Четверг, 25 апреля 2024

Каля 50 спартсменаў з Брэста і Пружан прыняло ўдзел у адкрытым першынстве раёна па дзюдо, якое прайшло на базе ДЮСШ №1

2 616

У 2019 годзе ў Пружанах упершыню прайшло адкрытае першынство раёна па дзюдо. Летась спаборніцтвы ўзялі перадышку, віной таму стаў кавід. Але сёлета турнір адмяняць не сталі, першынство правялі на мінулым тыдні на базе ДЮСШ №1.

Паказаць усё, чаму навучыліся за два гады падрыхтоўкі, у Пружаны прыехалі дзюдаісты, якія займаюцца ў Брэсцкай СДЮШАР. Сапернікамі ім сталі выхаванцы пружанскага трэнера Андрэя Кавалеўскага.

На спецыяльна створанае для паядынкаў татамі выйшла каля 50 юных дзюдаістаў 2007-2012 гадоў нараджэння. Лепшых вызначалі ажно ў трынаццаці вагавых катэгорыях, прычым у дзвюх змагаліся дзяўчынкі. Хоць удзельнікі яшчэ зусім юныя, правілы былі такімі ж, як і на сапраўдных спаборніцтвах. Па выніках сустрэч вызначаўся адзін абсалютны пераможца, адзін уладальнік сярэбранай узнагароды, а таксама два бронзавыя прызёры. Медалі і дыпломы для дзюдаістаў падрыхтаваў РФСК «Мухавец».

Трэба сказаць, што пружанскія дзюдаісты выступілі на першынстве паспяхова: з 21 спартсмена без узнагароды засталося толькі двое. Але ж трэнер запэўнівае, што ўсё яшчэ наперадзе.

У пацвярджэнне сваіх слоў Андрэй Аляксандравіч кліча выхаванцаў-пераможцаў турніру.

Дабрыня перамагае зло, а гнуткасць пераважае над грубай сілай. Такім прынцыпам кіруюцца пружанскія хлопчыкі і дзяўчынкі, якія наведваюць аддзяленне па дзюдо. Магчымасць займацца гэтым алімпійскім відам спорту ў школьнікаў раёна з’явілася чатыры гады таму, калі на базе ДЮСШ №2 пачало работу аддзяленне ад Брэсцкай СДЮШАР прафсаюзаў па відах барацьбы.

Паліна Мацвійчук, Арцём Казбяровіч, Маргарыта Барадоўская і Ягор Кашчанка

Пачынаем знаёмства з Ягора Кашчанкі. Пра хлопца не раз расказвала газета, і яно не дзіўна. У секцыю ён прыйшоў у дзевяцігадовым узросце, займаецца практычна з моманту яе заснавання. Зараз у скарбонцы Ягора пяць медалёў і каля 15 грамат. У іх ліку, дарэчы, узнагарода за трэцяе месца на абласных спаборніцтвах. Пасля дамашняга турніру дадаўся дыплом за першае месца ў катэгорыі 66 кг сярод хлопчыкаў 2007-2008 гадоў нараджэння. Дарэчы, галоўнымі якасцямі дзюдаіста Ягор лічыць павагу да саперніка і строгае выкананне тэхнікі. Упэўнены: адной сілы для перамогі недастаткова. На дасягнутым спыняцца не збіраецца і нават задумваецца звязаць жыццё са спортам, першым крокам да чаго можа стаць навучанне ў школе алімпійскага рэзерву.

Арцём Казбяровіч прыйшоў у дзюдо пасля бокса. Займаецца, як і Ягор, усе чатыры гады. Кажа, што від спорту спадабаўся сваім… спакоем, бо ён пазбаўлены рэзкіх рухаў, і дзюдо – гэта, перш за ўсё, пра логіку і канцэнтрацыю. На гэтым турніры Арцём стаў другім у катэгорыі 42 кг сярод хлопчыкаў 2007-2008 гадоў нараджэння. Таксама ездзіў на абласны турнір, дзе заняў трэцяе месца.

Ёсць сярод падапечных Андрэя Кавалеўскага і дзяўчаты. Паліна Мацвійчук наведвае секцыю крыху больш за год, сюды яе запісала мама, якая сама займалася боксам. Цяпер Паліна можа пахваліцца прагрэсам у якасці спартсменкі. Дзюдаістка кажа, што раней брала трэцяе і другое месца на турнірах, на гэты раз ёй пакарылася першае ў катэгорыі 57 кг (дзяўчаты 2007-2009 гадоў нараджэння).

Яшчэ адна дзяўчынка – Маргарыта Барадоўская – узяла на першынстве «золата» ў катэгорыі 44 кг (дзяўчаты 2008-2010 гадоў нараджэння). Расказвае, што раней займалася маляваннем, але спорт урэшце перамог. Трэніроўкі, па словах Маргарыты, праходзяць тройчы на тыдзень, доўжацца крыху больш за дзве гадзіны і выхоўваюць у дзяўчатах мужчынскія якасці – вынослівасць і сілу.

Андрэй Аляксандравіч дадае, што зараз у аддзяленні дзюдо займаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі ад 8,5 да 14 гадоў. Усе яны расфарміраваны па ўзроставых групах, з гэтага года – і па ўзроўні майстэрства.

Турнір у Пружанах мяркуюць зрабіць штогадовым. Магчыма, з цягам часу на яго будуць з’язджацца спартсмены з іншых куткоў вобласці. Ну, а ўсіх, хто жадае паспрабаваць сябе ў гэтым складаным, але вельмі захапляльным відзе спорту, чакаюць у ДЮСШ №2.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Больш здымкаў: https://vk.com/album-23306785_281766347