Четверг, 26 ноября 2020

Дабрачыннасць – багацце сэрцаў

1 531

Нездарма кажуць, што навагоднія і калядныя дні расчыняюць чалавечыя душы насустрач самым галоўным каштоўнасцям жыцця — дабрыні і міласэрнасці, натхняюць людзей на маральнае ўдасканаленне і самаадданае служэнне сваім блізкім. У тым, што дабрыня ёсць у кожным чалавеку, неаднойчы пераконваліся выхаванцы дзіцячага сацыяльна-педагагічнага цэнтра з сацыяльным прытулкам у пасёлку Сонечны. Практычна кожны дзень з пачатку Новага года і да Ражства Хрыства тут былі госці з падарункамі, гучалі віншаванні са шчырымі пажаданнямі і дзецям, і іх выхавальнікам.
Напярэдадні Новага года дзеці па традыцыі напісалі і паклалі пад ёлачку шмат пісьмаў Дзеду Марозу. Хлопчыкі захацелі плэеры, дзяўчынкі, вядома ж, касметыку, малыя — машынкі і калясачкі для лялек. Не паверыце, але літаральна ўсе іх пажаданні былі выкананы — Дзедам Марозам з фірмы «Арыфлэйм» г.Брэста. А на наступны дзень у прытулак з падарункамі ад веруючых царквы ЕХБ прыехаў Валерый Васільевіч Ахрамук. Даўнія шэфы прытулку — служачыя 181-ай верталётнай базы з Новых Засімавічаў разам з Дзедам Марозам прывезлі дзецям падарункаў ажно на 800 тысяч рублёў. У дадатак — грошы і на арганізацыю святочнага навагодняга стала.
І на гэтым свята не закончылася. З мяшкамі цукеркаў і іншых салодкасцяў насельнікаў прытулку віталі прадстаўнікі раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, фірмы «Юнімілк»(дырэктар В.В.Кузняцоў) і фермерскай гаспадаркі «Бардо» (дырэктар Н.І.Тарасевіч).
Супрацоўнікі райваенкамата ў дадатак прывезлі тарты. Вялікі казачны торт выпеклі для дзетак майстры з кандытарскага цэха ФПР «Прадтавары». З цэлым корабам разнастайных фруктаў завітала ў прытулак прадпрымальніца Н.І.Юзяфовіч (УП «Райскі яблычак»).
Гаспадар магазіна «100 дробязей» А.І.Ахрамовіч прывез вялікі падаўжальнік — для таго, каб навагодняя ёлачка ў прытулку загарэлася вясёлымі агеньчыкамі. А супрацоўнікі РАУС — флікеры і мячы для гульняў .
Парадавалі дзетак удзельнікі Брэсцкага клуба прыхільнікаў БМW. Мала таго, што яны прыехалі ў суправаджэнні тэлебачання і супрацоўнікаў абласнога ДАІ, дык яшчэ навезлі кучу падарункаў — цацак, конструктров Lego, цукеркаў, фруктаў і, вядома ж, флікераў, каб хлопчыкі і дзяўчынкі ніколі не траплялі ў дарожныя здарэнні. А ў дадатак наладзілі ў двары святочны фейерверк.
Дабрачынную акцыю ў адносінах да дзяцей прытулка прыдумалі і ажыццявілі ўдзельнікі створанага нядаўна ў інтэрнеце маладзёжнага сайта «Pruzhany.net» Алена Зубко і Андрэй Краўчук. Спачатку яны аб’явілі аб гэтым праз інтэрнет. А для збору сродкаў на пакупку падарункаў пайшлі… калядаваць. Аб правядзенні акцыі сведчылі таблічкі, якія юныя калядоўшчыкі (сярод іх быў практычна ўвесь народны танцавальны ансамбль «Спадчына») трымалі ў руках. Людзі аднесліся з вялікім разуменнем. На наступны дзень за сабраныя сродкі дзеці закупілі канцтавары, цацкі і разам з Дзедам Марозам і Снягурачкай і падарункамі завіталі ў «Сонечны», дзе яшчэ і выступілі з канцэртам.
— Вы б пабачылі,— расказвала потым кіраўнік ансамбля «Спадчына» Валянціна Шапавал,— якой радасцю свяціліся дзіцячы вочы!
З усёй адказнасцю можна канстатаваць, што за гэтыя дзесяць дзён сяброў у прытулка намнога пабольшала. Цяпер дзеткі, кіраўнікі і ўвогуле ўсе яго работнікі гавораць ім вялікае, сардэчнае дзякуй!
На жаль, святы закончыліся. Хутка з прасторнай залы вынясуць прыгажуню-ёлачку, з якой да дзяцей прыйшло столькі радасці…
Як добра было б, каб чалавечая дабрыня не мела здольнасці заканчвацца!
Ганна Хадаровіч.

***
Сацыяльна-педагагічны цэнтр з сацыяльным прытулкам у пасёлку Сонечны — маленькая краіна своеасаблівага дзіцячага шчасця, якога так не хапае хлопчыкам і дзяўчынкам з няўдалых сем’яў. А навагоднія святы тут можна назваць парой цудаў, калі збываюцца хаця б самыя сціплыя мары малых, абдзеленых бацькоўскай увагай і клопатам.
Як звычайна, для выхаванцаў прытулку Новы год пачынаецца яшчэ за некалькі дзён да святочнай ночы, і заканчваецца свята ажно пад стары новы год. Сёлета яны таксама былі ў цэнтры ўвагі грамадскасці: з падарункамі і віншаваннямі іх наведвалі школьнікі, вайскоўцы, супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі… Завяршыліся святочныя віншаванні візітам прадстаўнікоў Пружанскага РАУС на чале з начальнікам Д.Г.Няхаевым. На стары новы год міліцыянеры завіталі ў прытулак не з пустымі рукамі, а дзеці бязмерна радыя гасцям, чыталі ім вершы, расказвалі пра жыццё ў прытулку, вадзілі па сваіх пакоях.
Уражанні засталіся ў кожнага свае: у дзяцей памянялася ўяўленне пра людзей у форме, якія прывозяць іх у прытулак, а ў супрацоўнікаў міліцыі ўпэўненасць у неабходнасці больш цеснай работы з сацыяльнымі работнікамі, дзякуючы якой гэтыя дзеткі заўсёды будуць з бацькамі.
Марына Ахрамовіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *