Среда, 10 августа 2022

Аляксандр Дунін-Гаркавіч — даследчык паўночнай часткі Заходняй Сібіры з Ружан

1 201

Сёння, у Год народнага адзінства, успомнім пра слаўнага ўраджэнца ружанскай зямлі, вядомага вучонага-этнографа, падарожніка, даследчыка паўночнай часткі Заходняй Сібіры Аляксандра Дуніна-Гаркавіча, які пакінуў пасля сябе вялікую навуковую спадчыну.

Аляксандр Дунін-Гаркавіч.

Дваранская кроў і гонар
Нарадзіўся вучоны ў 1854 годзе ў Ружанах. Быў трэцім сынам губернскага сакратара Аляксандра Іосіфавіча Гаркавіча, які паходзіў са старажытнага дваранскага роду Дуніных (адзін з яго прадстаўнікоў у свой час за ўдзел у паходзе супраць датчан атрымаў мянушку «датчанін» – Dunczyk).

Вучыўся А.А.Дунін-Гаркавіч у Гродзенскай класічнай гімназіі, а затым – у Лісінскім лясным вучылішчы (пад Санкт-Пецярбургам), пасля заканчэння якога атрымаў кваліфікацыю інжынера-лесавода і званне ляснога кандуктара. Стажыроўку праходзіў у Царскасельскім лясніцтве.

Неўзабаве паступіў на службу ў лейб-гвардыі грэнадзёрскі полк Яго імператарскай Вялікасці Аляксандра II. Удзельнічаў у руска-турэцкай вайне, адважна ваяваў пад Плеўнай, за што быў узнагароджаны медалём «За адвагу» і атрымаў званне унтэр-афіцэра.

Пасля вайны працягнуў службу ў Царскасельскім лясніцтве, а затым у лясных ведамствах Самарскай, Ніжагародскай і Разанскай губерняў.

На прасторах Табольшчыны
У 1890 годзе Дуніна-Гаркавіча накіравалі ў Табольскую губерню, дзе на працягу доўгага часу ён працаваў у якасці галоўнага ляснічага найбуйнейшага на той момант па плошчы ў Расіі Самароўскага лясніцтва. Меў чын сапраўднага стацкага саветніка.

Даследчык стараўся пранікнуць у самыя глухія куткі неагляднага цяжкадаступнага краю, размешчанага ў басейнах вялікіх сібірскіх рэк Іртыша і Обі, які працягнуўся ад тайгі да берагоў Паўночнага Ледавітага акіяна. Яго цікавіла літаральна ўсё — ад прыродных рэсурсаў і этнаграфіі да стану рыбалоўства і пушнога промыслу.

Падчас экспедыцыі.

З запісак вучонага аб экспедыцыі на раку Вах:
«Шырокі басейн ракі мала даследаваны… Узяў з сабой з Сургута трох рускіх людзей, на Ваху далучыў да іх двух мясцовых асцякоў. Давялося падарожнічаць у стылі герояў Майн-Рыда — у обласах (тып лодкі – Рэд.). У тых месцах, дзе ўтвораная ракою ізлучына мела нязначны пярэсмык, обласы пераносілі на руках… Пры падарожжы летам вялікіх і разнастайных запасаў рабіць нельга, бо яны хутка псуюцца, асабліва на вадзе. Хлеб запасіцца выключна ў выглядзе сухароў… Узімку экіпаж для падарожжа – па тыпу аленевай нарты, але прыстасаваны і для конных дарог. Там, дзе даводзіцца ісці па бязлюдных і зусім пустынных месцах, перасоўваемся на аленях».

У святле паўночнага ззяння
Даследаванню паўночнай часткі Заходняй Сібіры Аляксандр Дунін-Гаркавіч аддаў усе свае сілы, розум і энергію і адлюстраваў вынікі падарожжаў у сваіх навуковых працах па гісторыі, этнаграфіі, эканоміцы Югры. Аб’ёмы і размах яго даследаванняў уражваюць.

У 1901 годзе ён зноў праехаў у басейн р.Паўночнай Сосьвы і ў вярхоўі р.Пялыма. Тут яму ўдалося пабываць ва ўсіх населеных пунктах, для чаго перасек гэтую тэрыторыю ўздоўж і ўпоперак, пераадолеўшы 1304 вярсты.

Куды не ўдавалася трапіць у цёплы час года, Дунін-Гаркавіч адпраўляўся зімой.

«Басейн р.Казыма я абследаваў, праехаўшы ў вярхоўі да апошняга населенага пункта – Юільскага мястэчка… На ўсім працягу пераезду не аказалася ніводнага рускага паселішча, за выключэннем сяла Палнавацкага, якое знаходзіцца ўжо ў 60 вёрстах ад Бярозава».

Сібірскі патэнцыял
У сваім дзённіку даследчык дае бясцэнныя сведчанні аб узнікненні рыбаперапрацоўчай прамысловасці ў Ханты-Мансійскай акрузе, аб тым, наколькі адказна падыходзілі да гэтай справы мясцовыя прадпрымальнікі.

Навуковая спадчына Дуніна-Гаркавіча паказвае, што аўтар меў асаблівыя гледжанні на Заходнюю Сібір, на Югру і эканоміку рэгіёна. Ён разглядаў тэрыторыі Ямала-Нянецкай, Ханты-Мансійскай аўтаномных акруг, поўначы сучаснага Табольскага раёна Цюменскай вобласці, паўночных раёнаў Томскай і Омскай абласцей як самастойны, адзіны ў геаграфічным і ў гаспадарчым плане рэгіён, аб’яднаны прыроднымі камунікацыйнымі сістэмамі – рэкамі і балотамі.

«Дзяржава можа выкарыстоўваць Табольскую Поўнач у мэтах каланізацыйных і прыцягнуць у гэты пустынны край энергічныя працоўныя масы, якія могуць прымяніць тут сваю моц».

На працягу пяці зім, з 1898 па 1903 г., Дунін-Гаркавіч вывучаў паўночную частку Сярэдняга Прыоб’я (больш за 1,6 млн. кв. км), даследаваў басейны Паўночнай Сосьвы, Піма, Конды і іншых рэк, апісаў Паўночна-Сосьвінскае ўзвышша, якое ляжыць паміж Обью і Уралам, пабываў і на Сібірскіх валах…

Навуковая спадчына
За гады падарожжаў па Табольскай Поўначы, у асноўным у адзіночку і за свой кошт, пераадолеўшы больш за 50 тыс. км, даследчык запоўніў многія «белыя плямы» на геаграфічных картах. Сабраў унікальныя матэрыялы па геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, эканоміцы, духоўнай культуры асцякоў (хантаў), вогулаў (мансі), самаедаў (ненцаў), зыран (комі), увёў у навуковую літаратуру мясцовы тэрмін «мацярык» — узвышаная водападзельная прастора, парослая лесам.

У 1903-1908 гг. Дунін-Гаркавіч даследаваў запалярную тундру, у 1908-1911 на параходзе «Табольск» правёў гідралагічныя работы ў нізоўі Обі і Надыма, Пура і Таза.

Па матэрыялах даследаванняў вучоным было напісана 67 навуковых работ, сярод іх — фундаментальная праца «Табольская Поўнач» (1904, 1910, 1911). У трэцяй кнізе аўтар абагульніў вынікі этнаграфічных даследаванняў хантаў, мансі, ненцаў. Пазней гэтыя матэрыялы адыгралі вялікую ролю ў стварэнні Ханты-Мансійскай і Ямала-Ненецкай нацыянальных акруг.

Скарбонка ўзнагарод
Дунін-Гаркавіч займаўся вывучэннем соцыума ва ўсіх яго сацыяльных узаемасувязях, выкарыстоўваючы інтэрв’ю, апытанні і г.д. Стаў першым сацыёлагам паўночнай часткі Заходняй Сібіры. Ён прапаноў-ваў далучаць карэнныя народы Поўначы ва ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Валодаючы хантыйскай і ненецкай мовамі, вучоны выдаў «Руска-асцяцка-самаедскі слоўнік» (1910).

За сукупнасць навуковых прац па даследаванні прыроды, насельніцтва Поўначы ў 1904 г. ураджэнец Ружаншчыны быў удастоены малога залатога і вялікага сярэбранага медалёў Расійскага геаграфічнага таварыства імя М.Пржэвальскага. Акрамя таго, быў узнагароджаны ордэнамі Святой Ганны, Святога Уладзіміра, Святога Станіслава і інш.

Апошняе падарожжа
Пасля рэвалюцыі даследчык жыў у Табольску, цярпеў матэрыяльныя цяжкасці, займаючы нязначныя пасады ў шэрагу дзяржаўных устаноў. Працаваў у Заходне-Сібірскім аддзеле Рускага геаграфічнага таварыства, таварыствах рыбалоўства і суднаходства і іншых, з’яўляўся Ганаровым членам таварыства вывучэння краю пры Табольскім музеі Поўначы.

А.А.Дунін-Гаркавіч быў залічаны ў катэгорыю вучоных усесаюзнага значэння, яму была ўстаноўлена персанальная пенсія. Але звесткі пра гэтую маральную і матэрыяльную падтрымку прыйшлі ўжо пасля ягонай смерці. Навуковец адправіўся ў «апошняе падарожжа» ў Табольску 9 студзеня 1927 года ва ўзросце 72 гадоў. Пахаваны на табольскіх гарадскіх могілках.

Памяць жыве
Сёння імем Дуніна-Гаркавіча названы востраў ва ўсходняй частцы дэльты Обі, а таксама вуліца ў Ханты-Мансійску, дзе з 2005 г. праводзіцца штогадовая навукова-практычная канферэнцыя яго імя.

Помнік А.А.Дуніну-Гаркавічу на табольскіх могілках.

У табольскай сядзібе вучонага адкрыты Музей гісторыі асваення і вывучэння Сібіры імя Дуніна-Гаркавіча. У мемарыяльным кабінеце прадстаўлены асабістыя рэчы і частка архіва вучонага.

Ігар Шаруха, Аляксей Яротаў, члены грамадскага аб‘яднання «Беларускае геаграфічнае таварыства»


Ад рэдакцыі. Адметна, што рэпрынтнае выданне адной з галоўных навуковых прац даследчыка, прысвечаных Поўначы Сібіры, захоўваецца і ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык». Такім чынам, памяць, хоць і маленькая, пра славутага ўраджэнца Ружаншчыны на яго малой радзіме жывая. Застаецца толькі дачакацца таго моманту, калі адной з вуліц Пружан ці Ружан будзе прысвоена яго імя. А ў самых смелых летуценнях мы бачым навуковых супрацоўнікаў музеяў Пружаншчыны ў ліку ўдзельнікаў навукова-практычнай ханты-мансійскай канферэнцыі, дзе яны распавядаюць пра мінулую славу і сучасны росквіт нашага рэгіёна, які даў свету шмат славутых людзей.