Суббота, 13 августа 2022

Гісторыя з фатаграфіяй. Пружаны, плошча на вуліцы Савецкай

1 321

Да свята Кастрычніцкай рэвалюцыі знайшлося ў скарбонцы фотаздымкаў мінулых гадоў такое вось адлюстраванне Пружан. Цэнтральная плошча на Савецкай, 1960-я гады.

Адназначна, фота зроблена пасля кастрычніка 1961 года: помнік Сталіну, які сіметрычна аздабляў кампазіцыю, ужо ўбраны. Але перапланіроўка пастаменту яшчэ не пачалася, не пабудаваны за лініяй магазінаў дзве пяціпавярхоўкі (яны з‘явяцца толькі напачатку 1970-х), а брукоўка не заменена на асфальт.

У той жа час надпіс на магазіне справа — «Кнігі» сведчыць пра тое, што пружанскі ўнівермаг ужо ўзведзены. Як мы памятаем, ён быў адкрыты ў 1962 годзе, і менавіта пасля гэтага на месцы былога «Раймага» зрабілі кніжны магазін. Які ён быў вялікі і цудоўны! Да гэтага часу на кніжных паліцах у нашай кватэры стаяць сціплыя томікі казак, гістарычныя раманы і біяграфічныя выданні, якія купляў спачатку тата, а пазней я сама. Менавіта ад гэтага магазіна на ўсё жыццё засталося захапленне літаратурай, ён дапамог у выбары будучай прафесіі. Шкада, што зараз, пры сённяшніх магчымасцях кнігадрукавання і мностве цікавых аўтараў, папяровая кніга губляе чытача і паступова адыходзіць у мінулае, як і гэты магазін, і гэтая трыбуна, і гэты помнік правадыру.

Цягне, цягне ў мінулае: паразглядаць старыя фота, узгадаць, як скакалі некалі дзецьмі па брукаванай вуліцы, нібы вось гэтыя школьнікі, як беглі ў кніжны магазін па падручнікі, сшыткі, казкі, новыя маркі. Што мелі мы ў тыя часы? Сціплае адзенне, мінімум ласункаў (найсмачнейшым быў кавалак батона з маслам, пасыпаны цукрам), з забаў — гульні на свежым паветры. І мары пра будучыню, якая павінна быць лепшай за сённяшні дзень.

І вось будучыня настала. І аказалася… не лепшай, не горшай, а такой, якой мы самі яе пабудавалі.

Вядучая рубрыкі Ірына Сядова.

Фота з альбома Таццяны Мікалаеўны Крац