Четверг, 11 августа 2022

Інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама працавала ў аўтапарку №11

740

Як стаць медыякультурным спажыўцом? Аб гэтым ішла размова 30 лістапада падчас работы інфармацыйна-прапагандысцкай групы, якую ўзначальвае старшыня Пружанскага райвыканкама Юрый Бісун, у філіяле «Аўтамабільны парк №11 г.Пружаны» ААТ «Брэстаблаўтатранс».

У рабоце групы таксама прынялі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік і аўтар гэтага матэрыялу. Сказаць дакладней, інфармацыйная тэма гучала так: «Медыякультура і медыяспажыванне ў беларускім грамадстве».

Усё больш і больш насельніцтва ў свеце становіцца спажыўцом інтэрнэту. Што там толькі не глядзяць, якімі навінамі не цікавяцца… Многія гадзінамі не вылазяць з гэтага павуціння. Некаторыя нават зарабляюць грошы, а некаторыя — страчваюць, бо вядуцца на ўсялякія заманьванні і лёгкі прыбытак, падобныя на бясплатны сыр у мышынай пастцы.

Як сказаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ 11 лютага мінулага года, сёння інтэрнэт ужо не проста дыхае ў спіну дзяржаўнай прэсе, але і некаторымі пазіцыямі вырываецца ўперад, а розныя тэлеграм-каналы, блогі, сацыяльныя сеткі па ўплыве зраўняліся з традыцыйнымі СМІ. Моладзь у асноўным там. Да ўсяго маецца доступ у любы час сутак. Таму сродкам масавай інфармацыі трэба працаваць маштабней, эфектыўней.

Нельга не пагадзіцца з довадамі Кіраўніка дзяржавы, якія ён прывёў падчас работы VI Усебеларускага народнага сходу: «Не памяншаючы пераваг, магчымасцей і перспектыў, якія адкрыў чалавеку інфармацыйны свет, мы павінны звярнуць увагу і на яго зваротны бок, на штучную рэальнасць, якая дала зялёнае святло маніпуляцыям, падману, злачынствам, патурае ганебным інстынктам чалавека, фарміруе інтэрнэт-залежнасць… Людзі страчваюць здольнасць да аналітычнага мыслення, паколькі змест і сэнс таго, што адбываецца вакол, фарміруюць за іх сацыяльныя сеткі, месенджары і пошукавыя алгарытмы. Адбываецца гэта не бескантрольна. Свядомасць людзей – у руках буйнейшых гігантаў інтэрнэт-індустрыі, паслугамі якіх не грэбуюць карыстацца спецслужбы асобных дзяржаў».

Абарона нацыянальных інтарэсаў у інфармацыйнай сферы з’яўляецца адной з важнейшых функцый дзяржавы. У Рэспубліцы Беларусь да нядаўняга часу дзейнічалі адны з самых ліберальных заканадаўчых нормаў у вобласці работы СМІ, абарона ад распаўсюджвання ганебных звестак і паклёпаў, абарона персанальных дадзеных і нацыянальных інтарэсаў у сферы інфармацыйнай бяспекі. Гэтым скарысталіся замежныя спецслужбы, якія пастараліся падарваць стабільнасць беларускага грамадства. Давялося прыняць шэраг заканадаўчых актаў, каб абараніць краіну ад негатыўнага інфармацыйнага ўздзеяння. Гэта дало станоўчы эфект. Практыка аператыўнага процідзеяння прапагандзе экстрэмізму і распаўсюджванню экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама тых, што не адпавядаюць рэчаіснасці, прымяняецца ва ўсім свеце. Наша дзяржава таксама павінна была абараняцца. Таму, перш чым падпісацца на інфармацыйную прадукцыю, якая выкарыстоўваецца для ўцягвання в экстрэмісцкую дзейнасць (а спіс такой размешчаны на афіцыйным сайце Міністэрства інфармацыі, а таксама публікуецца ў газеце «Рэспубліка» і сеткавым выданні «zviazda.by»), трэба добра падумаць. Бо стаць фігурантам адміністрацыйнай або крымінальнай справы нікому не хочацца.

Аб спосабах процідзеяння маніпуляцыйным тэхнікам у СМІ таксама гаварылі Аляксандр Момлік і Юрый Бісун. Яны больш развілі гэтую тэму ў дачыненні да рэалій жыцця ў нашым раёне.

Як бачна, тэма абмеркавання, выбраная інфармацыйнай групай, адпавядае сучасным патрабаванням грамадства. Кажуць, што хутка з-за інтэрнэту знікнуць друкаваныя выданні. Не веру гэтаму. Магчыма, што нейкі час большая частка інфармацыйнай прасторы і будзе занята сусветным павуціннем, але знішчыць надрукаваную на паперы кнігу, газету, часопіс зусім – немагчыма. Вернуцца назад тыя часы, калі за кубачкам гарбаты, кавы будзе прыемна разгарнуць старонкі выдання з пахам друкарскай фарбы і пачытаць свежыя навіны, убачыць фота знаёмага чалавека.

Дарэчы, ва многіх краінах свету друкаванае слова стала зноў заваёўваць розумы і думкі людзей. У жыхароў і гасцей Пружанскага раёна ёсць магчымасць не развітвацца з такім словам, а працягваць развівацца інфармацыйна і інтэлектуальна. Робіцца ўсё вельмі проста: падпішыцеся на раённую газету — і будзеце ў курсе розных падзей.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік