Среда, 10 августа 2022

Былы рэдактар газеты «Раённыя будні», паэт, публіцыст Мікола Антаноўскі стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка

453

У мінулую пятніцу названы імёны лаўрэатаў традыцыйнай літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка.

Падчас уручэння прэміі, Мікалай Антаноўскі і намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Барысюк.

Рашэнне адзначаць ёю лепшых літаратараў вобласці было прынята аблвыканкамам у 2007 годзе. З тых часоў да 2012-га прэмія ўручалася штогод, пасля лаўрэатаў сталі вызначаць раз у два гады.

Сёлетняе мерапрыемства стала юбілейным, дзясятым па ліку. Таму і правесці яго вырашылі на радзіме прэміі – у Лунінскай сярэдняй школе Лунінецкага раёна. Менавіта тут не адзін год праводзіліся «Лунінскія чытанні», якія заклалі глебу для абласной літаратурнай прэміі.

Дарэчы, імя Уладзіміра Калесніка яна носіць невыпадкова. Таленавіты выкладчык, літаратуразнаўца і крытык быў прафесарам Брэсцкага педагагічнага інстытута (цяпер — дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна), настаўнікам для многіх пакаленняў таленавітых пісьменнікаў і паэтаў. Чвэрць стагоддзя ён узначальваў кафедру беларускай літаратуры філалагічнага факультэта, змог аб’яднаць вакол сябе многіх творцаў, услед за пружанскім паэтам Міколам Засімам быў заснавальнікам абласнога літаратурнага аб’яднання «Берасцейскае вогнішча».

Цікава, што літаратурная прэмія імя У. Калесніка не можа прысуджацца двойчы. Штораз яе лаўрэатамі становяцца новыя пісьменнікі і паэты Брэстчыны. Узнагароды дзясятай па ліку цырымоніі атрымалі пяцёра літаратараў. Адзін аўтар – у намінацыі «Проза», двое прызнаны лепшымі ў намінацыі «Дзіцячая літаратура».

Два лаўрэаты і ў паэтычнай намінацыі. Прыемна, што адзін з іх – былы галоўны рэдактар газеты «Раённыя будні», паэт, публіцыст Мікалай Антаноўскі. Прэмію ён атрымаў за зборнік вершаў «Як ліст сярод лістоў». З некаторымі творамі з гэтай кнігі, якая ўбачыла свет у 2019 годзе, мы знаёмілі чытачоў на старонках газеты.

Нагадаем, што гэта не першая ўзнагарода Мікалая Дзмітрыевіча за зборнік. У маі ён быў адзначаны таксама ў намінацыі «Паэзія» на ІІ абласным літаратурным конкурсе «Духоўная веліч».


Калектыў рэдакцыі ад душы віншуе Мікалая Дзмітрыевіча, зычыць натхнення, яркіх вобразаў, трапных мастацкіх сродкаў, якія ў выніку выліваюцца ў цудоўныя вершы!

Уладзіслаў Шпарла. Фота газеты «Брэсцкі веснік»