Понедельник, 17 января 2022

Гісторыя аднаго экспаната. Шчыпцы для завіўкі валасоў

1 843

Ва ўсе часы адным з галоўных упрыгожванняў жанчыны былі і застаюцца валасы, таму іх догляд з’яўляецца натуральным жаданнем кожнай прыгажуні. Дастаткова складана ўявіць, што яшчэ ў мінулым стагоддзі для стварэння моднай прычоскі жанчыны прыкладалі шмат намаганняў і ішлі на розныя хітрыкі.

Калісьці ў Рымскай імперыі і Старажытным Егіпце жанчыны наносілі на валасы спецыяльную суспензію з вады і грунту, затым іх накручвалі на палачкі. Пад сонечнымі прамянямі валасы высыхалі і атрымлівалася ўкладка…

Калі ў моду ўвайшлі парыкі, прыгажуні эксперыментавалі з прычоскамі, не хвалюючыся пра ўласныя валасы. Парык вымочвалі ў водна-шчолачным растворы, каб прычоска трымала форму, завіткі рабілі пры дапамозе нагрэтых металічных палачак або цвікоў. І толькі ў другой палове XIX ст. французам Марселем Грато былі вынайдзены шчыпцы для завіўкі валасоў, якія прынеслі яму вялікі прыбытак.

Падчас працы Грато выкарыстоўваў двое шчыпцоў: пакуль аднымі майстар рабіў укладку, другія награваліся на агні. Тэмпературу, дарэчы, правяралі, прыклаўшы шчыпцы да газеты: калі папера цьмянела, значыць, надышоў час завівацца…

Укладка «Марсельская хваля» была папулярная ва ўсёй Еўропе нават у 20-х гадах мінулага стагоддзя, нягледзячы на тое, што тады ўжо існавалі металічныя бігудзі, а таксама атрымала распаўсюджанне завіўка на папільёткі — папяровыя, тканкавыя або гумавыя жгуцікі.

Прыкладна ў той жа час у Польшчы і былі выраблены шчыпцы, якія захоўваюцца ў Пружанскім палацыку.
Дарэчы, пасля выхаду ў кінапракат (у 2013 г.) пятай экранізацыі рамана вядомага амерыканскага пісьменніка Фрэнсіса Скота Фіцджэральда «Вялікі Гэтсбі» «марселеўская» прычоска зноў стала трэндам у свеце моды.

Але вернемся ў XX стагоддзе. У 1959 г. французскія вынаходнікі Рэнэ Лельеўр і Ражэ Лемуан запатэнтавалі першыя электрычныя шчыпцы, а ўжо ў 1961 г. прыгажуні займелі магчымасць карыстацца плойкамі.

З тых часоў прылады для завіўкі валасоў толькі ўдасканальваліся, з’яўляліся ўсё новыя і новыя інструменты для ўкладкі. Сёння на рынку існуе велізарная колькасць найменняў інструментаў для стайлінгу, якія практычна не наносяць шкоды валасам. Так што любая жанчына можа без праблем падабраць прыладу на свой густ. Усё, што застаецца старым шчыпцам, — ціхенька ляжаць у фондасховішчы і не рыпець іржавым шарнірам, час ад часу згадваючы пра прыгажунь мінулых стагоддзяў.

Арына Сысаляціна, малодшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы «Пружанскі палацык»