Понедельник, 17 января 2022

Будзьце разам з «раёнкай» і ў наступным годзе! Пра сяброўства з газетай расказала 99-гадовая жыхарка Пружан Еўдакія Мікітаўна Клімашэвіч

762

Заставайцеся з намі ва ўсе поры года!

Жыхарка г.Пружаны Еўдакія Мікітаўна Клімашэвіч, 99 гадоў:
— «Раёнку» я ўважліва чытаю з нумара ў нумар ужо больш за… 70 гадоў! З тых самых часоў, калі прыехала на Пружаншчыну са Смаленшчыны. Па газеце, як па буквары, я, «усходніца» (так мяне тут называлі), пачала вывучаць беларускую мову.

Берагу шматлікія нумары газеты, як скарб нашага роду: тут часта пішуць пра маю дачку Марыю Кулецкую, якая з’яўляецца народным майстрам Рэспублікі Беларусь, чытаю і ганаруся! Неаднаразова пісалі і пра маю таленавітую ўнучку Ірыну, таксама мастачку. Прызнацца, і для маёй асобы там знаходзілася месца, памятаю, як некалі здымаў тагачасны фатограф Аляксандр Мязга. Больш за тое, калі працавала ў Кабылаўцы, спрабавала свае сілы ў якасці селькора.

Сама я бесперапынна выпісвала нашу газету да 2015 года. Цяпер жыву ў дачкі, здараецца, забываем своечасова выпісаць, тады да наступнай падпіскі ходзім у бліжэйшы кіёск «Белдруку», каб газету набыць. Без «раёнкі» свайго жыцця і не ўяўляю.

Паглядзіце, якой была «раёнка» 40 гадоў таму. Сёння наша газета іншая – не горшая, а проста іншая. Мяняецца яе выгляд, змяняецца калектыў, але тэмы, якія мяне заўсёды цікавілі, засталіся: па-ранейшаму з задавальненнем чытаю пра простых працоўных людзей, пра культурна-масавыя падзеі і святы, звяртаю ўвагу і на віншаванні. Захапляюся гістарычнымі нарысамі Веры Церахавай.

Меркаваннем цікавілася Алена Зялевіч. Фота Марыі Кулецкай


Шаноўныя чытачы, нагадваем, што ідзе падпіска на I квартал і І паўгоддзе 2022 года.

Падпісная цана не павялічваецца! Дзейнічае сістэма зніжак для пенсіянераў і шматдзетных сем’яў. Усе расцэнкі тут.