Среда, 10 августа 2022

Карэспандэнт «раёнкі» паўдзельнічаў у VIII форуме маладых журналістаў у Мінску і падзяліўся ўражаннямі ад убачанага і пачутага

1 016

Убачыць вядучых журналістаў і медыяэкспертаў краіны, задаць ім пытанні і атрымаць шэраг прафесійных парад… Усё гэта можна было зрабіць падчас форуму маладых журналістаў «Традыцыйныя і новыя медыя: выклікі і магчымасці», які ў мінулую пятніцу прайшоў у Мінску. Мерапрыемства адбылося ўжо ў восьмы раз і сабрала ў сталічным кангрэс-холе амаль 200 маладых супрацоўнікаў СМІ з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Прызнацца, паўдзельнічаць у форуме такога маштабу за паўтара года работы ў рэдакцыі мне давялося ўпершыню. Праўда, падчас вучобы атрымаў каштоўны вопыт арганізацыі студэнцкага журналісцкага форуму — Адкрытага тыдня журналістыкі ў Брэсцкім дзяржуніверсітэце імя А.С. Пушкіна. Туды запрашалі як будучых журналістаў, так і сапраўдных акул пяра.

На гэты раз усё было куды сур’ёзней. Арганізатарамі сустрэчы маладых журналістаў у Мінску выступілі Міністэрства інфармацыі, ГА «БРСМ» і Беларускі саюз журналістаў.

Напачатку «вялікай лятучкі» да маладых работнікаў СМІ – прадстаўнікоў газет і часопісаў, тэлебачання і радыё, рэдактараў сайтаў — звярнуўся міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў. Ён адзначыў, што гэта ўжо трэці форум сёлета і на такія сустрэчы журналістаў краіны будуць запрашаць і ў 2022-м. Неабходнасць іх правядзення відавочная: па словах Уладзіміра Барысавіча, летась журналістыка крыху адстала ад інфармацыйных выклікаў. Асноўную інфармацыю маладыя людзі сёння атрымліваюць з інтэрнэту і месенджараў. «Каб адказваць усім выклікам і праз новыя каналы камунікацыі праводзіць традыцыйную, праўдзівую журналістыку, патрэба ў якой дастаткова высокая, мы навучаем нашых спецыялістаў не толькі ў цэнтральных СМІ, але і ў рэгіянальных», — падкрэсліў Уладзімір Пярцоў.

Першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук’янаў у сваім выступленні адзначыў, што медыя сёння адыгрываюць важную ролю. Яны заклікаюць аўдыторыю, асабліва моладзь, да пэўных дзеянняў, таму і абмен вопытам сярод журналістаў проста неабходны, як і ўдзел у творчых конкурсах. Адзін з іх — конкурс маладых журналістаў «Прэс-код», які ўпершыню правядзе БРСМ.

Далей мікрафон саступілі медыяэкспертам і гасцям форуму, які арганізатары падзялілі на два блокі. Першы меў больш тэарэтычную накіраванасць і закранаў тыя праблемы, якія ўзніклі ў медыяпрасторы Беларусі летась. У прыватнасці, старшыня праўлення рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае грамадства «Веды» Вадзім Гігін разважаў, якую ролю ў сучаснай журналістыцы займае аб’ектывізм і палітычная мэтазгоднасць. На думку эксперта, дзяржаўныя СМІ выйшлі на якасна новы ўзровень, а журналістыка ў Беларусі — гэта спалучэнне грамадзянскай адказнасці, патрыятызму і яркай індывідуальнасці.

«Праз эмоцыі журналісты фарміруюць адносіны аўдыторыі да той ці іншай падзеі. Гэта і ёсць стварэнне сэнсаў» — такі тэзіс у сваім выступленні агучыў дырэктар — галоўны рэдактар установы «Выдавецкі дом «Беларусь сёння» Дзмітрый Жук.

Карэспандэнт агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Марыя Пятрашка адзначыла, што зараз у свеце ідзе інфармацыйная вайна, таму і аўтарская журналістыка, якая ў поўнай ступені змагла раскрыцца пасля падзей жніўня мінулага года, застаецца ў трэндзе. Тэлежурналістка ўпэўнена: «нафта» ХХІ стагоддзя — гэта ўвага, бо ў сутках усяго 24 гадзіны, а інфармацыі занадта. Таму і людзі спрабуюць знайсці таго, хто максімальна даступна і проста дасць тлумачэнне падзей.

Карыснымі былі выступленні іншых тэле- і радыёжурналістаў. Так Ігар Тур з АНТ падзяліўся вопытам работы з платформай YouTube, на якой ён вядзе канал «Главный. Тур». Карэспандэнт «СБ. Беларусь сёння», якую можна ўбачыць і на тэлеэкране, Людміла Гладкая паказала кадры з беларуска-польскай мяжы, дзе ёй давялося працаваць. Дарэчы, Людміла, як і многія іншыя эксперты, здымала цікавыя моманты форуму на смартфон, таму цытаты спікераў, як гарачыя піражкі, разляталіся па Telegram-каналах і стужках навін.

Запомнілася выступленне Ксеніі Лебедзевай, якая расказала пра работу падчас жаночых маршаў, падзялілася тым, як трэба весці сябе ў натоўпе. Карэспандэнт БТ падкрэсліла, што пры рабоце ў экстрэмальных умовах немалаважнае месца займае прававая і псіхалагічная падрыхтоўка журналіста. І выказала меркаванне, што рэдакцыям, чые супрацоўнікі адпраўляюцца ў небяспечныя месцы, мэтазгодна мець у штаце псіхолага.

Пра трансфармацыю сучаснага радыё гаварыў начальнік аддзела па радыёвяшчанні «Альфа Радыё» Вадзім Шэпет. Сёння тэхнічныя магчымасці гэтай станцыі дазваляюць весці прамы эфір на аўдыяхвалі і ў YouTube адначасова. Гэтай магчымасцю журналісты актыўна карыстаюцца падчас ток-шоу «Будні». Кіраўніцтва станцыі імкнецца зрабіць яе больш размоўнай і інтэрактыўнай.

Карысным вопытам вядзення электронных рэсурсаў падзялілася рэдактар аддзела сацыяльных праблем рэдакцыі газеты «Хойніцкія навіны» Алена Смусёнак. За кожную сацыяльную сетку адказвае асобны спецыяліст, дзякуючы чаму яны атрымліваюцца індывідуальнымі. Нават у электронных рэсурсах журналісты робяць акцэнт на аналітыцы, магчыма, таму сумарная колькасць падпісчыкаў у іх перавышае колькасць насельніцтва ў раёне.

Другая частка форуму пачалася з практычных парад ад старшыні праўлення тэлеканала АНТ Марата Маркава. Ён расказаў пра правілы добрага інтэрв’ю. Адзначу, што парады былі вельмі ёмкімі і зразумелымі, таму не занатаваць іх было проста немагчыма. Падзяліўся Марат Сяргеевіч і сваёй марай: ён хацеў бы ўзяць інтэрв’ю ў Прэзідэнта, у якога, у прыватнасці, абавязкова запытацца, ці трэба яму працягваць свой праект «Маркаў. Нічога асабістага».

Наступны спікер — галоўны рэдактар газеты «Веснік Магілёва» Павел Савельеў — упэўнены, што рэдакцыя СМІ павінна стаць інфармацыйным партнёрам для абсалютна ўсіх устаноў. Напрыклад, школам, у якіх колькасць падпісчыкаў на газету даволі значная, рэдакцыя бясплатна дае сваё абсталяванне. Супрацоўнічае «Веснік Магілёва» з гарадскімі паблікамі. Яшчэ адна слушная парада — стварэнне на базе рэдакцый выдавецкіх цэнтраў і аказанне сумежных паслуг.

Згодна з калегам галоўны рэдактар газеты «Ляхавіцкі веснік» Маргарыта Кухта-Маслоўская. Узровень выдання ўражвае: сёння яны актыўна развіваюць і друкаваную версію, і вэб-рэсурсы. Усё таму, што, па перакананні рэдактара, паміж электроннай і прынт-журналістыкай не можа быць канкурэнцыі. Журналісты сталі вучыцца рабіць відэаролікі, сёння кожны з іх мае службовы смартфон, умее зняць і зманціраваць відэа. Паколькі ў рэдакцыі нашай «раёнкі» я таксама занімаюся гэтым, выйшаў да мікрафона і задаў свае пытанні. Даведаўся, што колькасць падпісчыкаў YouTube-канала «Ляхавічы і ляхавічане» сёння — больш за 700 чалавек, усіх набралі чэсна, без якіх-небудзь укладанняў. Акрамя відэа з месца падзей, робяць віншаванні, аглядавыя экскурсіі (пры гэтым выкарыстоўваюць уласны квадракоптар) і нават фільмы. Але і друкаваная версія не адстае: у рэдакцыі шукаюць новыя падыходы да вёрсткі, шмат увагі надаюць інфаграфіцы, крытычным публікацыям і зваротам грамадзян.

Сапраўдным сюрпрызам для ўдзельнікаў форуму стала тое, што яго наведала прэс-сакратар Кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант. Яна адзначыла, што ў сучасных беларускіх СМІ абавязкова павінна быць адэкватная крытыка. Менавіта яна фарміруе 60-70% матэрыялаў у аглядзе прэсы для Прэзідэнта. На жаль, пакуль што там нямнога матэрыялаў рэгіянальных СМІ, таму Наталля Мікалаеўна заклікала журналістаў больш актыўна шукаць інфармацыйныя нагоды. Таксама яна расказала, што колькасць запытаў на інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам не змяншаецца. У хуткім часе, паводле слоў прэс-сакратара, адбудзецца размова Прэзідэнта з расійскім журналістам Уладзімірам Салаўёвым. Мяркуе Наталля Эйсмант арганізаваць дыялог Аляксандра Лукашэнкі і з прадстаўнікамі беларускіх СМІ, у прыватнасці, рэгіянальных.

Не забыліся на форуме маладых журналістаў і пра іх саміх. У завяршэнне мерапрыемства пра аўтарскі блог як адзін з жанраў інтэрнэт-журналістыкі расказала Анастасія Савіцкая, або Сцюша Тайм. А вось Анастасія Рудзкая, вядучая і карэспандэнт Белтэлерадыёкампаніі, раскрыла тэму асабістага брэнда ў медыяпрасторы.

Медыясустрэча атрымалася вельмі жывой і карыснай. Бадай, самае галоўнае ў ёй — магчымасць быць не проста пасіўным удзельнікам. Любыя пытанні віталіся, і іх было нямала. Галоўная выснова, якую зрабіў для сябе пасля форуму, — журналіст павінен развівацца, спасцігаць новае і ўкараняць гэта ў рэдакцыйную кухню, а кіраўнікі СМІ павінны быць адкрытымі для новых формаў работы.

Уладзіслаў Шпарла, фота аўтара