажуць: як сустрэнеш Новы год, так яго і правядзеш. Магазіны прапануюць ёлачныя цацкі, мішуру і гірлянды. А вось тым, каб гэтае хараство было куды павесіць, зараз заклапочаны ў Пружанскім лясгасе. Работнікі прадпрыемства прыступаюць да масавай нарыхтоўкі зялёных прыгажунь, якія павінны ўпрыгожыць дамы пружанцаў.

Лясгас прапануе ўсім жадаючым набыць не «кітайскую» імітацыю, а сапраўднае дрэўца, якое прынясе ў дом водар прыроды. Таму на ствараемыя ёлачныя базары едуць вырашчаныя на пружанскай зямлі зялёныя прыгажуні. Вось толькі да таго, як ёлка заззяе святочнымі агеньчыкамі, праходзіць нямала часу. Да гэтай па-сапраўднаму гарачай пары лясная гаспадарка рыхтуецца загадзя.

Галоўны ляснічы Дзмітрый Козел.

— Па-першае, падбіраюцца спецыяльныя ўчасткі, на якіх будзе весціся нарыхтоўка расліннай прадукцыі. Зразумела, што дрэўцы павінны адпавядаць запатрабаванням пакупнікоў, — расказвае галоўны ляснічы Дзмітрый Козел, які тлумачыць даволі складаны працэс з’яўлення ў дамах пружанцаў самага галоўнага навагодняга атрыбута.

Як зазначае ляснічы Пружанскага лясніцтва Іван Шыпуль, для выбару патрэбнага месца нарыхтоўкі елак ці соснаў работнікам падраздзяленняў даводзіцца прайсці нямала кіламетраў па лесе.

Ляснічы Пружанскага лясніцтва Іван Шыпуль.

— Штогод, згодна з запытам жыхароў раёна, неабходна больш за тысячу дрэўцаў, — тлумачыць Іван Уладзіміравіч. — А для таго, каб вырасціць навагоднюю ёлачку, патрэбна каля васьмі гадоў. Справа ў тым, што елкі — вельмі патрабавальныя дрэвы, якім неабходна ўдосталь месца і сонца. І маленькі цень можа прывесці да таго, што дрэўца пачне расці ў адзін бок, стане непрыгожым.

Вось і атрымліваецца, што трэба прыкласці шмат намаганняў, каб навагодняя ёлка парадавала пару тыдняў. Хаця гэты тэрмін, як зазначае ляснічы, можна і расцягнуць, калі набыць елку, якая вырасла менавіта ў сваёй мясцовасці:

— Такія дрэвы звыклыя да тутэйшых вады і зямлі, таму дастаткова забяспечыць правільны догляд: размясціць купленую ёлачку ў ёмістасць з глебай і рэгулярна паліваць, каб зялёная прыгажуня захавала свой першапачатковы знешні выгляд ажно на месяц. Акрамя таго, нярэдка з ссечанага краю з’яўляюцца новыя карані.

У бягучым годзе было вырашана аказваць паслугу па забеспячэнні навагоднім прыродным атрыбутам яшчэ адным спосабам. Напрыклад, калі пакупніку не спадабаліся прапановы ёлачных базараў, то ён можа самастойна… схадзіць у лес з сякерай. Але зрабіць гэта афіцыйна, для чаго варта звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва, дзе падкажуць дазволеную для высечкі елак пляцоўку і аформяць неабходныя дакументы.

Па словах Івана Шыпуля, сезон актыўнай нарыхтоўкі навагодніх ёлак пачаўся некалькі дзён таму, а значыць, можна ўжо збірацца па елачку, каб займець самую пышную навагоднюю прыгажуню.

Традыцыйна з мэтай экалагічнага выхавання школьнікаў, а таксама для падтрымкі грамадзян, якія знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах, Пружанскі лясгас бясплатна перадае навагоднія дрэвы ў гэтыя ўстановы раёна.

А можна «зэканоміць»?

Нягледзячы на штогадовую традыцыю стварэння ёлачных базараў, якія арганізуе лясгас, знаходзяцца грамадзяне, якія вырашаюць самастойна «здабыць» лясных прыгажунь.

Як зазначае галоўны ляснічы Дзмітрый Козел, праблема не толькі ў тым, што браканьер з сякерай знішчае дзелавое дрэва, якое ў будучым прынесла б карысць эканоміцы дзяржавы. Некаторыя ўвогуле ссякаюць толькі верхавіны, ад чаго знявечанае варварам дрэва пакутуе.

Таму нялішнім будзе нагадаць пра адказнасць. У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за незаконнае знішчэнне, выкопванне або пашкоджанне дрэў і кустоў у лясах першай групы ляснога фонду, а таксама драўняна-куставых насаджэнняў, якія не ўваходзяць у лясны фонд, на грамадзян можа быць накладзены штраф у памеры ад 5 да 30 базавых велічынь, на індывідуальных прадпрымальнікаў — ад 20 да 200 БВ, а на юрыдычную асобу — ад 50 да 300 БВ.

Калі гаварыць дакладней, то нават за самую маленькую елачку давядзецца заплаціць больш за 120 рублёў. Акрамя таго, разам са штрафам вылічваецца і памер урону, нанесенага такімі дзеяннямі прыродзе: за кожнае ссечанае навагодняе дрэва дыяметрам каля пня да 12 см вінаваты абавязаны будзе заплаціць штраф у памеры ад 0,1 да 0,2 базавай велічыні (у залежнасці ад месца правапарушэння), а таксама адну базавую велічыню за само дрэўца, калі канфіскаваць яго немагчыма. І атрыманая сума дадаецца да агульнага кошту кампенсацыі і пакарання.

У астатніх месцах ляснога фонду за аналагічныя правапарушэнні прадугледжаны штрафы да 20 базавых велічынь для грамадзян, для індывідуальных прадпрымальнікаў — ад 10 да 150, а для юрыдычнай асобы — ад 20 да 200 БВ.

Для папярэджання падобных выпадкаў і з мэтай іх своечасовага выкрыцця леснікі наладжваюць пільны кантроль за лясным фондам: пастаянныя абходы кварталаў, нагляд за аўтатранспартам і наведвальнікамі лясоў. Добра зарэкамендавалі сябе і фотапасткі, якія і зараз будуць уключаны ў сістэму «навагодняй» аховы.

Таму лепш задумацца: ці не абернецца падобная «эканомія» вялікімі праблемамі?

Навагоднія прыгажуні — толькі штучныя?

Здаецца, такі варыянт, як штучная ёлка ці сасна, мае шмат пераваг. Не трэба клапаціцца і марнаваць час на наведванне ёлачных базараў, потым прыбіраць апалыя іголкі ды думаць, як утылізаваць непатрэбны навагодні атрыбут. Дастаткова запакаваць і пакласці на захоўванне ў кладоўку да наступнага свята. І паўтарыць такі цыкл не адзін год.

Ляснічая Ліноўскага лясніцтва Ганна Траццяк.

Аднак… Мабыць, самай галоўнай перавагай жывой ёлкі з’яўляецца яе непаўторны пах, які адразу прыўносіць у дом атмасферу свята. Акрамя таго, лятучыя рэчывы дрэва паляпшаюць самаадчуванне, у тым ліку і алергікаў.

Ёсць яшчэ адна акалічнасць, якая помніцца многім дарослым з таго дзяцінства, калі штучныя варыянты былі рэдкасцю. Гэта рытуал выбару, калі разам з татам ці мамай наведваеш гандлёвую пляцоўку і ў душы ўздымаецца радасць, што хутка Новы год.

У дадатак штогод, набываючы жывое дрэва, вы можаце быць упэўненыя, што самы галоўны атрыбут навагодніх святаў выглядае па-новаму. Гэта адразу будзе бачна і на памятных фотаздымках.

А вось штучная ёлка ўсяго гэтага нас пазбаўляе. У ёй адсутнічае жывы водар, а праз два тыдні на галінках пачынае збірацца пыл, які выдаліць практычна немагчыма. За некалькі гадоў аднастайнасць адной і той жа ёлкі можа надакучыць. У дадатак, неабходна вельмі адказна выбіраць штучную мадэль, каб не купіць няякасны, а часта нават небяспечны выраб, да якога лепш не дапускаць ні дзяцей, ні чатырохногіх гадаванцаў.

Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік, Марыны Вакульскай і з інтэрнэту

Інфаграфіка Ганны Пацяйчук