Среда, 10 августа 2022

Член гарадскога савета ветэранаў Ніна Васечка пра сітуацыю з бежанцамі на граніцы: «Дзецьмі вайны сталі ў мірны час»

411

— Мы, дзеці вайны, якія не па чутках ведаюць, што такое жыць у лесе, ратуючыся ад азвярэлых фашыстаў, сёння з жахам назіраем за тым, што адбываецца на беларуска-польскай мяжы.

Мы перажылі голад, холад, пастаянны страх за сваё жыццё і жыцці родных і блізкіх. Хаваліся ў шалашах, наспех зробленых з яловых галінак, каб нямецкія лётчыкі нас не заўважылі і не пачалі бамбіць. Калі пачаліся дажджы, мамы ўкрывалі нас сваімі паліто, каб хоць неяк уратаваць ад холаду.

Хіба мы маглі ўявіць, што нешта падобнае здарыцца праз восемдзесят гадоў? Як такое магчыма? XXI стагоддзе на двары! А ў цэнтры Еўропы здзекуюцца з нявінных дзяцей бежанцаў. Я не ведаю ўсёй паднаготнай канфлікту на граніцы, але без слёз глядзець на маленькіх прыгожых дзетак, якія сталі заложнікамі створанай дарослымі сітуацыі, не магу.

Зразумела адно, што ад добрага жыцця людзі не ўцякаюць. Не дай Бог нікому аказацца на іх месцы: у людзей адабралі радзіму, разрабавалі дамы і вымусілі бегчы, а цяпер адбіраюць надзею і на магчымасць выжыць.

Хочацца звярнуцца да палітыкаў: спыніцеся! Падумайце пра тое, што бераце на сваю душу вялікі грэх, ад якога не адмыецеся, не адмоліцеся ні пры жыцці, ні на тым свеце.

Дайце магчымасць дзецям жыць, а іх бацькам працаваць дзеля агульнага дабра. Прыміце іх! Не ганіце прэч! Навошта вы абліваеце людзей з вадамётаў ледзяной вадой? Навошта труціце нейкімі хімікатамі? Бедныя жанчыны ўжо страцілі надзею, дзеці плачуць, а вы абыякава глядзіце на ўсё гэта збоку!

Памятайце: шчасце не толькі адной краіны, а ўсяго свету не вартае нават адной слязінкі на шчацэ нявіннага дзіцяці…

Запісала Алена Зялевіч