Среда, 10 августа 2022

Ці варта адмяняць для сябе масачны рэжым і ці трэба насіць медыцынскія маскі дзецям? Адказваюць спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

759

«Хачу заўважыць, што пасля адмены масачнага рэжыму грамадства вельмі хутка падзялілася на тых, хто працягвае насіць маскі (балазе, іх больш), і тых, хто паспяшаўся ад іх вызваліцца нават у людных месцах, мяркуючы, што хвароба пройдзе міма. Што тут скажаш? Кожны робіць свой выбар і мае на гэта права, тым больш, калі за адсутнасць маскі не штрафуюць. Але цікава пачуць думку санітарных урачоў і эпідэміёлагаў наконт актуальнасці выкарыстання сродкаў індывідуальнай абароны».

Вольга, г.Пружаны

Адказвае галоўны санітарны ўрач Пружанскага раёна Кацярына ПАПКО:

— Заўважу, што з 22 кастрычніка ўступіла ў сілу Пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 20.10.2021 № 111, якой унесены змяненні ў патрабаванні да арганізацыі санітарных і супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне занясення, узнікнення і распаўсюджвання грыпу і COVID-19.

У Пастанове актуалізаваны мерапрыемствы ў перыяд рэгістрацыі выпадкаў інфекцыі COVID-19.

Дакумент сапраўды адмяняе прымяненне адміністрацыйнай адказнасці да фізічных асоб за невыкарыстанне сродкаў абароны органаў дыхання на аб’ектах усіх формаў уласнасці і ў грамадскім транспарце.

Аднак у Пастанове адзначаецца неабходнасць прымянення кіраўнікамі арганізацый (устаноў, прадпрыемстваў) прафілактычных мер па забеспячэнні кантролю за выкарыстаннем сродкаў абароны органаў дыхання работнікамі, фізічнымі асобамі пры наведванні аб’ектаў у выпадку адсутнасці магчымасці захавання сацыяльнай дыстанцыі (1—1,5 метра). Выбар спосабаў выканання ўстаноўленых патрабаванняў — рашэнне саміх суб’ектаў гаспадарання.

Ва ўмовах эпідэміялагічнай сітуацыі Міністэрства аховы здароўя РЭКАМЕНДУЕ грамадзянам надзяваць медыцынскія маскі пры знаходжанні ў памяшканнях, на гандлёвых аб’ектах, на прадпрыемствах грамадскага харчавання, на аб’ектах бытавога абслугоўвання, у транспарце і іншых месцах, дзе ёсць верагоднасць адсутнасці паміж наведвальнікамі (гледачамі, работнікамі) сацыяльнай дыстанцыі ў 1—1,5 м.

Што тычыцца мэтазгоднасці надзявання маскі, то неабходна прыняць да ўвагі, што функцыя маскі складаецца ў бар’ернай затрымцы кропель вільгаці, якія ўтвараюцца пры гутарцы, кашлі, чханні і ў якіх могуць знаходзіцца небяспечныя мікраарганізмы (вірусы і бактэрыі). Правільнае прымяненне масак можа ў пэўнай ступені абмежаваць распаўсюджванне інфекцыі і знізіць рызыку інфіцыравання людзей.

Пры адсутнасці магчымасці выкарыстання медыцынскіх масак рэкамендуем выкарыстоўваць тканкавыя маскі (павязкі) шматразовага прымянення. Неабходна падабраць такую маску, якая забяспечыць шчыльнае прыляганне да твару (носа, шчок і падбародка).

Як правіла, адну маску рэкамендуюць выкарыстоўваць не больш за дзве гадзіны, а таксама праводзіць неадкладную замену ў выпадку яе ўвільгатнення, забруджвання.


«Шмат разоў «раёнка» пісала пра тое, што падчас складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ў месцах масавага збору людзей, тым больш, у транспарце, аптэках, магазінах і іншых установах рэкамендавана насіць медыцынскую маску. Што тычыцца дарослых, то тут усё зразумела: мы ў большасці разважлівыя і культурныя асобы, здольныя зрабіць свой выбар. А што рабіць з малымі дзецьмі? Ці патрэбна ім надзяваць маску?»

Алена, г.Пружаны

Адказвае загадчыца аддзела эпідэміялогіі Пружанскага ЦГіЭ Крысціна Пашкевіч:

У адпаведнасці з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і Дзіцячага фонду Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ЮНІСЕФ), дзецям ва ўзросце ад 12 гадоў і больш рэкамендавана насіць маскі таксама, як і дарослым.

Дзецям ва ўзросце 6-11 гадоў нашэнне медыцынскай маскі пажадана, калі:

  • існуе рызыка перадачы інфекцыі ў месцы пражывання дзіцяці;
  • дзіця можа бяспечна і правільна карыстацца маскай;
  • у яго ёсць магчымасць своечасова (праз 1,5 – 2 гадзіны) змяняць маску на чыстую.

Дзецям да пяці гадоў НЕ рэкамендуецца насіць маскі. Толькі ў тых выпадках, калі з дзіцем побач знаходзіцца або патэнцыяльна можа знаходзіцца хворы, медыцынскую маску пажадана ўсё ж такі выкарыстоўваць. Пры гэтым бацькі ці іншыя дарослыя павінны кантраляваць яе бяспечнае выкарыстанне.

З улікам складанай эпідэміялагічнай сітуацыі па COVID-19 у Беларусі і па рашэнні бацькоў у нашай краіне РЭКАМЕНДУЕЦЦА прымяненне масак дзецьмі ў грамадскіх месцах і транспарце. Пры гэтым бацькам неабходна навучыць дзяцей правілам карыстання маскай.

Калі ж бацькі не жадаюць, каб дзіця выкарыстоўвала маску, то мэтазгодна скараціць час яго знаходжання ў месцах масавага збору людзей.

Падрыхтавала Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік