Понедельник, 17 января 2022

Чаму на платную падрыхтоўку да школы ёсць попыт? Абмяркоўваем за віртуальным «круглым сталом» разам з метадыстамі і педагогамі раёна

1 698

Не ведаю, ці паспачуваць трэба сучасным дашкольнікам-пяцігодкам, ці па-добраму пазайздросціць (у мой час было не так), але сёння многія з іх, яшчэ не скончыўшы дзіцячы садок, ужо пачынаюць… вучыцца.

Справа ў тым, што бацькі многіх (але далёка не ўсіх!) будучых першакласнікаў асабліва заклапочаны падрыхтоўкай сваіх дзяцей да школы, таму яшчэ за год да залічэння ў першы клас пачынаюць вадзіць іх да настаўнікаў пачатковых класаў на спецыяльныя (платныя) заняткі. Ці маюць рацыю бацькі, якія гэтак «загружаюць» свайго дашкольніка?

Давайце паспрабуем разабрацца разам з педагогамі, якіх мы сабралі за віртуальным «круглым сталом».

НЯЎЖО НЕ РЫХТУЕ САДОК?
Пачаўшы шукаць інфармацыю пра тое, дзе і ў якім фармаце ладзіцца дадатковая падрыхтоўка дзяцей да школы ў нашым раёне, усвядоміла: маштабы гэтай працы сур’ёзныя. Школы, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, рэпетытары – вось куды можна звярнуцца, каб запісаць свайго дашкольніка на платную падрыхтоўку. Колькасць месцаў абмежаваная. Кошт заняткаў розны (ці па кішэні бацькам – пытанне суб’ектыўнае). А канкурэнцыя якая!..

Асабіста ў мяне ўзнікла пытанне: чаму гэтая паслуга такая папулярная? Няўжо дзіцячыя садкі не даюць дзецям базы, неабходнай для паспяховага старту ў школе?

На справе ж выходзіць, што з самага першага дня, калі дзіця трапляе ва ўстанову дашкольнай адукацыі, пачынаецца яго паступовая мэтанакіраваная падрыхтоўка да школы.

— Канечне, у дзіцячым садзе дзеткі не вывучаюць літары і не вучацца чытаць, — расказвае пра асаблівасці падрыхтоўкі метадыст па дашкольнай адукацыі Пружанскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Т.М.Жабрун. — Аднак аналізуюць гукавы склад слова: пры навучанні чытанню, якое адбываецца ўжо ў школе, важней менавіта чуць гукі, а не проста ведаць літары.

Па словах Таццяны Мікалаеўны, ва ўстановах дашкольнай адукацыі дзеці абавязкова вучацца лічыць, рыхтуюцца да навучання пісьму.

ФАКТ
У нашым раёне 90,8% дзяцей пяцігадовага ўзросту наведваюць установы дашкольнай адукацыі і, адпаведна, праходзяць там падрыхтоўку да школы.

Ні ў якім разе не ігнаруецца ў садках і псіхалагічная падрыхтоўка дзяцей да паступлення ў першы клас. Раней выхавацелі вадзілі сваіх падапечных у школы на экскурсіі, ладзілі сумесныя са школьнікамі мерапрыемствы. Апошнім часам у сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай гэта робіцца толькі завочна.

Жабрун Таццяна Мікалаеўна, метадыст па дашкольнай адукацыі Пружанскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.

Таццяна Мікалаеўна Жабрун:
—Я лічу, што ў нас у дзіцячых садках ажыццяўляецца паўнацэнная падрыхтоўка дзяцей да школы. У рамках праграмы нашы выхаванцы атрымліваюць рэальныя веды па ўсіх адукацыйных галінах.

Так, сёння бацькі водзяць дзяцей яшчэ і на развіваючыя заняткі. Натуральна, гэта выключна жаданне бацькоў. Яны лічаць, што, заплаціўшы грошы, могуць даць свайму дзіцяці больш якасную дашкольную адукацыю ў параўнанні з той, якую бясплатна прапануе дзіцячы сад. Але ў рэальнасці аснова, неабходная для далейшай вучобы ў школе, закладваецца менавіта ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Гэта варта мець на ўвазе бацькам, якія вырашылі не аддаваць сваё дзіця ў садок.

Дарэчы, пра дзяцей, якія не наведваюць установы дашкольнай адукацыі. Каб дапамагчы ім падрыхтавацца да паступлення ў першы клас, да нядаўняга часу арганізоўвалася бясплатная падрыхтоўка на базе школ. На працягу месяца настаўнікі займаліся з будучымі вучнямі.

Час паказаў: такой падрыхтоўкі недастаткова. І з’явілася іншая прапанова.

Дарагасціна Алена Аляксандраўна, загадчык сектара вучэбна-выхаваўчай працы аддзела па адукацыі.

— Тым бацькам, якія не хочуць аддаваць дзіця ў садок на цэлы дзень, раім звярнуць увагу на магчымасць кароткачасовага знаходжання дзіцяці ва ўстанове дашкольнай адукацыі, калі дзіця залічваюць у групу без арганізацыі харчавання, — тлумачыць загадчык сектара вучэбна-выхаваўчай працы аддзела па адукацыі А.А.Дарагасціна. — Дашкольнік у першай палове дня прыходзіць у сад на заняткі для развіцця, набывае вопыт зносінаў з дзецьмі і дарослымі, а перад абедам бацькі яго забіраюць дадому. Па сутнасці, гэта тыя ж папулярныя сёння развіваючыя заняткі, толькі цалкам бясплатныя! Чаму б не выкарыстаць такую магчымасць, якую дае дзяржава?

Як зазначае Алена Аляксандраўна, дашкольная адукацыя павінна быць прыярытэтнай: гэта ж не проста догляд, а ў першую чаргу развіццё, сацыялізацыя малых.

Як бы там ні было, але сёння многія бацькі не абмяжоўваюцца выключна той падрыхтоўкай, якую даюць іх дзецям установы дашкольнай адукацыі. І гэта не значыць, што ў садку кепска займаюцца з дзецьмі. Проста сам час дыктуе іншыя правілы.

«ШКОЛА ЯДВІГІ ФЕЛІКСАЎНЫ»
Наколькі мне давялося даведацца, дадатковая несадкоўская падрыхтоўка будучых першакласнікаў налічвае на Пружаншчыне ледзь не 20-гадовую гісторыю. Пачалося ўсё з так званай «школы Ядвігі Феліксаўны». Гэта было нешта накшталт гуртка па падрыхтоўцы малых да вучобы на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Менавіта там яшчэ напачатку 2000-х пачала працаваць «Школа выхаднога дня», арганізаваная Ядвігай Феліксаўнай Барадоўскай.

— Дзякуючы менавіта гэтаму непераўзыйдзенаму педагогу, наша ўстанова першай у раёне пачала аказваць такія паслугі, — расказвае дырэктар Цэнтра творчасці А.М.Пухнарэвіч. — Вельмі шмат дзяцей да нас прыходзіла. У адной Ядвігі Феліксаўны 100 чалавек займалася.

— Ядвіга Феліксаўна ўмела так тлумачыць матэрыял, што ў яе дзеці да першага класа рашалі задачы-гісторыі з умовамі, пісалі літары і чыталі цудоўна, — згадвае настаўніца пачатковых класаў СШ №5 С.А. Кратко.

Праз некаторы час на гэтай базе з‘явілася «Школа ранняга развіцця». Сёння 5-6-гадовыя дашкольнікі вучацца тут чытаць, асвойваюць матэматыку і нават вывучаюць англійскую мову. Акрамя таго, у Цэнтры творчасці арганізаваны модныя цяпер развіваючыя заняткі нават для чатырохгодак.

Хмялеўская Іна Паўлаўна, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Іна Паўлаўна Хмялеўская:
— У нас у кожнай групе па падрыхтоўцы да школы будучыя першакласнікі вывучаюць літары і асвойваюць чытанне па складах. Дзеткі з больш высокім узроўнем развіцця, з якімі яшчэ і дома займаюцца бацькі, у канцы года ўжо ўмеюць бегла чытаць.

На занятках мы абавязкова развіваем дробную маторыку і вучымся пісаць літары, лічбы, вусна лічыць, рашаць прыклады ў межах дзесяці і простыя задачы. І ўсё гэта пастаянна суправаджаем практыкаваннямі і гульнямі на развіццё памяці, увагі, мыслення, маўлення.

Як бачыце, на занятках (яны, дарэчы, праводзяцца на платнай аснове) мы закранаем многія элементы праграмы першага класа. Зразумела, ёсць дзеці, для якіх гэта актуальна. Школьная праграма прадугледжвае вельмі хуткі тэмп працы і аб’ёмны матэрыял, і без падрыхтоўкі некаторым вучням вельмі складана з гэтым спраўляцца.

А ЯК ЖА Ў АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНЫХ ШКОЛАХ?
Гадоў пятнаццаць таму платная падрыхтоўка дзяцей да школы пачала арганізоўвацца ў гімназіі. У астатніх гарадскіх і ў некаторых вясковых школах такія заняткі пачалі ладзіцца яшчэ пазней. А ў шэрагу школ, што знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, платная падрыхтоўка будучых першакласнікаў не арганізоўвалася яшчэ ні разу: такая паслуга там проста не карыстаецца попытам.

ФАКТ
Сёлета платныя адукацыйныя паслугі па падрыхтоўцы будучых першакласнікаў былі арганізаваны ва ўсіх гарадскіх, а таксама ў Шаняўской, Ліноўскай, Параслянскай, Слабадской і Шарашоўскай школах.

Звычайна на пачатку новага вучэбнага года адміністрацыі школ праводзяць сходы для бацькоў будучых першакласнікаў, вывучаюць попыт на такія адукацыйныя паслугі і, зыходзячы з гэтага, набіраюць групы дашкольнікаў на падрыхтоўку.

У большасці школ заняткі, якія, зразумела, праводзяць настаўнікі пачатковых класаў, пачаліся яшчэ ў верасні (толькі ў гімназіі групы пачнуць працаваць з лютага). На працягу ўсяго навучальнага года дашкольнікі будуць амаль па-сапраўднаму «вучыцца»: па суботах іх чакаюць два «ўрокі» па 35 мінут кожны.

У большай ступені падрыхтоўка скіравана на агульнае развіццё будучых першакласнікаў. Часцей за ўсё педагогі дапамагаюць дзецям падрыхтаваць руку да пісьма (развіваюць маторыку), часткова знаёмяць з літарамі, пашыраюць матэматычныя ўяўленні будучых вучняў, працуюць над логікай і маўленнем.

Аднак самае галоўнае на занятках з дашкольнікамі – гэта адаптацыя дзяцей у школе, іх сацыялізацыя ў новым калектыве. А вось дасягненне такіх глабальных мэт, як навучанне чытанню і пісьму, не з’яўляецца абавязковым.

Дарагасціна Алена Аляксандраўна, загадчык сектара вучэбна-выхаваўчай працы аддзела па адукацыі.

Алена Аляксандраўна Дарагасціна:
— Многія бацькі, рыхтуючы сваіх дзяцей да школы, абмяжоўваюцца выключна навучаннем іх чытанню, пісьму і ліку. Падрыхтаванае толькі такім чынам дзіця сапраўды напачатку добра паспявае, але ўсё ж поспехі шасцігодкі ў вучобе ў многім залежаць і ад яго псіхалагічнай гатоўнасці да школы, ад адносінаў бацькоў і настаўніка да новага этапу ў жыцці малога.

Вельмі важна таксама, каб дзіця пайшло ў школу фізічна развітым, здаровым.

Бацькі павінны клапаціцца, каб на момант паступлення ў школу дзеці валодалі пэўнай доляй самастойнасці. Не вызваляйце іх ад працоўных абавязкаў і помніце пра адзін з важных прынцыпаў выхавання: не рабіць за дзяцей тое, што яны ў стане зрабіць самі.

І абавязкова трэба развіваць у дзіцяці валявыя якасці. Для гэтага прывучаць любую пачатую справу даводзіць да канца.

Што расказваюць пра падрыхтоўку будучых першакласнікаў настаўнікі?

Строк Таццяна Тадэвушаўна, настаўніца пачатковых класаў гімназіі.

Таццяна Тадэвушаўна Строк: «Развіваць лагічнае мысленне і маўленне»
— Для нас першачарговая мэта заняткаў па падрыхтоўцы да школы – адаптацыя будучых вучняў ва ўстанове адукацыі. Важна, каб дзеці разумелі, што ў школе менавіта вучыцца трэба, а не проста гуляць.

На заняткі па падрыхтоўцы ў гімназіі адводзіцца паўгода. У прыярытэце — развіццё лагічнага мыслення, маўлення. У нас так і прынята: адзін «урок» прысвячаем развіццю маўлення, а другі – матэматыцы.

Вядома, у першы клас дзеці прыходзяць розныя: хтосьці і чытае, і літары піша, а хтосьці ўсё спасцігае з нуля. Аднак я лічу, што кожны вучань, незалежна ад свайго ўзроўню, павінен старацца. Бывае такое, што шасцігадовыя першакласнікі потым абганяюць лепш падрыхтаваных сямігадовых, таму што з першага дня актыўна працуюць.

Падрыхтоўка дзіцяці да школы – гэта, дарэчы, справа не толькі настаўніка, але і бацькоў. Ім трэба цікавіцца захапленнямі дзіцяці, сумесна займацца творчасцю. Калі з дзецьмі вершы вучыць, іх слоўнікавы запас большы становіцца, калі казкі чытаць шмат разоў, малыя самі пачынаюць іх расказваць. Ёсць жа і цудоўныя мультфільмы, і цікавыя кніжкі з рознымі заданнямі для дзяцей, займаючыся па якіх, абсалютна любая мама можа лёгка развіваць сваё дзіця. Шкада, што не ўсім бацькам хапае на гэта часу.

Падказка бацькам
Самаабслугоўванне
Самае першае пытанне, на якое павінны звяртаць увагу бацькі, рыхтуючы сваё дзіця да школы, — ці валодае яно навыкамі самаабслугоўвання. Настаўнік не можа прасачыць усіх 20-25 чалавек у класе, таму вучань павінен умець сам і распрануцца-апрануцца, і падрыхтавацца да ўрока, і трымаць усе свае рэчы ў парадку ў адпаведным месцы, і не саромецца папрасіцца выйсці ў туалет, і быць акуратным у сталовай, а дома – самастойна збіраць свой партфель.

Бажко Наталля Уладзіміраўна, настаўніца пачатковых класаў СШ №3.

Наталля Уладзіміраўна Бажко: «Мала проста запісацца»
— У нашай установе адукацыі прынята так: падрыхтоўку вядзе менавіта той настаўнік, які набірае першы клас. Таму, калі прыходзіла мая чарга, я была зацікаўлена ў тым, каб лепш падрыхтаваць сваіх вучняў: ім жа потым лягчэй будзе.

У адзін год на сваіх занятках я рабіла ўпор на матэматыку, апошні раз – на навучанне чытанню, у той час як мая калега-напарніца займалася з тымі ж дзеткамі ў большай ступені падрыхтоўкай рукі да пісьма.

Падказка бацькам
Вывучэнне літар дома
Калі вы вырашылі самастойна дапамагчы дзіцяці вывучыць літары для авалодання чытаннем, помніце: літары трэба вучыць як гукі. Гэта значыць, што напачатку дзіцяці трэба называць літару не так, як прапануе алфавіт, а так, як гэтая літара чуецца ў слове. Напрыклад, на літару “п” дашкольнік павінен казаць “п”, а не “пэ”, на літару “с” – “с”, а не “эс”.
Па школьнай праграме, дарэчы, дзеткі спачатку вучаць літары як гукі, потым асвойваюць чытанне і ў самым канцы вывучаюць алфавіт з правільнымі назвамі літар.

Кратко Сафія Анатальеўна, настаўніца пачатковых класаў СШ №5.

Сафія Анатольеўна Кратко: «Даведацца, ці прачнецца інтарэс»
— Ведаеце, зараз час такі, што дзеці прыходзяць у школу, ужо ўмеючы чытаць. І тая падрыхтоўка будучых першакласнікаў, якую мы праводзім, — гэта не патрабаванне школы. Гэта патрабаванне часу.
Канечне, бацькам можна і дома самастойна пазаймацца са сваім дашкольнікам. Але будзе вельмі карысна, калі гэта зробіць яшчэ і педагог. І тут мае значэнне не столькі вопыт настаўніка ці тыя веды, якія ён можа даць, колькі магчымасць адаптацыі дашкольніка да новых умоў. Бывае, што дзіця проста псіхалагічна не гатова да школы, тады і адаптацыя праходзіць складана: са слязьмі, істэрыкамі, парушэннямі сну.

Падрыхтоўка дае магчымасць бацькам проста паназіраць за сваім дашкольнікам, паглядзець, ці прачнецца ў яго інтарэс да вучобы, а калі ўзнікнуць нейкія праблемы, параіцца з педагогам.

Падказка бацькам
Гатоўнасць дзіцяці да школы
— На маю думку, лепшы крытэрый таго, што дзіця гатова да школы, — гэта яго «ўнутраны покліч»: калі яму гэтага хочацца, калі яму гэта цікава, калі яно само адчувае, што ўжо вырасла з дзіцячага садка і жадае пераключэння на іншыя віды дзейнасці. У чым ён заключаецца? Дзіця можа само цікавіцца літарамі, спрабаваць іх пісаць, нават самастойна вучыцца чытанню.

Чэхачова Наталля Уладзіміраўна, настаўніца пачатковых класаў СШ №1.

Наталля Уладзіміраўна Чэхачова: «Разумець, як паводзіць сябе ў школе»
— На маю думку, падрыхтоўка патрэбная не столькі для таго, каб навучыць будучых школьнікаў чытаць, колькі для таго, каб псіхалагічна наблізіць іх да школы. У нас жа цяпер першы клас не на базе садка, як раней было, а ў самой школе, і гэта зусім іншая абстаноўка для дзіцяці.

Канечне, тыя вучні, якія сёлета прыйшлі да мяне ў першы клас пасля падрыхтоўкі, намнога лепш разумеюць, як паводзіць сябе ў школе, на ўроку. Дашкольнікі, у якіх была такая неабходнасць, падчас падрыхтоўкі змаглі канчаткова засвоіць, дзе ў сшытку ў клетцы знаходзіцца правы верхні кут, што значыць штрыхаваць вертыкальна, гарызантальна, зверху ўніз, наўскасяк…

Падказка бацькам
Навучанне дзіцяці пісьму дома
Я не раіла б бацькам самастойна вучыць сваіх дзяцей пісаць. Будзе лепш, калі гэта зробіць настаўнік. Таму што бацькі, калі не ведаюць методыку, могуць нашкодзіць: навучаць дзіця пісаць няправільна, а настаўніку потым давядзецца перавучваць. Трэба ж ведаць, і як ручку правільна трымаць, і як нахіліцца… Я на ўроках вельмі шмат часу толькі гэтым момантам удзяляю!
Бацькам лепш на іншае ўвагу звяртаць — развіваць дробную маторыку рук дзіцяці. Яно павінна ўмець ляпіць, пазлы складваць, маляваць, размалёўваць карцінкі, выконваць іх кропкамі, штрыхавымі лініямі, маляваць па ўзоры, абводзіць шаблоны. Чым больш цвёрдай і ўпэўненай будзе рука ў дзіцяці, тым лягчэй яно засвоіць напісанне літар і лічбаў.


Прызнацца, пасля абмеркавання тэмы асабіста ў мяне з’явілася яшчэ больш пытанняў, чым было спачатку. Канечне, вельмі падбадзёрвае ўсведамленне таго, што сёння ёсць столькі магчымасцей падрыхтаваць сваё дзіця да школы. У той жа час пачынаеш асцерагацца: як бы, захапіўшыся навучаннем свайго дашкольніка, не ўпасці ў крайнасць…

У любым выпадку, дарагія бацькі, каму даверыць (ці не даверыць увогуле) свайго будучага першакласніка – гэта асабісты выбар, які ў многім залежыць ад таго, што ў прыярытэце канкрэтна для вас. Толькі, калі ласка, не забывайце адно: самы важны настаўнік для вашага дзіцяці – вы самі, а найкаштоўнейшы рэсурс – час, праведзены па-сапраўднаму разам.

Вольга Басак