Понедельник, 17 января 2022

Што адбываецца на ўчастку беларуска-польскай граніцы ў Пружанскім раёне? Карэспандэнт абласной газеты «Заря» пабывала на месцы і даведалася

1 031

Тысячы бежанцаў з Блізкага Усходу спрабуюць прарвацца на тэрыторыю сумежнай дзяржавы. Карэспандэнт абласной газеты «Заря» пабывала на ўчастку беларуска-польскай граніцы ў раёне Белавежскай пушчы.

Што ж там адбываецца? У лесе ў Пружанскім раёне перад польскімі загародамі размясціліся два дзясяткі бежанцаў — мужчыны, жанчыны і дзеці. А за калючай агароджай — ланцуг польскіх сілавікоў, сцягнута спецтэхніка. Абыякавасць і агрэсія ў адказ на просьбы аб дапамозе. З-за гэтага людзі знаходзяцца ў вельмі цяжкім фізічным і маральным стане.

Сітуацыю пагаршаюць умовы надвор’я. Бежанцам з Ірака, Емена і Афганістана даводзіцца спаць на зямлі пад адкрытым небам у той час, калі слупок тэрмометра ноччу апускаецца ніжэй за нуль. Ад холаду ў дзяцей апухаюць ногі так, што боты ўжо не надзяваюцца. На голай зямлі яны сядзяць басанож.

Праблемы са здароўем узнікаюць і ў дарослых. Спрабуючы сагрэцца, мужчына атрымаў апёкі абедзвюх ног. Праблемы з нагамі і ў зусім маладога хлопца з Афганістана. На дрэннае самаадчуванне скардзяцца жанчыны.

Карміць дзяцей няма чым. Самаму старэйшаму з іх дзевяць гадоў, малодшаму — усяго восем месяцаў. На дапамогу бежанцам прыйшлі мясцовыя жыхары, якія прыносяць ім ежу і ваду.

— Мы не думалі, што ўсё так здарыцца. Дома ў нас засталіся бацькі, родныя. Але вяртацца нам няма куды. На радзіме мы ўсё прадалі. Калі нас не прапусцяць у Германію, мы застанёмся паміраць тут, — бядуе жанчына па імені Ноз з Ірака.

Для псіхалагічнага націску на бежанцаў ваеннаслужачыя Польшчы ўключаюць гучнагаварыцелі: «Перасячэнне граніцы ў гэтым месцы забаронена, калі вы паспрабуеце перасекчы граніцу, будзе прыменена сіла. Каб трапіць на тэрыторыю нашай дзяржавы і іншых еўрапейскіх краін, вам неабходна звярнуцца ў консульства для атрымання шэнгенскай візы».

Але бежанцы ведаюць ад суайчыннікаў, што палякі нават не разглядаюць такія звароты. А ўночы з 10 на 11 лістапада, па словах відавочцаў, як толькі яны падышлі да дроту, палякі адкрылі агонь у паветра і прымянілі слёзатачывы газ. У выніку пацярпела дзяўчынка.

Разам з грамадзянінам Ірака па імені Нарыман тут знаходзяцца яго трое дзяцей і жонка Шоха. «Пасля ваенных дзеянняў у нашай краіне ўсё змянілася, сітуацыя пагоршылася. Пастаянныя выбухі, людзі забіваюць адзін аднаго. У нас няма працы, дапамогі з боку дзяржавы. Усё вельмі дорага. Вялікія праблемы з адукацыяй, — па-англійску кажа Нарыман, былы іракскі паліцэйскі. — Тут, у лесе, мы знаходзімся ўжо месяц, але безвынікова. У мяне няма выбару. Будзем чакаць, пакуль нас не прапусцяць праз гэты плот у Польшчу, каб адтуль перайсці ў Германію. Гэта наша галоўная мэта. Польскія пагранічнікі выштурхоўваюць нас, крычаць: go baсk! (ідзіце назад — з англ.). Пагражаюць пабіць. Але дарогі назад у нас няма. Мне б хацелася верыць, што еўрапейцы нам акажуць дапамогу».

Сярод бежанцаў аказаўся і грамадзянін Емена. Ён тлумачыць на няправільнай рускай мове: «Калі мы ішлі сюды, то думалі, што бесперашкодна патрапім у Польшчу, а адтуль — у Германію. Але тут калючы плот. Я не мог уявіць, што мне давядзецца жыць у лесе на граніцы».

Наогул гісторыі ва ўсіх падобныя. Мігранты з Блізкага Усходу жадаюць патрапіць у Германію або краіны Паўночнай Еўропы, каб атрымаць статус бежанца. А жадання заставацца ў Польшчы ці ў Беларусі ў іх няма.

— Калі ласка, дайце перасекчы граніцу! Мы галодныя, нам холадна. Я больш не магу знаходзіцца тут! Я не хачу паміраць — я занадта малады! — са слязамі на вачах моліць аб дапамозе праз СМІ лідараў еўрапейскіх краін 36-гадовы жыхар Ірака.

Паводле матэрыяла Алены Ярмашук, газета «Заря». Фота аўтара