Пятница, 29 марта 2024

Званок чытачкі стаў нагодай для вячэрняга рэйду карэспандэнтаў сумесна з ДАІ. Падчас яго мы праверылі, на якіх вуліцах Пружан ёсць праблемы з асвятленнем

538

Трэба прызнаць, што нашы гарадскія вуліцы ў апошнія гады значна «пасвятлелі». І не толькі дзякуючы з‘яўленню святлодыёдных лямпачак у вулічных ліхтарах. Радуюць вока разнастайныя падсветкі вітрын і фасадаў шматпавярховак, а падчас калядных і навагодніх святаў — і прыгожая ілюмінацыя ў дварах прыватнага сектара і на тэрыторыях шэрага прадпрыемстваў.

Вуліца Рыгора Шырмы ў Пружанах.

У той жа час у рэдакцыю раз-пораз звяртаюцца чытачы, якія наракаюць на праблемы з вулічным асвятленнем. Летам, калі цямнее позна, на пэўныя пытанні мала хто звяртае ўвагі. А вось восенню і зімой яны зноў хвалююць многіх. І падчас аналізу пераважнай большасці гэтых зваротаў відавочны так званы «чалавечы фактар».

Заклікі Дзяржаўтаінспекцыі адносна выкарыстання флікераў на адзенні для таго, каб «стаць прыкметным у цемры», для жыхароў вуліц К.Марача, Міра, В.Харужай вельмі актуальныя. Асабліва ў гэты час, калі даводзіцца выходзіць на работу або вяртацца дадому ў цемры.

«Там, дзе свецяць ліхтары, нягледзячы на непагадзь, можна ісці спакойна, — гаворыць наша чытачка Святлана Ігнатаўна. — Але ж там-сям ліхтары не працуюць, з-за чаго ідзём з заміраннем сэрца, спадзяёмся, што раптоўна з-за павароту не выедзе машына».

Зразумелы перабоі з электраасвятленнем у экстрэмальных сітуацыях, пры моцным ветры, напрыклад. Але ж якраз падобныя выпадкі ліквідуюцца адразу, як толькі на пульт дыспетчара паступіць паведамленне пра аварыю. А вось перагарэлыя лямпачкі ў гарадскіх ліхтарах далёка не заўсёды мяняюць аператыўна, здараецца, што пра падобную нязручнасць становіцца вядома толькі пасля звароту мясцовых жыхароў.

Менавіта з такой сітуацыяй мы сутыкнуліся, калі праехалі вечарам па названых нашай чытачкай участках горада. І калі «мёртвыя» ліхтары на саміх вуліцах ствараюць толькі нязручнасці, то на скрыжаваннях уяўляюць сапраўдную небяспеку. Гэта пацвердзіў і начальнік ДАІ Сяргей Мышкевіч, які разам з намі вывучаў пытанне.

— На некалькіх скрыжаваннях, праз якія з вуліц В.Харужай, К.Марача, Міра можна праехаць на вул.Леніна, сапраўды не працуюць ліхтары, што павялічвае пагрозу аварый, — зазначыў Сяргей Міхайлавіч. — З гэтай нагоды падрыхтавана прадпісанне ў камунальную службу аб тэрміновым выпраўленні недахопаў.

Дарэчы, падобныя сітуацыі ў сельскай мясцовасці вырашаюцца звычайна хутчэй. Справа ў аператыўнасці паступлення інфармацыі. Напрыклад, у вёсках дзейнічаюць старасты, якія накіроўваюць адпаведныя заяўкі ў сельвыканкам, каб мясцовыя органы ўлады неадкладна звярталіся да энергетыкаў для замены перагарэлых лямпачак. Аднак у райцэнтры падобная ўзаемасувязь наладжана намнога горш. Спадзяёмся, што тут пытанне вырашыцца аператыўна.

А вось што рабіць на тым кароткім адрэзку вул. Казіміра Марача, што прымыкае да вул.Міра? Справа ў тым, што гэты ўчастак не мае цвёрдага пакрыцця, з-за гідралагічных асаблівасцей мясцовасці нават у сухое надвор’е там стаяць лужыны. Для пешаходаў і вадзіцеляў пераадоленне кароткага адрэзка часам становіцца сапраўдным выпрабаваннем, накшталт «экстрым-трофі». І ўсё гэта адбываецца ў цемры, бо падчас складання сеткі вулічнага асвятлення гэты ўчастак чамусьці быў пакінуты па-за ўвагай. Тут стаяць слупы электраперадач, а вось ліхтароў на іх няма. А вельмі патрэбны хаця б адзін.

З меркаваннем чытачкі таксама пагадзіўся начальнік ДАІ: Сяргей Мышкевіч паведаміў, што інспекцыя будзе ініцыяваць устаноўку вулічных ліхтароў на названым участку вул.Казіміра Марача з мэтай падтрымання бяспекі дарожнага руху. Зноў жа будзем спадзявацца, што па гэтым пытанні будзе прынята станоўчае рашэнне.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік