Четверг, 11 августа 2022

Карэспандэнты адправіліся на ўрок па дапрызыўнай падрыхтоўцы і паглядзелі, як у СШ №1 імя ЧБВА наладжана работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні падлеткаў

1 304

У бягучым навучальным годзе былі ўнесены змены ў грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ў школах нашай краіны. Цяпер ім павінен займацца не проста настаўнік, а чалавек, які прайшоў «школу жыцця» ў армейскіх, міліцэйскіх ці іншых сілавых падраздзяленнях.

У СШ №1 імя ЧБВА на пасаду выкладчыка дапрызыўнай падрыхтоўкі быў запрошаны афіцэр унутраных органаў А.Б.Сапагоў. Дагэтуль Алег Барысавіч прайшоў армейскую службу і працяглы час служыў у міліцэйскіх падраздзяленнях. Ён мае багаты практычны вопыт, які можна і трэба выкарыстоўваць у грамадзянска-патрыятычным выхаванні падлеткаў.

Выкладчык дапрызыўнай падрыхтоўкі за першыя дзве чвэрці навучальнага года паспеў не толькі пазнаёміцца з дзецьмі, але і займець пэўную павагу і аўтарытэт сярод вучняў 10-11 класаў.

— Нашы юнакі вельмі спагадлівыя і ў пераважнай большасці ўмеюць спачуваць, з ахвотай дапамагаюць і не адмаўляюцца прымаць удзел у розных дабрачынных акцыях, — сцвярджае Алег Барысавіч. — Але з-за адсутнасці жыццёвага вопыту яны гатовы верыць усяму, што ім гавораць дарослыя, — і добраму, і дрэннаму. Тым самым, закладаецца пад будучыню «бомба запаволенага дзеяння».

Таму першыя заняткі па ДП Алег Сапагоў будаваў з практычным накірункам. Восенню юнакі разам з выкладчыкам наведвалі пахаванні і помнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі райцэнтра. Непасрэдна на месцы настаўнік расказваў ім гісторыю, разам яны аналізавалі падзеі, якім прысвячаецца той ці іншы памятны знак. Словам, дзеці на канкрэтных прыкладах пераконваліся ў актуальнасці і сіле народнага адзінства.

З пачаткам зімы заняткі сталі больш тэарэтычнымі. На адным з такіх урокаў пабывалі і карэспандэнты «раёнкі».

З аднаго боку, заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы амаль не адрозніваюцца ад іншых школьных дысцыплін. Падручнікі, тэорыя, канспекты, хатняе заданне, ацэнка паспяховасці… Але ёсць і асаблівасці. Адна з мэт гэтага прадмета — падрыхтаваць юнакоў да будучай армейскай службы. Таму ўрок пачынаецца з агульнага пастраення, падчас якога камандзір класа дакладвае кіраўніку аб прысутнасці вучняў і адсутнасці праблем з імі. Потым пачынаецца навучальны працэс.

Збоку здаецца, што старэйшы таварыш вучыць малодшых правілам гульні ў розных камп’ютарных стратэгіях. Але першапачаткова юнакі вучацца думаць, а ўжо потым прыступаць да дзеянняў. Бо ў жыцці немагчыма націснуць на «Save» і «Reload». Безумоўна, хочацца спадзявацца, што атрыманая тэорыя юнакам не спатрэбіцца на практыцы.

Зразумела, заняткі хацелася б зрабіць больш разнастайнымі, менш надаваць увагі тэорыі, перайсці да практычных навук. Але ж пакуль не хапае нагляднага матэрыялу і прылад. Магчыма, у бліжэйшы час патрэбная база будзе пашырана, будуць выдзелены сродкі на закуп макетаў і іншага інвентару.

— На вышэйшым узроўні такія абяцанні ўжо прагучалі, — расказвае Алег Сапагоў. — Пакуль жа абапіраюся на метадычную дапамогу, якую ахвотна аказваюць калегі-педагогі і кіраўніцтва школы.

Але і пры такіх падыходах у праграму дапрызыўнай падрыхтоўкі ў СШ №1 уваходзіць не толькі армейская навука для будучых салдат. Будуць і іншыя патрыятычныя мерапрыемствы.

У планах, як зазначае Алег Барысавіч, маштабная валанцёрская дзейнасць, у якую ўваходзяць работа па навядзенні парадку каля ваенных помнікаў, дапамога ветэранам, а таксама правядзенне пошукавых мерапрыемстваў па аднаўленні гісторыі роднага краю. Напрыканцы навучальнага года пройдуць «палявыя выхады», падчас якіх юнакі будуць у рэальных умовах вучыцца выжыванню па-за зручнасцямі сучаснай цывілізацыі. Ужо зараз вучні разам з выкладчыкам наведваюць школьны цір для стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік