Четверг, 11 августа 2022

Жыхарка вёскі Галасяціна Ніна Старун замяніла тром унукам матулю

841

На жаль, аптымізму аднавясковак не падзяляе адна з самых пажылых жыхарак в.Галасяціна Ніна Старун, якая ўжо даўно размяняла дзявяты дзясятак. У яе цяжкі лёс. Жанчына-маці, бабуля і… цешча. Прызнацца, менавіта «цешчыны» гісторыі і прывялі нас да яе ў госці.

— Вёска пусцее і ўжо, няма тут таго агульнага жыццярадаснага настрою, які быў калісьці. Нездарма старыя людзі прадказвалі, што надыдзе час і квітнець будуць толькі «дзяржаўныя» вёскі, ім зараз назву прыдумалі – аграгарадкі, а астатнія паціху знікнуць, — разважае Ніна Васільеўна.

Вёсцы Галасяціна, думаецца, да сумнага канца яшчэ вельмі далёка: ферма працуе, майстэрні таксама, ды і магазін яшчэ не пацясніла аўталаўка. Але пажылым людзям, як бачым, гэта не дадае аптымізму.

— Ды адкуль яму ўзяцца? Вёска мяняецца, і людзі сталі іншыя: кожны сам за сябе. Раней былі больш ветлівыя і вясёлыя, — сумуе жанчына, якая ўжо больш за 20 гадоў жыве са сваёй уласнай бядой.

У 2000-м годзе здарылася страшнае няшчасце з адной з яе дачок — і трое ўнукаў асірацела. Што заставалася рабіць?

— Толькі браць на сябе цяжкую ношу, інакш зяць не перажыў бы страту. Я не магла не дапамагчы Андрэю. Ён у мяне вельмі добры, залаты чалавек. Ніколі з цешчы не смяяўся, брыдкага слова ў мой адрас не сказаў, толькі «мама, мама, мама»… І ўнукам патрэбны быў клопат: старэйшая Валянціна тады толькі пачала працаваць у швейнай майстэрні, Танечка — выпускніца школы (перажывала такі стрэс, што баяліся, як яна экзамены здасць), унучак Юрачка хадзіў у пяты клас, увесь час плакаў без мамы… А зяцю на працу трэба было спяшацца. Гэта зараз ён на пенсіі, а тады ў трактарыста і часу вольнага ні на сям’ю, ні на падсобную гаспадарку не заставалася. Дачка трымала карову, свіней, шмат курэй. І агарод трэба было даглядаць. Адным словам, цяжка сям’і без працавітых жаночых рук. Вось і давялося да іх перабрацца, каб дапамагчы перажыць боль і самой не звар’яцець ад гора, — са слязамі на вачах распавядае пра перажытае Ніна Старун.

Жанчына сама не па чутках ведае, што такое расці сіратой. Яе тата Васіль Пасюк загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Польшчы. Там недзе і пахаваны, ніякіх дадатковых звестак пра яго сям’я, на жаль, не змагла знайсці. Ніна, як і ўсе дзеці таго часу, расла ў голадзе і холадзе, пешшу ў Брадоўскую школу хадзіла. У 17 гадоў выйшла замуж, нарадзіла чацвярых дзяцей і гадаваць якіх было нялёгка.

Напачатку 60-х Старуны паспрабавалі кардынальна змяніць сваё жыццё, у пошуках лепшага заробку з’ехалі ва Украіну. Але муж нашай гераіні цяжка захварэў — і яны вымушаны былі вярнуцца назад.

— А ў калгасе ў тыя гады працавалі практычна бясплатна. Усё, што змаглі нажыць, дык гэта веласіпед, на якім я ў Вежнае ў храм і ў Шарашэва па хлеб ездзіла… Зараз, дзякуй Богу, у Шчарчова царква з’явілася. Ужо ў нечым лягчэй… Безумоўна, радуе і тое, што Бог падарыў мне дзесяць цудоўных унукаў, дачакалася я і чатырнаццаці праўнукаў, самаму малодшаму яшчэ месяца няма. Жыццё ў іх працягваецца… А я ўсё часцей гляджу на захад і думаю пра тое, што ўжо стаю на парозе вечнасці… Эх, старасць не радасць. Ну нічога, далей мой дарагі зяць справіцца сам.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік