Понедельник, 17 января 2022

Пружанка Вікторыя Шут заваявала сярэбраны медаль на абласных спаборніцтвах па плаванні. Расказваем, пра што марыць юная спартсменка

2 054

На шостым этапе абласных спаборніцтваў па плаванні на прызы Беларускай федэрацыі плавання, які нядаўна адбыўся ў г.Лунінец, сярэбраным прызёрам стала пружанка Вікторыя Шут.

Вікторыя Шут і яе трэнер Вольга Клімук.

Дзяўчынка вылучылася на дыстанцыі 200 метраў вольным стылем, праплыўшы яе за дзве з паловай мінуты. Як зазначыла пасля пераможнага заплыву трэнер юнай спартсменкі Вольга Клімук, яна верыла ў поспех вучаніцы.

— Вікторыя працавітая, уважлівая, старанная, а галоўнае – вельмі адораная асоба. Калі два гады таму яна першы раз завітала да мяне на заняткі, то не ўмела нават правільна дыхаць у вадзе, а сёння ў Вікі ўжо другі спартыўны разрад. Прагрэс у тэхніцы бачны з кожным днём.

Правільна дыхаць, можа, спачатку і не ўмела. Але гэтая акалічнасць не забараняла «залатой рыбцы», так яе ласкава называюць бацькі, быць з воднай стыхіяй на «ты»: Вікторыя некалькі гадоў займалася… хакеем. І, прызнацца, замарожаная вада таксама прыносіла ёй задавальненне і поспех.

З-за частай змены хакейных трэнераў дзяўчынка вырашыла засяродзіць усю ўвагу і сілы на плаванні. Як паказаў час, мела рацыю. Год займалася ў агульнай групе, а потым была адабрана ў састаў каманды лідараў.

— Мне вельмі падабаецца плаванне, — прызнаецца Віка. — Заняткі ім не толькі ўмацоўваюць здароўе, але і дысцыплінуюць, прывучаюць дакладна планаваць свой дзень, не марнаваць час на гаджэты і іншыя забаўкі. Я хачу раўняцца на нашу славутую плыўчыху з Брэста Анастасію Шкурдай, а таксама на старэйшых таварышаў па пружанскай камандзе Улада Макарэвіча і Аліну Жорах, якія сёння вучацца ў школе алімпійскага рэзерву. Таксама мару туды трапіць. У мяне ўсё для гэтага ёсць: матывацыя, сілы, здароўе, трэнер і… магчымасць выконваць свае жаданні. На тое я і «залатая рыбка»!

Алена Зялевіч. Фота з асабістага архіву Вольгі Клімук