Среда, 10 августа 2022

З Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК! Пра важкія вынікі аграрнага сектара Пружаншчыны расказала першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Вольга Васютовіч

607

У трэцюю нядзелю лістапада аграрыі краіны адзначаюць сваё прафесійнае свята – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу Беларусі. Адметна, што ў 2021 годзе свята выпала на 21 лістапада.

Пра тое, з якімі дасягненнямі сустракаюць свой дзень працаўнікі аграрнага сектара эканомікі мы папрасілі расказаць першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пружанскага райвыканкама Вольгу Васютовіч.

— Не сакрэт, што зладжаная работа і добрасумленныя адносіны да сваёй справы працаўнікоў палёў і перапрацоўчай прамысловасці заўсёды будуць садзейнічаць эфектыўнаму развіццю эканомікі нашага раёна. Кожны сельскагаспадарчы год па-свойму няпросты. Палявы сезон 2021-га не стаў выключэннем. Нягледзячы на гэта, складаныя ўмовы надвор’я не перашкодзілі зноў паказаць годныя вынікі па зборы ўраджаю. Валавы збор зерня ў аб’ёме 106 тысяч тон стаў важкім укладам у агульны каравай вобласці. Такім чынам, пагалоўе жывёлы большасці гаспадарак раёна забяспечана зернефуражом у поўнай ступені. Засыпалі ў засекі таксама 26 тысяч тон зерня кукурузы.

Па выніках абласнога спаборніцтва за дасягненні высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур сярод сельгасарганізацый ААТ «Велікасельскае Агра» заняло трэцяе месца. Сярод старшых камбайнераў і камбайнераў вобласці ўладальнікамі другога месца сталі Пётр і Дзяніс Мартынюкі з ААТ «Айчына», такое ж месца прысуджана галоўнаму аграному ААТ «Агра-Калядзічы» Леаніду Чарняку, які забяспечыў найбольшы выхад зерня на 1 бала-гектар ворных зямель.

Удзел у жніве прынялі 133 камбайнавыя экіпажы і 155 вадзіцеляў. З гэтага ліку 32 экіпажы намалацілі больш за 1000 тон зерня, 2 – звыш 1500. Лепшыя вынікі на адвозцы зерня ў 37 вадзіцеляў, 6 з якіх перавезлі больш за 2000 тон, 31 – звыш 1000 тон. Сярод экіпажаў можна адзначыць Вадзіма Кісялевіча і Цімафея Мелеша з ААТ «Велікасельскае Агра», а таксама Аляксандра Бакуна і Мікалая Гугу, якія першымі выдалі па 1000 тон намалочанага зерня. Вадзім Юр’евіч і Цімафей Аляксандравіч сталі пераможцамі па намалоце 1500 тон зерня. Аляксандр Санукевіч – пераможца на адвозцы, ён першым перавёз 2000 тон зерня.

Выніковай стала праца вытворцаў цукровых буракоў, садавіны і агародніны, ягадных культур, працаўнікоў на нарыхтоўцы кармоў. Той аб’ём кармоў, які нарыхтавалі сельгаспрадпрыемствы, дазволіць забяспечыць стабільны рост паказчыкаў галіны жывёлагадоўлі, якая з’яўляецца важнейшай у сельскай гаспадарцы. Гэта адна з асноўных і стабільных крыніц эканамічнага дабрабыту гаспадарак і насельніцтва раёна, харчовая бяспека краіны. Па прадукцыйнасці дойнага статка раён займае 6 месца сярод 16 раёнаў вобласці.

Лідарамі па вытворчасці малака з’яўляюцца ААТ «Велікасельскае Агра», ААТ «Агра-Калядзічы», ААТ «Мурава», ААТ «Шані-аграпрадукт», ААТ «Жураўлінае», ААТ «Ружаны-Агра».

Уражваюць поспехі, дасягнутыя ў галіне якасці рэалізаванай прадукцыі. Па выніках 2020 года ў цэлым па раёне рэалізавана гатункам «экстра» 93,9%, вышэйшым — 5,9%. Амаль такая ж тэндэнцыя па надоях якаснага малака і ў гэтым годзе.

Вытворчасць мяса — другі важны сегмент галіны жывёлагадоўлі, які стабільна развіваецца і забяспечвае штогадовы прырост. Валаўтваральнымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі па праве з’яўляюцца ААТ «Жураўлінае» — 37,4% і ААТ «Ружаны-Агра» — 29,8% ад агульнараённага аб’ёму. Самых годных паказчыкаў па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы дасягнулі ААТ «Велікасельскае-Агра», ААТ «Ружаны-Агра», ААТ «Агра-Калядзічы», ААТ «Жураўлінае».

Добрыя паказчыкі дзейнасці перапрацоўчай прамысловасці — гэта вынік разумнага сумяшчэння традыцый і сучаснага навукова-тэхналагічнага падыходу. Прэмія Брэсцкага аблвыканкама за дасягненні ў вобласці якасці прысуджана ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Гэтае прадпрыемства неаднаразова ўзнагароджвалася медалямі на міжнародных выставах.

Годны ўклад у скарбонку эканамічнай стабільнасці ўносяць ААТ «Пружанскі кансервавы завод», філіял Пружанскага райспажыўтаварыства «Камбінат кааператыўнай прамысловасці», ГВУП «Белавежскія віны».


Напрыканцы Вольга Васютовіч павіншавала ўсіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі са святам і пажадала, каб усе намаганні радавалі высокімі вынікамі, выказала ўдзячнасць за высокі прафесіяналізм, добрасумленную працу і адданасць справе.

Падрыхтаваў Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік