Суббота, 13 августа 2022

COVID-19: з першых вуснаў. Індывідуальны прадпрымальнік Яўген Валюкевіч пра тое, як лячыўся ад віруса

902

Людзі, якія перанеслі хваробу ў цяжкай форме, працягваюць дзяліцца з чытачамі «раёнкі» сваімі ўражаннямі.

Я перахварэў на каранавірус месяц таму і адназначна магу сцвярджаць, што ў чацвёртую хвалю ён стаў каварней. Калі раней шэраг маіх знаёмых яго перанеслі ў намнога лёгкай і нават бессімптомнай форме, то на гэты раз — усё па-іншаму. Нават я, фізічна моцны чалавек, апынуўся ў бальніцы.

Праўда, да гэтага пяць дзён лячыўся дома. Аднак усе мае спробы збіць тэмпературу і ўтрымаць яе на нармальным узроўні не мелі поспеху. Да таго ж, стала падаць сатурацыя. Таму пасля атрымання станоўчага тэсту на кавід мяне накіравалі на КТ, якое я, дарэчы, праходзіў у Драгічыне. Дыягназ — пнеўманія.

Медыкі «хуткай дапамогі», якія прыязджалі збіваць тэмпературу, пераканалі, што трэба ехаць у бальніцу. Жонка сабрала рэчы — і я трапіў у прыёмны пакой Пружанскай ЦРБ, адтуль — у палату інфекцыйнага аддзялення. Увечары на твары ўжо была кіслародная маска…

Што хочацца сказаць? Па-першае, з гэтага часу не буду верыць чуткам пра тое, што «ў нашу бальніцу лепш не трапляць і з нашымі медыкамі лепш не звязвацца». Абсалютна ўсім работнікам пружанскай бальніцы я кажу вялікі дзякуй за самаадданую працу!

Дзякую памочніку ўрача, які аператыўна паведаміў пра вынікі тэста і пажадаў выздараўлення. Дзякую і кавіднай брыгадзе «хуткай», якая без праблем прыязджала дадому, каб збіць тэмпературу і памераць сатурацыю. Безумоўна, дзякуй урачу, які пачынаў мяне лячыць, а таксама ўсяму персаналу інфекцыйнага аддзялення, — ад загадчыка да санітаркі. Я нават не чакаў, што так добра будуць даглядаць хворых!

Кожную гадзіну-дзве прыходзілі і распытвалі пра самаадчуванне, папярэджваючы, каб пры найменшым пагаршэнні стану тэлефанаваў на пост. А як якасна кармілі! Але гэта асобная гісторыя…

Праз чатыры дні лячэння мяне сталі паступова адвучаць ад кіслароду. Прызнацца, атрымалася не з першай спробы. Але самае страшнае ўжо прайшло. Безумоўна, цяжка было без звычкі знаходзіцца ў закрытай прасторы, але гэта — часовыя складанасці. Некаторы стрэс адчуў, калі на маіх вачах кавідная брыгада аднаго пацыента забірала ў рэанімацыю…

Я, на шчасце, ужо дома і адчуваю сябе выдатна, калі не лічыць невялікай задышкі. Раблю дыхальную гімнастыку, якую сам знайшоў у інтэрнэце, п’ю вітаміны і таблеткі для разрэджвання крыві, якія ўрач пры выпісцы прапісаў, імкнуся паўнавартасна харчавацца і падтрымліваць пазітыўны настрой — без гэтага ніяк.

Нялёгка было толькі ў першыя дні пасля выпіскі. Адчуваў моцную слабасць, памятаю, што ледзь дайшоў да машыны: ногі здаваліся ватнымі. Цяпер слабасці не заўважаю, але вось што турбуе (жартую), дык гэта добры апетыт.

Многія знаёмыя пытаюцца, ці планую прышчапляцца? Планую, калі прыйдзе час. Пакуль, як растлумачыў урач, з вакцынацыяй трэба пачакаць каля паўгода. У дадзены момант узровень антыцелаў у маёй крыві дастатковы.

Акрамя таго, з-за спецыфікі сваёй працы я хацеў бы зрабіць прышчэпку той вакцынай, якая прызнаецца ў еўрапейскіх краінах. «Спадарожнік V» да такіх, на жаль, не адносіцца.

Усім здароўя! Трымаемся далей!

Яўген Валюкевіч, індывідуальны прадпрымальнік