Четверг, 11 августа 2022

Ілона Сіплівая кожныя выхадныя прыязджае ў Пружаны з Брэста, каб наведаць заняткі ў ЦТДМ

447

У выніковых пратаколах творчых конкурсаў, якія праводзяцца ў нашым раёне, мы заўважылі адну заканамернасць — у спісах пераможцаў рэгулярна значыцца імя Ілоны Сіплівай. І захацелі пазнаёміцца з гэтай юнай майстрыхай, якая сёлета нават вылучана на прэмію «Дараванне».

Аказваецца, да нядаўняга часу дзяўчынка з залатымі рукамі вучылася ў СШ №5, а цяпер жыве ў Брэсце. Аднак кожныя выхадныя з задавальненнем пераадольвае адлегласць у 90 кіламетраў, каб пабываць на чарговым занятку ў ЦТДМ г. Пружаны.

Ужо пяць гадоў яна займаецца ў гуртках «Мукасолька» і «Батык» пад чулым кіраўніцтвам Алёны Шышко. За гэты час неаднаразова станавілася пераможцай і прызёркай раённых і абласных творчых конкурсаў, такіх, як «Калядная зорка», «Вясёлкавы калейда-скоп», «Выратавальнікі вачыма дзяцей», «Добры дзень, свет!», і іншых.

— Ілона вельмі сціплая, добрая, прыстойная і дружалюбная дзяўчынка, — хваліць выхаванку педагог. — Валодае пачуццём уласнай годнасці, але не ганарыстая. Выхаваная і справядлівая, заўсёды лічыцца з чужым меркаваннем. Ініцыятыўная, настойлівая, заўсёды дасягае мэт.

— З такой настаўніцай, як Алёна Мікалаеўна, цяжка не дасягнуць таго, пра што марыш. Калі бачыш, як яна вырабляе сапраўдныя шэдэўры сваімі рукамі з самых простых і даступных матэрыялаў, хочацца быць на яе падобнай. Навошта, скажыце, купляць дарагія падарункі, калі ўся прыгажосць у самых простых рэчах? Трэба толькі крэатыўна думаць і варушыць рукамі.

Алена Зялевіч