Понедельник, 17 января 2022

Каб абараніць ад АЧС. Яшчэ раз нагадваем, на тэрыторыі якіх населеных пунктаў раёна забаронена ўтрыманне свіней

749

Не мела баба клопату – купіла парася. Прыказка гэтая падыходзіць да праблемы прафілактыкі і недапушчэння заносу на тэрыторыю Пружанскага раёна небяспечнага захворвання, якое носіць даволі экзатычную назву — афрыканская чума свіней.

Як кажуць, спакон веку мяса парсюкоў было самым жаданым на разнасольным стале кожнага беларуса. Якія толькі смачныя стравы з яго ні рабілі. Не буду тут іх пералічваць.

Але свінні, як і кожная жывёла, могуць захварэць. Для гаспадара пачынаюцца праблемы: як выратаваць, вылечыць, а не дай Бог загіне, колькі працы і сродкаў затрачана… Большасць захворванняў ветерынарныя службы навучыліся лячыць, ёсць для гэтага і адпаведныя прэпараты. Аднак у апошнія гады на слыху ў спецыялістаў, насельніцтва, якое займаецца свінагадоўляй, ды і ў тых, хто трымае пару парсючкоў, — афрыканская чума свіней.

Здаецца, дзе тая Афрыка і, дзе мы. Аднак гэтая небяспечная хвароба змагла наблізіцца і пранікнуць у некаторыя рэгіёны нашай краіны. Адразу заўважым, што ратунку ад АЧС няма. Свіней трэба альбо выразаць ушчэнт, або тэрмінова прымаць прафілактычныя меры, каб не распаўсюдзіць хваробу.

Адной з такіх мер стала прыняцце рашэння Пружанскім райвыканкамам ад 23 жніўня 2021 года №1556 (апублікавана ў газеце «Раённыя будні» 1 верасня 2021 года), дзе пазначаны тэрыторыі, у межах якіх забаронена ўтрыманне свіней.

Нагадаем, што сюды трапілі наступныя населеныя пункты: Белавусаўшчына, Вялікія Якавічы, Бузуны, Жадзены, Агароднікі, Парасляны і хутар Палінава Пружанскага сельсавета, Руднікі, Бельчыцы, Казлы, Ляжайка, Мокрае, Несцяркі, Сілічы, Клепачы, Замошша, Котра, Краснае, Кушлі, Ліхачы, Нямковічы, Пескі, Пасталова Мокраўскага сельсавета, Дабучын, Ражковічы Хараўскога сельсавета, Калазубы, Бор-Ліпы, Буцькі, Далкі, Вітараж, Загалічы, Еськаўцы, Каплі, Кавалі, Навасады, Паўлава, Перасадзічы, Юндзілы і хутар Нікіцічы Ружанскага сельсавета.

Як паведаміла намеснік галоўнага ветурача раёна Таццяна Карэтка, вышэйназваны дакумент абапіраецца на пункт 20 Ветэрынарна-санітарных правілаў утрымання прадукцыйных жывёл у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян і пункта 51 тых жа правілаў, які тычыцца вырошчвання свіней юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, зацверджанымі Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 жніўня 2013 года №758 «Аб дадатковых мерах па ліквідацыі і недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных захворванняў жывёл».

Бачыце, АЧС выдзелена асобна, як самая-самая. Пра гэта паведамляе і Сусветная арганізацыя аховы здароўя жывёл, бо сітуацыя па захворванні АЧС у свеце застаецца трывожнай. Успышкі хваробы сярод пагалоўя свіней і дзікоў рэгіструюцца на тэрыторях Украіны, Польшчы, Расійскай Федэрацыі.

У сувязі з гэтым, распачынаюцца дадатковыя меры па недапушчэнні АЧС на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Па словах Таццяны Сяргееўны, сёння ўзмоцнены рэжым канфіскацыі і ўтылізацыі рэсурсаў дзікоў карыстальнікамі паляўнічых угоддзяў ДЛГУ «Пружанскі лясгас», НП «Белавежская пушча», Пружанскай раённай арганізацыйнай структурай БГПР, прыняты дадатковыя меры па забеспячэнні біялагічнай абароны на свінагадоўчых комплексах.

Другая мера па ўзмацненні біялагічнай абароны буйных свінагадоўчых комплексаў Пружанскага раёна – вышэйназванае рашэнне райвыканкама, якім акрэслены тэрыторыі, у межах якіх забаронена ўтрыманне свіней.

Што тычыцца жыхароў буфернай зоны, то замест свіней у асабістай падсобнай гаспадарцы можна завесці іншых жывёл, напрыклад, кароў, коз ці авечак. У падтрымку развядзення апошніх, Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 красавіка 2019 года №268 зацверджаны комплекс мер на 2019-2025 гады па развіцці авечкагадоўлі. Робіцца фінансаванне мерапрыемстваў комплексу са сродкаў, прадугледжаных у рамках адпаведных дзяржаўных праграм у аграпрамысловым комплексе. На ўтрыманне авечак няма забароны. У той жа час ад жывёлы можна атрымліваць не толькі мяса, але і малочныя прадукты для сябе і на рэалізацыю, карыстаюцца попытам таксама воўна, шкуры.

Бульбу, якую жыхары буфернай зоны вырасцілі на корм свіней, прымае крухмальны завод ААТ «Айчына» па 30 капеек за кілаграм. Яшчэ адзін варыянт – рэалізаваць ураджай на рынку ў Пружанах.

Трэба адзначыць, што Пружанскі раён не адзіны ў Брэсцкай вобласці, дзе ўведзена забарона на ўтрыманне свіней вакол свінакомплексаў на тэрыторыях звыш 2 км.

Нагадваем, што артыкулам 16.28 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях, якая мае назву «Парушэнне патрабаванняў у вобласці ветэрынарнай дзейнасці», прадугледжана адказнасць – штраф у памеры да 30 базавых велічынь. Пратаколы па дадзеным артыкуле ўпаўнаважаны складаць органы дзяржаўнай ветэрынарнай службы.

Падрыхтаваў Віктар Ільюшчанка