Среда, 10 августа 2022

Гісторыя з фатаграфіяй. Перыяд распаду

1 013

30 гадоў таму, 26 снежня 1991 года, была пастаўлена канчатковая кропка ў працэсе распаду СССР: на апошнім пасяджэнні яшчэ савецкага парламента была прынята дэкларацыя аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Беларусь, якая яшчэ ў верасні абвясціла пра свой суверэнітэт, атрымала незалежнасць і юрыдычна.

Шчыра кажучы, я не люблю ўзгадваць ні той год, ні тыя, што ішлі адразу за ім. Разбурэнне вялікай краіны было бязглуздым, незразумелым і вельмі балючым ва ўсіх сэнсах.

Гэта зараз можна разважаць пра аб‘ектыўныя перадумовы і суб‘ектыўныя прычыны, памылкі вышэйшага кіраўніцтва, крызіс у міжнацыянальных стасунках, «руку Масквы», якая кіравала не толькі палітыкай, але і эканомікай саюзных рэспублік… А тады гэта былі цалкам пустыя паліцы магазінаў і чэргі, чэргі… Каўбаса, мяса, масла, мука, цукар, мыла, гарэлка — па талонах і купонах. Права купіць тры пары калготаў раз у паўгода, пару туфляў — раз у год. Да прывозу хлеба ў «сёмы» магазін на рагу Чырвонаармейскай і Кастрычніцкай (давалі па два боханы ў адны рукі) «хвост» часам працягваўся ажно да аптэкі.

У тыя часы набыла асаблівы сэнс замежнае слова «фазэнда»: дачныя ўчасткі займелі нават тыя, хто не ведаў, як лапата выглядае. Затое як радаваліся ўласнаручна вырашчаным бульбе і капусце, роўненькім радам закатак у склепе: тут табе і агуркі з памідорамі, і салаты з кампотамі. Гаспадыні шчодра дзяліліся адна з адной «выжывалачкамі»: рэцэптамі адбіўных з каровінага вымі, катлет з аўсянкі, варэння з дзьмухаўцоў.

Менавіта ў 1990-я з‘явіліся і першыя «чаўнакі» — гандляры дробнымі партыямі тавараў. Яшчэ праз пару гадоў у Пружанах адчынілі дзверы першыя ластаўкі прыватнай ініцыятывы — магазіны «Апельсін» і «Аквілон». Чэргі яшчэ не зніклі, яны проста плаўна пачалі «перацякаць» у новыя кропкі гандлю. На жаль, не знайшла патрэбных фотаздымкаў таго часу, толькі кадры пружанскага ўніверсама з відэа, знятага ў 1995 годзе (яно ёсць на ютубе).

Прайшло шмат гадоў, і многае з перажытага сышло, як сон. Паступова мы пабудавалі літаральна з «нуля» сваю краіну і навучыліся не толькі арыентавацца ў шматлікіх гатунках каўбас і сыроў, але і правільна выбіраць крэветкі і авакада, адным словам, жыць у дастатку. Магчыма, не заўсёды ўдаецца толькі патлумачыць уласным дзецям і ўнукам, што нельга атрымаць усё і адразу, без цяжкай працы. І што добрая памяць застаецца не пра таго, хто разбурае, а пра таго, хто адбудоўвае.

Вядучая рубрыкі Ірына Сядова