Понедельник, 17 января 2022

100 нагод для стабільнасці і шчасця. «Белдзяржстрах» сёння святкуе векавы юбілей!

1 154

Сёння флагман страхавога рынку краіны — БРУСП «Белдзяржстрах» — адзначае свой 100-гадовы юбілей. Гэта дата – лепшы доказ стабільнасці і эфектыўнасці рэспубліканскай страхавой справы, у агульную скарбонку дасягненняў якой значны ўнёсак робіць і прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пружанскім раёне. Яно займае ў вобласці i ў рэспублiцы лідзіруючыя пазіцыі.

З нагоды свята мы звярнуліся да дырэктара арганізацыі Ірыны Рапейка, каб разам падвесці вынікі шматгадовай дзейнасці не аднаго пакалення працаўнікоў.

Дырэктар арганізацыі Ірына Рапейка і яе намеснік Алена Чарэшка абмяркоўваюць актуальныя пытанні.

— Ірына Уладзіміраўна, калі казаць пра поспехі работы арганізацыі, што Вы адзначыце найперш?
— Белдзяржстрах з’яўляецца ўнiверсальнай страхавой арганiзацыяй, якая аказвае самы шырокi спектр страхавых паслуг. Сёння мы прапануем кліентам 86 відаў страхавання, у тым лiку 75 добраахвотных. Штогод узрастае доля добраахвотнага страхавання ў агульным аб’ёме ўзносаў, у нашым раёне яна складае ўжо 52%.

— Раскажыце, калі ласка, пра найбольш папулярныя і перспектыўныя вашы прапановы. Якія з іх атрымалі шырокае распаўсюджанне сярод страхавальнікаў, у прыватнасці, фізічных асоб?
— Найбольшай папулярнасцю карыстаецца комплекснае страхаванне кватэр, страхаванне медыцынскiх расходаў, добраахвотнае страхаванне расходаў грамадзян, якія выязджаюць за мяжу, звязанае з непрадбачанымі абставінамі (адмена турыстычнай паездкі, датэрміновае вяртанне, непрадбачаныя выдаткі і г.д.), страхаванне партатыўных прылад, якія на сённяшні дзень ёсць амаль у кожнай сям’і, транспарту. А ці не самы перспектыўны накірунак — добраахвотнае страхаванне ад небяспечных захворванняў з варыянтам страхавання ад Covid-19.

Перадсвяточная нарада ў аддзеле страхавання прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пружанскім раёне.

— Я так разумею, што застрахаваць сёння можна практычна любую рызыку. А як падтрымліваеце інтарэсы юрыдычных асоб?
— Пружанскі раён — аграрны, таму асноўны акцэнт мы робім на максімальны ахоп страхаваннем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў (гэты паказчык складае 98 працэнтаў ад агульнай іх колькасці ў раёне). Аднак ушчыльную працуем і з іншымі суб’ектамі гаспадарання. Практычна ўсе кіраўнікі нашых арганізацый і прадпрыемстваў разумеюць неабходнасць і важнасць страхавання, тым больш, што ў апошнія гады пачасціліся прыродныя катаклізмы, а таксама пажары, дарожна-транспартныя здарэнні і іншыя бедствы.

Усё рабі правільна! — такое жыццёвае крэда прафесіяналаў сваёй справы і проста абаяльных жанчын: вядучага спецыяліста Таццяны Сарокі, галоўнага бухгалтара Іны Паўлюковіч, вядучага эканаміста Ірыны Валкавыцкай і вядучага бухгалтара Святланы Ахрэмчук.

— Назавіце, калі ласка, вашых самых адданых кліентаў.
— Сёння мае словы падзякі гучаць у адрас адкрытых акцыянерных таварыстваў «Ружаны-Агра», «Жураўлінае», «Айчына», «Велікасельскае Агра», «Агра-Калядзічы», «Пружанскі райаграсэрвіс», «Шані-аграпрадукт», «Аранчыцкая птушкафабрыка», філіяла «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга», а таксама ДЛГУ «Пружанскі лясгас», КУВП «Камунальнік», ААТ «Пружанскі льнозавод», «Пружанскі завод радыёдэталяў» i iншых.

— Якія яшчэ варыянты аптымізацыі работы страхавой службы вы разглядаеце? Ці ёсць магчымасць, з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі, заключаць з вамі дагаворы ў электронным фармаце?
— Для зручнасці на сайце БРУСП «Белдзяржстрах» створаны так званы «Асабісты кабінет страхавальніка», дзе можна скарыстацца паслугамі кансультацыйнага характару, заключыць дагаворы страхавання ў электронным выглядзе па некаторых відах або пакінуць электронную заяўку на паслугу.

Страхавыя агенты – ветлівыя, прыгожыя жанчыны з добрай душой. Святлана Літвінчук, Ірына Сухарэнка, Наталля Маркава, Вольга Пацяруха, Алена Елісеева, Іна Такарэўская і Валянціна Старун заўсёды атрымліваюць задавальненне ад сваёй працы з людзьмі.

— Адным словам, карыстаецеся сучаснымі метадамі работы. Гэта поспех! А, як кажуць, поспех любой справы залежыць ад наяўнасці эфектыўнай каманды…
— У нас сапраўды выдатная каманда. Калектыў прадстаўніцтва налічвае сёння 34 чалавекі, у тым ліку 17 страхавых агентаў. Кожны з іх — прафесіянал сваёй справы. Выпадковых людзей тут не бывае — усе зараджаны на вынік, арыентаваны на кожнага страхавальніка. Большасць працуе шмат гадоў. Ёсць і маладыя кадры, якія з задавальненнем арыентуюцца на больш дасведчаных калег.

— Напэўна, у такі юбілей успамінаеце пра людзей, якія стаялі ля вытокаў страхавання ў раёне і ўнеслі вялікі ўклад у развіццё страхавой галіны.
— Вядома, сёння згадаю пра першага дырэктара Мікалая Люкевіча. Затым працяглы час нашу арганізацыю ўзначальвалі Іван Маскаленка, Канстанцін Кіркевіч, Васіль Дземянцей. Асабіста мне кіраванне ў 2017 годзе перадала Зоя Мікалаеўна Макарэвіч, якая аддала страхаванню без малога 40 гадоў.

Мяркуючы па станоўчых водгуках, супрацоўнікі аддзела страхавання пад кіраўніцтвам Іны Пекач (унізе справа) сваю справу робяць на 100 працэнтаў! А гэта Дзмітрый Юзэфовіч, Вольга Вакульская, Раман Цябук, Ігар Лебедзь, Ала Шпак, Канстанцін Краўчук, Марына Гардзіенка і Аляксей Грыненка.

Словы падзякі выказваю таксама ў адрас былога начальніка аддзела страхавання Антаніны Мікулік, былога галоўнага бухгалтара Галіны Чарнак, вядучых спецыялістаў Лідзіі Зубко, Вольгі Карпыза, спецыяліста Таісіі Піліпенка, бухгалтара Людмілы Лаптановіч, страхавых агентаў Нiны Кузняцовай, Валянцiны Драка, Аляксандры Рабчук, Людмілы Літвінчук, Галіны Ратнюк, Ніны Стасевіч, Алены Аўдзяюк, Алены Казак, Яўгеніі Паляковай, Алены Усік і Уладзіміра Скока.

Калектыў «Белдзяржстраху».

Віншуем вас, дарагія сябры, з гэтай знакавай датай, дзякуем за вашу працу, жадаем моцнага здароўя і трывалага імунітэту, дабрабыту і спакою, упэўненасці ў заўтрашнім дні!


Крыху гісторыі:
1921 г.
У БССР уведзена дзяржаўнае страхаванне.
1940 г. Створана абласное ўпраўленне дзяржаўнага страхавання.
1946 г. У складзе райфінаддзела адкрыта Пружанскае аддзяленне Дзяржстраху. Існавала пяць відаў страхавання.
1992 г. Пачаўся актыўны працэс фарміравання страхавога рынку.
1993 г. З’яўляюцца недзяржаўныя страхавыя кампаніі, але Дзяржстрах застаецца лідэрам у сферы страхавання.

2021: мовай лічбаў
У раёне застрахавана 6881 пабудова, 5420 аб’ектаў хатняй маёмасці, 2040 кватэр, 12206 адзінак транспарту, 6463 чалавекі ад няшчасных выпадкаў і захворванняў, 2565 — па страхаванні медыцынскіх расходаў.

Атрымана страхавых плацяжоў на суму больш за 3 млн. рублёў, у тым ліку па добраахвотным страхаванні больш за 1,4 млн. руб. Было выплачана больш за 1 млн. рублёў страхавых кампенсацый.

Гутарыла Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік