Среда, 10 августа 2022

Не забывайцеся пра флікеры! Карэспандэнты разам з супрацоўнікамі ДАІ правялі эксперымент і пераканаліся ў неабходнасці выкарыстання святловяртальных элементаў

299

Ніхто не аспрэчвае, што святловяртальныя элементы істотна павышаюць бяспеку пешаходаў і веласіпедыстаў у цёмны час сутак. Флікеры і іншыя прылады выраблены са спецыяльнага матэрыялу, які не рассейвае святло фар, а з высокай інтэнсіўнасцю адбівае яго ў бок крыніцы. Ствараецца эфект засветкі на вочы вадзіцеля. Прыкладна з такога ж матэрыялу вырабляецца плёнка для дарожных знакаў. У выніку падобныя святловяртальнікі на адзенні пешахода або веласіпедыста дазваляюць ім «свяціцца» ў цемры, калі на іх трапляе святло фар. І ў вадзіцеля з’яўляецца магчымасць своечасова убачыць чалавека і пазбегнуць трагічнага сутыкнення.

Навукоўцы сцвярджаюць, што без флікера чалавек бачны ў святле фар на адлегласці прыкладна 25–30 метраў, калі ж на ім адзенне цёмных колераў, то дыстанцыя яшчэ скарачаецца. Флікер «свеціцца» на адлегласці да 300 метраў. Гэта дае каля 30 дадатковых секунд вадзіцелю на прыняцце рашэння, а без святловяртальных элементаў у яго ёсць не больш за 2–3 секунды. За такі кароткі адрэзак часу нават камп’ютар не справіцца з рашэннем задачы.

З улікам гэтага супрацоўнікі ДАІ настойваюць, што выкарыстанне флікераў у цёмны час сутак павінна ўвайсці ў звычку. Аднак некаторыя грамадзяне не ўспрымаюць усур’ёз неабходнасць і важнасць іх нашэння. У гэтым мы пераканаліся падчас аднаго вячэрняга дзяжурства разам з патрульнымі інспектарамі. За гадзіну на гарадскіх вуліцах было затрымана каля дзясятка пешаходаў і два веласіпедысты без флікераў на адзенні.

— Амаль на ўсіх гарадскіх вуліцах ёсць асвятленне, але ж спадзявацца толькі на яркасць ліхтароў не варта, — зазначае інспектар ДПС Аляксандр Арэшчанка. — Тым больш, што пешаходныя тратуары ёсць не на ўсіх вуліцах. У выніку пешаходы ці веласіпедысты знаходзяцца на праезнай частцы.

Мы вырашылі правесці свой эксперымент з выкарыстаннем флікера на адзенні, а потым і ў святловяртальнай камізэльцы. Месцам правядзення стаў участак вуліцы Вінаградава, дзе заканчваецца жылая забудова, а разам з ёю і ліхтары. Як прызнаецца Аляксандр Ігаравіч, у цемры ён сам з заміраннем сэрца праязджае гэты кавалак вуліцы з закругленнямі працягласцю каля 500 метраў.

— І пешаходаў, і веласіпедыстаў тут нямала, часта ездзяць аўтамабілі, таму рызыка ДТЗ даволі высокая, — падкрэслівае інспектар. — І грэбаванне флікерамі — небяспечная абыякавасць. Больш за ўсё не разумею бацькоў, якія не кантралююць, як іх дзеці выходзяць на вуліцу ў цёмны час сутак.

Пад’язджаючы да выбранага месца эксперымента, мы заўважылі двух дзяцей, якія вярталіся дадому. У абодвух флікеры былі ў кішэнях… Інспектар правёў тлумачальную гутарку з малымі і прымусіў прычапіць святловяртальнікі. І яны засвяціліся ў святле фар (на здымку).

З пытаннем адносна неабходнасці флікераў мы звярнуліся да пружанскіх вадзіцеляў.


Васілій:
— Водбліск ад святловяртальніка я заўважыў прыкладна на адлегласці ў 300 метраў. Адразу паменшыў хуткасць, каб пешаход мог пачуць набліжэнне аўтамабіля, а таксама ў мяне было больш часу паназіраць за паводзінамі чалавека. Калі ідзе нармальна, то можна спакойна ехаць міма. А калі хістаецца, то лепш выехаць на паласу сустрэчнага руху, каб аб’ехаць небараку як мага далей. Флікеры — лічу, вельмі неабходная рэч. Пры гэтым для бяспекі не толькі пешахода, але і вадзіцеля, бо ў выпадку сутыкнення апошняму давядзецца ўсё роўна адказваць, не гаворачы пра атрыманы стрэс.

Віктар:
— Чалавека ў святловяртальнай камізэльцы ўбачыў метраў за 400. У святле фар гэты элемент свеціцца, нібыта лямпачка, добра бачны не толькі постаць, але і паходка. На маю думку, варта зрабіць неабходнымі не толькі флікеры, але і такія камізэлькі, бо даводзілася сутыкацца на дарозе з «прывідамі», пасля чаго рукі доўга трэсліся.

Сапраўды, кошт у гэтых прылад невысокі, тэрмін прыгоднасці неабмежаваны. Але ці варта наогул пераводзіць у грошы кошт здароўя чалавека, не гаворачы ўжо пра жыццё? Паклапаціцеся пра сваю бяспеку і сваіх родных! Пракантралюйце, як носяць флікеры вашы дзеці, і ў чарговы раз нагадайце ім пра карысць святловяртальных элементаў.

А ДЗЯРЖАЎТАІНСПЕКЦЫЯ НАГАДВАЕ:

За невыкарыстанне флікераў пры руху па дарозе ў цёмны час сутак прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры ад 1 да 3 базавых велічынь. Калі парушальнік знаходзіцца ў нецвярозым стане, то сума пакарання ўзрастае да 3–5 БВ.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік