Понедельник, 17 января 2022

Ад шуму мегаполіса схаваліся ў пушчы. Масквічы Мікалай і Вікторыя Гарабцовы перасяліліся ў Тарасы і з’язджаць не збіраюцца

751

Цяпло рускай печы, пяшчотная сінява гжэльскай керамікі, яркая чароўнасць хахламскога роспісу… Пяць гадоў таму жыхары расійскай сталіцы Мікалай і Вікторыя Гарабцовы, стаміўшыся ад мітусні мегаполіса, вырашылі паставіць кропку ў сваім гарадскім жыцці. І, узяўшы з сабой толькі самае неабходнае і дарагое, адправіліся ў вёску сваёй мары…

Мы паехалі ацаніць створаную ў аддаленай вёсцы ўтульнасць, і аказалася, што глухую вёсачку Тарасы, размешчаную на ўскрайку Белавежскай пушчы, лёгка знайсці толькі на карце. Сярод лясных зараснікаў (а справа была яшчэ ў верасні) нават наш навігатар разгубіўся і прапусціў патрэбны паварот. Доўга блукалі па наваколлях Брадоў і Стойлаў. Страціўшы ўсялякую надзею, завярнулі на чарговую лясную дарожку: карчы, выбоіны і зноў зараснікі… І раптам – «партызанскі» пейзаж ажыўляе музыка! Ляціць высока над лініямі электраперадачы і рэхам адгукаецца за верхавінамі соснаў.

Вікторыя і Мікалай Гарабцовы.

Літаральна праз паўмінуты машына ўпіраецца ў маляўнічы плот-пляцень, абвіты кветкамі. Адчыняецца брамка — і да нас выходзяць людзі са шчырымі ўсмешкамі, з яснымі вачамі, люстэркамі той самай загадкавай, але вельмі шырокай душы, спазнаць якую дарэмна спрабавалі расійскія і заморскія класікі.

У ПОШУКАХ РАМАНТЫКІ
Гісторыю з’яўлення масквічоў у беларускай вёсцы мы даведаліся за кубачкам кавы, да якой быў пададзены духмяны слівавы пірог… Героі гаварылі шчыра, не перабіваючы адзін аднаго, нібы перад імі — добрыя сябры (прызнацца, у рэшце рэшт так і атрымалася). Гучала музыка, вакол ног круціліся кот Партос і яго сяброўка Дымка, а з кніжных паліц пазіралі мяккія цацкі…

Як аказалася, Мікалай Мікалаевіч — майстар спорту па барацьбе, былы пагранічнік, афіцэр, чым вельмі ганарыцца, беражэ сцяг расійскай пагранічнай службы, які нагадвае аб слаўных справах даўно мінулых дзён. А Вікторыя Львоўна — супрацоўніца адной з маскоўскіх ВНУ, бухгалтар буйной расійскай кампаніі, а таксама, як сведчыць медаль у блакітнай скрыначцы, заслужаны аўдытар Расіі.

На мімавольнае пытанне, чаму кінулі ўсё і з’ехалі за тысячу кіламетраў, адказваюць проста:

— Таму што мы — пенсіянеры, якія вельмі стаміліся ад гарадскога шуму і мітусні. Бацькоў, на жаль, пахавалі. Трох дачок, на шчасце, выгадавалі. Пецярых унукаў дачакаліся… Захацелася нейкай рамантыкі і навізны, — прызнаюцца Гарабцовы.

ВЫБРАЛІ «СВЕТ ХРУСТАЛЬНОЙ ЗАРИ»
У пошуках вясковай хаткі яны звярнуліся па дапамогу ў агенцтва па нерухомасці. Паставілі толькі адну ўмову: каб у доме была руская печ. Варыянтаў атрымалі мноства: ад Львова да Уладзівастока, ад Пскова да Варонежа. Геаграфічны размах пошукаў нашых герояў не палохаў: будучы па сваёй сутнасці далёкімі ад палітыкі касмапалітамі, яны гатовы былі з’ехаць хоць на край свету. Але вельмі ўжо «зачапіў» адзін маленькі домік у Беларусі.

— Як даведаліся, што месца яго лакацыі – Белавежская пушча, пра якую спявалі «Песняры», адразу загарэліся… А калі прыехалі ў Беларусь, зразумелі, што знайшлі тое, што шукалі. Тут фантастычныя, казачныя месцы. А неба якое зорнае! «Свет хрустальной зари, свет над миром встающий», – тут жа напяваюць знаёмыя радкі героі, якія, як бачым, не могуць нарадавацца свайму выбару.

На новым месцы спачатку, безумоўна, было цяжка і вельмі ўжо адзінока. Вакол — ні душы, толькі апусцелыя дамы, у вокнах якіх і зараз гуляе вецер, і каты, якія збегліся з усёй акругі на цеплыню распаленага ачага.

НОВАЕ ДЫХАННЕ ТАРАСОЎ
Паціху побыт стаў наладжвацца. Уздыхнулі і Тарасы: са з’яўленнем новых жыхароў у вёскі з’явіўся шанец на новае жыццё. Пры падтрымцы Шчарчоўскага сельвыканкама да дома Гарабцовых падвялі новую электраправодку, прыбралі звалку і нават устанавілі асобны бак для смецця, якое вывозіцца раз на тыдзень.

— Ды тут усё зроблена для людзей! Дзеля нас нават аўталаўка ў Тарасы зазірае! Да таго ж, з нашым актыўным ладам жыцця і любоўю да веласіпедаў няма праблемы самім выехаць з «гнязда» і здзейсніць велакруіз па пушчанскіх наваколлях, – кажа Вікторыя.

— Калі б не адно «але», то рванулі б яшчэ далей, — уздыхае Мікалай. — Я ж вадзіцель з пяцідзесяцігадовым стажам! Аднак ездзіць па беларускіх дарогах не магу, пакуль не пацверджу свой клас — не здам тут «на правы». А можаце сабе ўявіць, як гэта чалавеку, якому за семдзесят, здаць тэсты, дзе паўтысячы пытанняў! Вось сяджу, спрабую вызубрыць, — Мікалай робіць выгляд, што патанае ў роспачы.

Але ў рэчаіснасці, па ўласным прызнанні Гарабцовых, у іх няма ніякіх падстаў для суму.

— За пяць гадоў мы пазнаёміліся і пасябравалі са мноствам людзей — ад Брадоў да Брэста, куды ездзім на маршрутцы! Беларусы — прыязны, ветлівы, добры і вельмі працавіты народ. У суседніх вёсках у гаспадынь купляем малако, вяршкі, тваражок, а яйкамі свае курачкі частуюць! — кажа мужчына.

— Дарэчы, «пагутарыць» з імі, а заадно і з намі з задавальненнем прыходзяць пушчанскія жывёлы, — усміхаецца жанчына. — Акругу насяляюць рысі, ласі, алені, яноты, кабаны. Часам сляды падказваюць, што ў нашы глухія мясціны нават «касалапы» зазірае. Увечары выйдзеш на ганак: абавязкова недзе хтосьці рыкае, пішчыць, сапе… Адным словам, сапраўдная Белавежская пушча!

«ЗАМОРСКІЯ» ЦУДЫ
Наш запаведны лес сапраўды здольны захапіць любога заморскага госця. Аднак і Гарабцовым ёсць чым здзівіць. Як ужо адзначалася, у іх утульнай хаце шмат мяккіх цацак, якія калекцыянуе гаспадыня. Выкажу здагадку, яны ёй нагадваюць пра ўнукаў, якія засталіся ў Расіі, самаму малодшаму толькі тры гадкі. На сценах шмат намаляваных і вышытых карцін, ёсць іконы, прывезеныя са святых месцаў. Нашы героі ў пошуках духоўнага пажытку аб’ездзілі ўсю Украіну, Прыбалтыку, Паўночны Каўказ, за пяць гадоў паспелі азнаёміцца і з многімі беларускімі святынямі.

Таксама паказальна, што ў доме шмат кніг, прывезеных з сабой з Масквы, ад якіх трашчаць па швах кніжныя паліцы. Родны, расійскі антураж ствараюць кухонныя сервізы з гжэльскім і хахламскім роспісамі і, вядома ж, прасторная руская печ з блінамі і пірагамі. А на печы ў абдымку «сядзяць» фарфоравыя курачка з пеўнікам, якія сімвалізуюць моцны сямейны саюз Гарабцовых — у сёлетнім жніўні яны адзначылі залатое вяселле.

ШЧАСЦЕ ЖЫЦЬ НА ЗЯМЛІ
Гаспадары, якія большую частку жыцця пражылі, можна сказаць, на каменні, паказалі нам і сваю зямлю. На плошчы ў 20 сотак кампактна размясціліся гаспадарчыя пабудовы, ажурная альтанка, вялікія арэлі, фруктовы сад і невялікі агародзік з высокімі градкамі.

— Я раней не ведала, якім бокам цыбуліны ў зямлю саджаць, — утрыруе Вікторыя, — а зараз вось з дапамогай усёзнайкі-інтэрнэту і часопісаў паволі пераўтвараюся ў сапраўднага агародніка. Сёлета, напрыклад, удалося за сезон сабраць тры ўраджаі зеляніны. Навучылася і агароджу з лазы плесці. Словам, працуем у сваё задавальненне.

— Але знаходзім час і для адпачынку, — смяецца Мікалай. — Трохі ў зямлі пакорпаемся — і ў альтанку на чаёк ды пад музыку! А музыка ў нашым двары і не змаўкае. Мы ж нікому не замінаем! Я ў свой час кіраваў эстрадным аркестрам, іграў на ўдарных і гітары. І зараз пад настрой магу ўзяць шасціструнную гітару і сыграць для каханай, разумеючы, што галоўныя струны шчасця — гэта мы.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік