Среда, 10 августа 2022

Начальнік РАУС Ігар Амельянчук: «Праблема вырошчвання і распаўджання наркотыкаў застаецца актуальнай для Пружаншчыны»

2 227

Пра гэта сведчыць сумная статыстыка, якая штогод папаўняецца. Самае трагічнае, што шкодная звычка забірае жыцці маладых, працаздольных людзей, якія нават не паспелі адчуць шчасце бацькоўства. Нездарма ва ўсіх краінах свету прыгатаванне, захоўванне і ўжыванне наркаўтрымліваючых рэчываў забаронены з-за вялікай пагрозы генафонду будучых пакаленняў.

Аднак, як зазначае начальнік райаддзела ўнутраных спраў Ігар Амельянчук, знаходзяцца грамадзяне, якія імкнуцца зарабіць на гэтай загане, дакладней кажучы, смерці людзей. Такіх гандляроў, а разам з імі наркакур’ераў міліцыянеры рэгулярна ўстанаўліваюць і прыцягваюць да крымінальнай адказнасці.

— На працягу бягучага года па лініі наркакантролю і процідзеянні гандлю людзьмі выяўлена 19 злачынстваў, 17 з якіх звязаны з незаконным абаротам наркатычных сродкаў (арт.328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), — расказвае Ігар Аляксеевіч. — Пры гэтым пяць выпадкаў адносяцца да катэгорыі цяжкіх злачынстваў, з якіх два — за вырошчванне наркаўтрымліваючых раслін. Сёлета адзначаецца рост падобных злачынстваў. «Паспрыялі» гэтаму трое нашых землякоў, якія зараз знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі: на іх рахунку сем фактаў.

Як паказвае судовая практыка, найбольш жорсткія прыгаворы выносяцца ў дачыненні да тых, хто не проста вырошчвае зелле для ўласнага ўжывання, але імкнецца распаўсюдзіць яго. І такія асобы будуць выяўляцца штогод, пакуль ёсць тыя, хто купляе атруту. Паводле інфармацыі ўстановы аховы здароўя «Пружанская ЦРБ», на пачатак лістапада на ўліку ва ўрача-нарколага знаходзіцца 12 чалавек з наркатычнай залежнасцю. Пры гэтым у пяці стадыя захворвання дасягнула таго ўзроўню, што ўрачы вымушаны былі паставіць іх на дыспансерны ўлік.

— Відавочна, што наркакур’еры не абыходзяць наш рэгіён, збываючы зелле мясцовым пакупнікам, — падкрэслівае начальнік міліцыі. — Адзіны дзейсны сродак барацьбы — прафілактыка спажывання наркотыкаў, якая таксама ўключае ў сябе комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па выяўленні фактаў захоўвання, збыту і таксама ўжывання наркатычных сродкаў, псіхатропных і таксічных рэчываў, як і іх аналагаў. Калі ўлічыць, што колькасць тых, хто стаіць на ўліку, не змяняецца ў апошнія гады, а статыстыка ўзбуджаных крымінальных спраў павялічваецца, што гаворыць пра пазітыўную дынаміку ў гэтай сітуацыі.

Зараз на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі стаіць 25 асоб, раней судзімых за наркотыкі. Асаблівасці такога кантролю звязаны з працаўладкаваннем судзімых грамадзян, каб дапамагчы ім сацыялізавацца і вылечыцца ад заганы. Рэгулярна яны выклікаюцца ў райаддзел унутраных спраў для правядзення тлумачальнай работы, праводзяцца тэматычныя сустрэчы з урачамі і прадстаўнікамі духавенства. Ёсць шэсць асуджаных па «наркатычных» артыкулах і ў папраўчай установе адкрытага тыпу №7, якая размешчана ў в.Куплін. Падобная прафілактычная работа вядзецца і з імі. Па словах І.А.Амельянчука, не застаюцца па-за ўвагай падлеткі, дзякуючы чаму ў бягучым годзе ні адзін непаўналетні не фігурыраваў у крымінальных справах, звязаных з наркотыкамі.

Акрамя дастаўкі з-за межаў раёна, раней нярэдка наркаўтрымліваючыя расліны вырошчваліся і на тэрыторыі Пружаншчыны. Дзякуючы рэгулярнаму правядзенню сезоннай аперацыі «Мак», у раёне амаль поўнасцю знішчана сыравінная база. Раз-пораз участкі, дзе растуць дзікія мак ці каноплі, выяўляюцца, але аператыўна знішчаюцца. У сёлетнім сезоне было выяўлена 30 падобных фактаў, знішчана амаль тона зелля. У гэтай рабоце праваахоўнікі разлічваюць на дапамогу з боку неабыякавых грамадзян, і трэба прызнаць, што насельніцтва раёна адклікаецца на просьбу паведамляць пра месцы знаходжання падобных пасеваў. Такім чынам яны, у першую чаргу, дапамагаюць сабе і сваім блізкім, здымаючы рызыку трапіць у лік хворых на наркатычную залежнасць, пазбавіцца ад якой вельмі складана.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік