Понедельник, 17 января 2022

Стараста Свята-Мікалаеўскай царквы г. Пружаны Вера Юшчук: «Шчодрая рука ніколі не збяднее…»

831

Блажэнныя ўбогія духам, бо іх ёсць Царства Нябеснае, блажэнныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца…

Напачатку 1990-х, калі пасля працяглага перыяду хрушчоўскіх ганенняў і брэжнеўскага застою Праваслаўная Царква змагла нарэшце ўдыхнуць на поўныя грудзі, пружанцы пачалі складаць сваю «запаведзь»: блажэнная шчодрая рука, бо яна не збяднее.

Вера Уладзіміраўна Юшчук.

Сярод тых, хто збіраў ахвяраванні для адраджаемых цэркваў і манастыроў, была і Вера Уладзіміраўна Юшчук. У той час яна працавала галоўным бухгалтарам у ПМК-29, а цяпер, будучы на пенсіі, нясе паслушэнства старасты Свята-Мікалаеўскага храма г.Пружаны. Мы сустрэліся з жанчынай напярэдадні свята Казанскай іконы Багародзіцы, што аказалася вельмі сімвалічным.

— Менавіта ў гэтае свята роўна 30 гадоў таму я прысутнічала на закладцы капсулы ў падмурак Мураўскай царквы, пасля чаго пачалося ўзвядзенне яе сцен і… маё ўцаркаўленне. Святочная трапеза з удзелам архіерэя і іншых ганаровых гасцей праходзіла ў доме маіх бацькоў. Памятаю, пружанскі благачынны айцец Іосіф Балюк яшчэ ў мяне спытаў, ці бываю ў Свята-Аляксандра-Неўскім саборы, на што адказала: «Не, толькі ў Сухопальскім храме і тое на вялікія святы». Якія былі тыя гады? Людзі толькі пачыналі ў царкву свабодна хадзіць, большасць яшчэ хавала сваю веру, — успамінае мая суразмоўца.

Успрыняўшы словы айца Іосіфа як блаславенне, Вера Юшчук разам са сваёй сяброўкай, дарэчы, таксама Верай, неяк зайшлі ў пружанскі сабор.

— Свечкі купілі, запісачкі напісалі, праўда, не ведалі нават, як правільна пісаць. І тут падыходзіць жанчына з прамяністымі вачамі, ад якой, здавалася, ішло асаблівае святло, і дае нам прасфоркі… Аказваецца, і яе звалі Верай. На доўгія гады яна стала для нас узорам сапраўднай верніцы і ахвяравальніцы.

«Каманда міласэрнасці», другая справа — Вера Іванаўна Гвоздзік.

Гэта была Вера Іванаўна Гвоздзік, якая сышла ў свет іншы тры гады таму, менавіта 6 лістапада. Памяць пра яе беражліва захоўваюць праваслаўныя вернікі. І сёння, у Дзмітрыеўскую бацькоўскую суботу, памінаюць з асаблівымі пачуццямі…

Тады, у далёкія і вельмі складаныя гады хрысціянскага адраджэння, тры Веры і ўзялі на сябе адказную місію — збіраць па раёне і перадаваць тым, хто мае патрэбу, гуманітарную дапамогу. Яны наладзілі сувязь з намеснікамі не толькі беларускіх, але і ўкраінскіх, і расійскіх манастыроў. Дапамагала ім «місіянерстваваць» цяперашняя ігумення Брэсцкага Ражства-Багародзічнага манастыра матушка Аляксандра (Жарын), якая ў маладосці працавала рэгентам у пружанскім саборы, а на той момант падвізалася ў Полацкім Свята-Еўфрасіннеўскім манастыры.

— У той час манахі жылі вельмі бедна, манастырскія падсобныя гаспадаркі былі слабенькімі. Галадалі і людзі, і кароўкі… Да слова, у Валаамскім манастыры на поўначы Расіі, якому мы таксама дапамагалі, манахі бульбу елі толькі на Вялікдзень… Цяпер гэтага многім не зразумець: манастыры квітнеюць і ў сваю чаргу дапамагаюць бедным… А тады, гледзячы на манастырскую галечу, мы плакалі. І зараз, прызнацца, хочацца плакаць, таму што сучасныя людзі нават уявіць не могуць, якую радасць і надзею прыносіла наша місія, — успамінае Вера Юшчук.

Так у 90-х гадах мінулага стагоддзя, дзякуючы ў тым ліку і яе намаганням, у нашым раёне ўтварылася два цэнтры для збору гуманітарнай дапамогі манастырам: у Пружанах — у Веры Іванаўны Гвоздзік, і ў Мураве — у маці нашай гераіні Вольгі Ціханаўны Шакайла.

— Мы, ініцыятары, хадзілі па вёсках, звярталіся нават у праўленні калгасаў… Дзверы адчыняліся паўсюль. Памятаю, вельмі баяліся ехаць да старшыні перадавога калгаса «Рассвет» Яўгена Іванавіча Кудзінава, думалі, камуніст — прагоніць. А ён столькі буракоў кармавых нам выдзеліў! Чатыры грузавікі адправілі для манастырскіх падсобных гаспадарак. А як простыя людзі — што ў горадзе, што на сяле — нас чакалі! Мурава, Вялікае Сяло, Хвалава, Сухопаль, Стараволя, Шарашэва, Боркі — многія хацелі дапамагчы! Людзі ахвяравалі не ад дастатку (які там дастатак у тыя гады), — а ад патрэбы ўнесці свой уклад у святую справу. Нехта даваў мяшок бульбы, нехта моркву і цыбулю… Варэнне, мёд, закаткі, адзенне, абутак… Аднойчы жыхары Хвалава перадалі мяшок вязаных шкарпэтак і столькі ж вязаных камізэлек. Вера Іванаўна Гвоздзік па-мацярынску ўсю дапамогу размяркоўвала па манастырах – ад Хмелева да Валаама, ад Гродна да Полацка.

Але гуманітарку тую трэба было яшчэ і даставіць. І Вера Уладзіміраўна Юшчук разам з іншымі Верамі, а таксама Надзеямі, Зінаідамі, Марыямі, Аляўцінамі ў святыя калядныя дні спявала калядкі па вёсках, каб за атрыманыя грошы купіць паліва для грузавікоў.

— Памятаю, адзін год быў вельмі марозны, а на Ражство такая завіруха, што цяжка было хадзіць па дарогах. Заязджаем у Мураву, а на скрыжаванні сустракаюць дзве жанчыны: мы, маўляў, сабралі ўсё ахвяраванне ў адзін дом, каб вам не мерзнуць. Спявайце адразу для ўсіх!.. Яны нас яшчэ і шкадавалі, – расказвае Вера Юшчук.

Храм Казанскай іконы Божай Маці ў аг. Мурава.

Паступова ахвярадаўцаў рабілася ўсё больш і больш. І для іх у 1996 годзе, у гонар асвячэння храма Казанскай іконы Божай Маці, быў арганізаваны вялікі хрэсны ход з Пружан у Мураву.

— Я ішла разам з усімі. Узялі вялікія іконы Збавіцеля і Божай Маці, якія, дарэчы, і сёння ў мураўскім храме захоўваюцца, і пайшлі… Не заўважалі ні часу, ні стомленасці. Уваходзім у Мураву — на дарозе стаіць стол з духмяным караваем і іншымі прысмакамі. Нас сустракала ўся вёска! Ідзем далей — каля кожнай брамкі стол з пачастункам стаіць ды дарожкі высланы ў кожны двор. Людзі, якія знудзіліся без храма, лічылі, што разам з намі ў іх хаты завітае міласць Божая. Усе тады ведалі, што шчодрая рука ніколі не збяднее… Я сумую па тых часах, – прызнаецца жанчына.

Неяк пружанцы прывезлі гуманітарку ў Гродзенскі манастыр і падалі запісачку «аб здароўі ўсіх ахвярадаўцаў пружанскіх». Многія з тых людзей, якія ўкладалі «краевугольны камень» у адраджэнне Праваслаўя на Беларусі, ужо пайшлі ў іншы свет. Аднак запіска тая, як засведчыла манастырская схімніца, да гэтага часу ў галоўным храме чытаецца.

— Такія запіскі — на ўсе часы. Бо ў Бога ўсе жывыя…

Алена Зялевіч. Фота аўтара, з асабістага архіву Веры Юшчук і Уладзіслава Шпарлы