Суббота, 13 августа 2022

1 снежня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Якая сітуацыя ў раёне і дзе шукаць дапамогі?

1 057

Сёння адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Штогод ён прысвечаны пэўнай тэме. Дэвіз гэтага года – «Ліквідаваць нераўнапраўе. Пакончыць са СНІДам. Спыніць пандэміі».

За ўвесь перыяд эпідназірання ў нашай краіне зарэгістравана больш за 31 тысячу выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, у Брэсцкай вобласці – 2438.

Пружанскі раён па ўзроўні распаўсюджання ВІЧ знаходзіцца на 12-м месцы з 20 адміністрацыйных тэрыторый Брэстчыны. На 1 лістапада было зафіксавана 48 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, але за 10 месяцаў сёлетняга года выяўлена чатыры новыя, тры з іх — у людзей ва ўзросце 40 гадоў і старэйшых. Рост захваральнасці ў параўнанні з мінулым годам павысіўся на 35,8%.

Асноўным шляхам перадачы ВІЧ на Пружаншчыне з’яўляюцца сексуальныя кантакты (93,75%). У выніку ўжывання наркотыкаў заразілася небяспечнай інфекцыяй 6,25% хворых.

Усе ВІЧ-станоўчыя пацыенты, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, маюць доступ да бясплатнай антырэтравіруснай тэрапіі. На пачатак лістапада ў раёне такое лячэнне атрымлівае 35 з 38 чалавек, якія ведаюць свой статус.

Каб пашырыць доступ да самастойнага тэсціравання на ВІЧ, у райцэнтры ёсць у продажы наборы «Мульты-тэст», якія дазваляюць вызначыць ВІЧ-статус па сліне. Набыць іх можна ў ЦРА №7 (вул.Кастрычніцкая, 60) і аптэцы №128 (вул. Будаўнічая, 2). Дарэчы, за 10 месяцаў года ў аптэчнай сетцы Пружан было рэалізавана толькі тры такія тэсты.

Таксама ў вобласці працуюць прафілактычныя праграмы для груп насельніцтва, найбольш схільных да ВІЧ. Ананімна-кансультацыйныя пункты функцыянуюць у Баранавічах і Пінску. На базе абласнога наркалагічнага дыспансера адкрыты кабінет прафілактыкі ВІЧ для тых, хто ўжывае наркотыкі. У абласным цэнтры працуюць грамадскія аб’яднанні па дапамозе жанчынам, уцягнутым у сексуальны бізнес, і мужчынам, якія практыкуюць аднаполы секс. Акрамя таго, у Пінску і Брэсце адкрыты два пункты па даванні наркаспажыўцам метадонавай тэрапіі.

Анастасія Браніцкая, урач-эпідэміёлаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі