Суббота, 13 августа 2022

Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» стартавала ў краіне. На гэтым тыдні віншаванні і падарункі прымалі сем’і з Ружан

760

Хто, калі не дзеці, больш за ўсіх чакае надыходу навагодніх святаў? Хто, калі не малыя, ранкам 1 студзеня з усіх ног імчыцца да ёлкі, каб убачыць там не проста падарункі, а ажыццяўленне мары? Хто яшчэ так настойліва верыць у Дзеда Мароза і цуды, якія абавязкова здараюцца апоўначы?

Каб гэтыя самыя цуды наблізіць, у нашай краіне праводзіцца штогадовая дабрачынная акцыя «Нашы дзеці».

Сёлета акцыя стартавала 14 снежня і працягнецца акурат да старога Новага года. У першы дзень да яе далучыліся раённае аддзяленне Беларускага фонду міру, раённае аб’яднанне прафсаюзаў і раённая арганізацыя ГА «БРСМ».

Упершыню светлая і добрая ініцыятыва віншаваць беларускіх дзетак была рэалізавана ў 1995 годзе. З тых часоў ні адзін пераднавагодні сезон не абыходзіцца без наведвання прадстаўнікамі ўлады, грамадскіх арганізацый і проста нераўнадушнымі людзьмі інтэрнатаў, цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, бальніц, апякунскіх, прыёмных сем’яў і тых, дзе выхоўваюцца дзеткі-інваліды. Бо гэта нашы дзеці.

Марафон віншаванняў і падарункаў на гэты раз пачаўся ў г.п. Ружаны.

У сям’і Плішковых.

Першым адрасам на шляху акцыі стаў дом сям’і Плішковых. Дастаткова пабыць у ім усяго некалькі мінут, каб зразумець, што тут пануюць узаемапавага, любоў і гармонія. Вера Аляксееўна называе мужа галавой, а Віктар Аляксандравіч кажа, што жонка – яго сумленне.

На прынцыпах дапамогі адзін аднаму стараюцца выхоўваць і пецярых прыёмных дзетак. Самаму маленькаму Цёму няма яшчэ і трох гадкоў. А вось сваіх першых хлопчыкаў, якіх цяпер называюць любімымі сынамі, Яўгена і Дзіму, бацькі ўзялі 12 гадоў таму. Праз некаторы час да іх далучыўся Андрэй, а затым (як жа без дачушкі?) — прыгажуня і маміна памочніца Ксюша.

Цікава, што калі Дзед Мароз і Снягурка, ролі якіх выканалі работнікі Ружанскага цэнтра культуры і вольнага часу, папрасілі расказаць вершыкі, гэтыя дзеткі пачалі цытаваць біблейскія радкі пра любоў, павагу, веру і цярпенне. Пасля ўручэння падарункаў Вера і Віктар расказалі, што ўсёй сям’ёй наведваюць дом малітвы. Залацінкі біблейскай мудрасці ў выглядзе цытат упрыгожваюць і сцены ў пакоях гэтага дружнага дома. Праводзячы гасцей, Плішковы шчыра дзякавалі і жадалі Божай дапамогі ў новым годзе.

Дом шматдзетнай сям’і Дзерачэй сустрэў нас у пераднавагоднім настроі. Кацярына і Андрэй ужо паставілі ёлачку, але прызнаюцца, што сюрпрызы для малых – Русланы, Арцёма і Аляксандра – яшчэ абавязкова будуць. Радаснай падзеяй стаў для дзетак візіт прадстаўнічых гасцей, ды і ўбачыць галоўнага зімовага чараўніка ў сярэдзіне снежня чым не свята? Таму былі тут карагоды, вершы і песні. Бацькі глядзелі на шчаслівых малых і з радасцю ўспаміналі, што гісторыя іх сям’і пачалася больш за 10 гадоў таму дзякуючы ААТ «Ружаны-Агра». Пасля заканчэння ветакадэміі ў Віцебску па размеркаванні трапіла сюды Кацярына Іванаўна, зараз яна – заатэхнік-селекцыянер. Муж Андрэй Анатольевіч у свой час пераехаў з Украіны, уладкаваўся трактарыстам. Сяброўства перарасло ў каханне, шлюб і шматдзетную сям’ю. Дзерачэяў падтрымала гаспадарка: сёння яны жывуць у прыгожым доме. Усе разам любяць збірацца па выхадных і глядзець фільмы, ляпіць вырабы з салёнага цеста. Дарэчы, гурткі па рукадзеллі наведваюць старэйшыя дзеткі. Без «кветак жыцця» мама і тата проста не ўяўляюць сябе. Кажуць, што ўжо праз гадзіну пасля ад’езду дзетак да бабуль і дзядуль сумуюць, і хочуць як мага хутчэй аказацца разам.

Віншаванні прымаюць дзеці, якія выхоўваюцца сям’ёй Юрэня.

Незвычайная і вельмі кранальная гісторыя і ў сям’і Юрэняў, якая стала трэцяй на нашым шляху. Раіса Андронаўна і Аляксей Іванавіч – шматдзетныя бацькі, выгадавалі шасцярых сваіх дзяцей – чатырох дочак і двух сыноў. Усім далі адукацыю, паставілі на ногі. Калі ж дом стаў паступова пусцець, муж і жонка ўсё часцей звярталі ўвагу на газетныя артыкулы і тэлесюжэты пра кінутых дзяцей. Тады Раіса Андронаўна вырашыла: трэба ім дапамагаць. Даведалася, што браць дзетак-сірот можна на летнія канікулы, для гэтага ездзіла ў Баранавіцкі раён, пасля ў доме жылі і малыя з прытулку ў Сонечным, у тым ліку тыя, чые кроўныя бацькі адбывалі пакаранне…

У 2007-м Раіса Андронаўна стала афіцыйна працаваць прыёмнай мамай. Кажа, што тады на работу яе прымаў Мікалай Пятровіч Кудравец.

Сімвалічна, што старшыня раённага Савета дэпутатаў завітаў у госці да Юрэняў і падчас акцыі. Салодкія падарункі атрымалі трое прыёмных дзетак – выпускнік Данік і васьмікласніца Дар’я, якія з’яўляюцца роднымі братам і сястрычкай, і Кірыл, які таксама вучыцца ў восьмым класе. Усяго ж праз дом Юрэняў за ўвесь час прайшло 10 прыёмных дзетак. Кожны з іх ставіцца да другіх бацькоў з любоўю і павагай. Бацькі ж выказваюць падзяку дзяржаве і грамадскім арганізацыям за тое, што пра дзяцей не забываюцца, і ўзгадваюць добрым словам таксама галоўнага спецыяліста сектара па пытаннях сацзабеспячэння правоў непаўналетніх аддзела па адукацыі Таццяну Пракопчык.

Уладзіслаў Шпарла, фота аўтара

Больш здымкаў: https://vk.com/album-23306785_281903771