Среда, 10 августа 2022

Гісторыя з фатаграфіяй. Аркестр саўгаса-тэхнікума

1 368

У мінулым выпуску рубрыкі ўсё ж я крыху дала маху: узгадвала пра кансервавы завод на вуліцы Свабоды, а фотаздымак, як паправілі чытачы, тычыўся аналагічнага прадпрыемства па вуліцы Лазо. Яго пазней з-за падобнай блытаніны і перайменавалі ў плодакансервавы камбінат.

Што ж, час няўмольна бяжыць, і бывае, што ў памяці блытаюцца падзеі і даты, і лёгка выдаць жаданае за сапраўднае: напісана «кансервавы» — значыць, гэты, тым больш, што па забудове таксама вельмі падобны.

Але чарговае фота 1970-х, напэўна, немагчыма зблытаць ні з чым. Знакаміты духавы аркестр Пружанскага саўгаса-тэхнікума. І ў радасці, і ў горы чулі гараджане яго музыку: духавікі ўдзельнічалі не толькі ў канцэртах, але і ва ўсіх святочных мерапрыемствах, дэманстрацыях, не адмаўляліся і ад жалобных цырымоній. Прыўзнята ўрачыстыя мелодыі дарылі неверагодныя эмоцыі.

Шмат гадоў гэтым выдатным аркестрам кіраваў не прафесійны музыкант — Эрык Дзмітрыевіч Скорыкаў, выкладчык дысцыпліны «Трактары і аўтамабілі». Вось ён, на першым плане, другі справа, невялічкага росту, сціплы, таленавіты і вельмі добры чалавек.

Вядучая рубрыкі Ірына Сядова