Среда, 10 августа 2022

Гісторыя з фатаграфіяй. Кансервы, сокі, варэнне і нават цукеркі

836

Да гэтага часу дастаткова сказаць проста: кансервавы завод, каб суразмоўца ўявіў гэты комплекс пабудоў па вуліцы Свабоды.

Гэтае фота мы знайшлі ў архіве Наталлі Андрусевіч, але яно ёсць і ў альбомах іншых гараджан.

Ён з’явіўся на карце Пружан амаль адразу пасля вайны — у лістападзе 1946 года, спачатку як Пружанскі харчкамбінат. Тут варылі варэнне і павідла і нават пяклі пячэнне. Але я, зразумела, памятаю яго ўжо абноўленым, больш маштабным — прыкладна такім, як выглядае ён на гэтым фота. Дарэчы, здымак магчыма датаваць 1971-1975 гадамі, бо лозунг над варотамі заклікае выконваць рашэнні 24-га з‘езда КПСС, які адбыўся ў сакавіку 1971-га. Але з пэўнай верагоднасцю можна сказаць, што яго зрабілі да 25-годдзя прадпрыемства.

Недзе ў гэты час або на які год раней мы — дзеці з прышкольнага лагера — пабывалі тут на экскурсіі. Марынаваныя агуркі не зацікавілі. А вось цукеркі палачкі-стукалачкі, якія жанчыны проста рукамі ляпілі на вялікім стале — уразілі неверагодна. Тэхналогія найпростая: выцягвалі ў доўгую стужку вялікі кавалак яшчэ гарачага «карамельнага цеста» і наразалі на буйныя кавалкі. Ох, і смачнымі былі гэтыя цукеркі! А яшчэ папілі свежага соку: хто са шклянкі, а хто і да верху вялікай ёмістасці дацягнуўся і пасёрбаў (не хацела б я зараз сутыкнуцца з такой школьнай-шкоднай экскурсіяй). Гэты сок удосталь запілі яшчэ газіроўкай, якую разлівалі таксама з дапамогай ручнога прываду… Успаміны, адным словам, засталіся неверагодныя.

Вядучая рубрыкі Ірына Сядова