Понедельник, 17 января 2022

Цэнтральная раённая бібліятэка запрасіла сяброў на бібліяпрыцемкі

874

Не разумею таго чытача, які думае, што бібліятэка – месца, дзе можна ўзяць цікавую кнігу і толькі. Час не стаіць на месцы, і сёння кнігасховішчы становяцца яшчэ і пляцоўкамі для цікавых сустрэч, нестандартных конкурсаў і самарэалізацыі наведвальнікаў. Апошняе вечарам мінулай пятніцы даказала цэнтральная раённая бібліятэка, якая запрасіла пружанцаў на бібліяпрыцемкі пад назвай «Сустрэча пакаленняў».

Фармат мерапрыемства для галоўнай бібліятэкі раёна, як аказалася, даўно не навінка. Першыя бібліяпрыцемкі прайшлі ў 2015 годзе і былі прысвечаны гумару беларусаў. Тады на вячэрнія пасядзелкі сабралася столькі пружанцаў, што іх проста не змагла ўмясціць гасцёўня.

Сёлетняе мерапрыемства магло стаць ужо сёмым па ліку, калі б не перапынак у мінулым годзе, выкліканы каранавіруснай інфекцыяй. На гэты раз супрацоўнікі бібліятэкі вырашылі зачараваць чытачоў і з нагоды 20-годдзя выхаду першага фільма пра Гары Потэра прапанавалі адправіцца ў свет магіі і чараўніцтва.

Але пачаліся прыцемкі з прэзентацыі адразу дзвюх выстаў. Ідэі для іх правядзення, як падкрэсліла дырэктар бібліятэкі Таццяна Гуторкіна, узніклі пасля публікацыі артыкулаў пра таленавітых творцаў у нашай «раёнцы».

Першай Таццяна Рыгораўна прадставіла Ніну Калашнікаву – дванаццацігадовую мастачку з Параслянскай СШ, пра якую мы зусім нядаўна расказвалі на старонцы «Газетка-дзетка».

Выстава стала для Ніны дэбютнай. Дзяўчынка расказала, што больш за ўсё любіць маляваць звяроў, прыроду і пастановачныя палотны, а яшчэ мастачку парадавала, што столькі пружанцаў завітала на яе маленькі вернісаж.

З рукадзельніцай Алай Хвядун жыхары нашага горада пазнаёміліся раней: аповед пра яе быў надрукаваны ў нашай газеце яшчэ мінулай зімой.

Незвычайныя лялькі, якія яна вырабляе, можна ўбачыць на шматлікіх гарадскіх мерапрыемствах і нават займець для сябе ці падарыць сябрам. Вядома, у калекцыі Алы Пятроўны ёсць работы, з якімі яна не расстаецца ніколі, – самыя першыя лялькі.

Пасля прэзентацыі работ мастакоў гледачы змаглі пабываць на сапраўднай тэатральнай пастаноўцы. Перад удзельнікамі прыцемак выступіў тэатр моды «Таямніца» Калядзіцкага СДК пад кіраўніцтвам Алёны Сівачэнка.

Затым дарослым прапанавалі пазнаёміцца падрабязней з работамі мастакоў, а школьнікаў запрасілі да ўдзелу ў цікавых мерапрыемствах па свеце Гары Потэра.

Малодшым дзецям спецыяліст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Інэса Кетрык прапанавала паўдзельнічаць у забаўляльна-пазнавальнай праграме «Патэрыяна», напоўненай пытаннямі на веданне зместу кніг Джоан Роўлінг, магічнымі доследамі, цікавымі эстафетамі. Самыя ўдачлівыя атрымлівалі жэтоны, якія пасля маглі абмяняць на прызы.

У гэты час для падлеткаў загадчыца аддзела маркетынгу Вольга Макарчук праводзіла літаратурны квіз «Школа Хогвартс у бібліятэцы». Хлопцы і дзяўчаты падзяліліся на чатыры каманды, адпаведна з колькасцю факультэтаў чароўнай школы, адказвалі на пытанні і даказвалі, што ведаюць змест кніг.

Пераможцай інтэлектуальных баталій стала каманда факультэта «Пуфендуй», але без падарункаў не пайшоў ніхто.

Заключная частка вечара змагла сапраўды аб’яднаць і старэйшае, і маладое пакаленне. Усё таму, што гэта быў кватэрнік вядомага ў раёне і за яго межамі паэта і музыканта Аляксандра Казея. Ён атрымаўся душэўным і непаўторным.

Аляксандр Паўлавіч расказваў пра сябе і сям’ю, любоў да музыкі, чытаў уласныя вершы і, канечне, спяваў. Запрасіў выступіць і адну з навучэнак свайго гуртка ігры на гітары Марыю Мікуцік, якая выканала ў тым ліку аўтарскую песню.

Сюрпрызам стаў удзел у кватэрніку Алёны Жмайлік, разам з якой Аляксандр Казей паспяхова выступаў на фестывалі бардаўскай песні імя Б. Акуджавы ў Гайнаўцы. Кампазіцыі на вершы гэтага паэта таксама прагучалі падчас творчай сустрэчы.

Пятнічны вечар у бібліятэцы завяршыўся, калі гадзіннік паказваў крыху больш чым 21-ю гадзіну.

Ён атрымаўся чароўным, актыўным і творчым, а галоўнае – змог апраўдаць сваю назву і сапраўды аб’яднаў розныя пакаленні аматараў кнігі і карыснага адпачынку. Бібліятэка імя М.Засіма абяцае, што да новага года яшчэ паспее здзівіць чытачоў цікавымі мерапрыемствамі і кніжнымі навінкамі, запрашае сачыць за афішай і, канечне, прыходзіць сюды па літаратуру для душы.

Больш здымкаў: https://ok.ru/budni/album/932254231432.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара