Четверг, 11 августа 2022

Выхадны… за зробленую прышчэпку. У некаторых арганізацыях раёна ў калектыўныя дамовы ўнесены меры, якія датычацца вакцынацыі ад кавіду

633

Хоць вакцынацыя ад каранавіруса ў Беларусі — справа добраахвотная і пра кавідныя пашпарты для наведвання магазінаў і ўстаноў культуры размовы не ідзе, усё больш грамадзян разумеюць, што рабіць прышчэпку неабходна. Іх падтрымлівае і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Менавіта прафсаюзы ініцыіравалі меры стымулявання вакцынаваных работнікаў. Прымяняюцца такія нормы ў шэрагу арганізацый раёна, а ў некаторых нават унесены ў калектыўныя дагаворы.

Самымі першымі заахвоціць сваіх работнікаў і ўнесці палажэнне пра стымуляванне вакцынаваных у калектыўны дагавор вырашылі ва УП «Пружанскае ПМС». Зрабілі гэта яшчэ напачатку верасня. У цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Пружанскага раёна новая норма таксама пачала дзейнічаць, але з 12 кастрычніка.

— З гэтага дня работнікі, якія зрабілі прышчэпку ад COVID-19, маюць права на два выхадныя дні з захаваннем зарплаты. Першы даецца непасрэдна ў дзень вакцынацыі. Калі ж работнік дрэнна адчувае сябе пасля прышчэпкі, то і наступны дзень для яго таксама становіцца выхадным, — расказала старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Наталля Дулько.

Па словах Наталлі Мікалаеўны, да ўвядзення такой магчымасці прышчэпкі зрабіла 17 работнікаў цэнтра. Цяпер вакцынаваных тут яшчэ больш.

У тым, што супрацоўнікаў, якія непакояцца за сваё здароўе і здароўе тых, хто побач, трэба падтрымліваць, упэўнена старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук. Па яе словах, зараз пытанне матэрыяльнага стымулявання прышчэпленых разглядаецца аддзелам культуры райвыканкама. Дарэчы, такая мера ўжо дзейнічае ў шэрагу арганізацый раёна.

— Напрыклад, у такіх сельгаставарыствах, як «Агра-Калядзічы», «Велікасельскае Агра», «Айчына», на малочным камбінаце, льнозаводзе і птушкафабрыцы, а таксама ва ўстановах адукацыі ажыццяўляецца выплата матэрыяльнай дапамогі за вакцынацыю, згодна са спецыяльным загадам кіраўніка. Памер дапамогі на кожным прадпрыемстве розны і даходзіць да 200 рублёў, — адзначыла Таццяна Юр’еўна.

33% — столькі жыхароў раёна на сённяшні дзень атрымалі прышчэпку супраць COVID-19.

Безумоўна, падтрымка тых, хто не ігнаруе вакцынацыю, гэта важна і правільна. Але ж прафсаюзны лідар упэўнена: прышчэпка не павінна рабіцца з-за грошай або дадатковых выхадных. Вакцынацыя – гэта, перш за ўсё, наша здароўе і бяспека. А яшчэ адзін з дзейсных сродкаў, які дапамагае агулам перамагчы хваробу.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік, мае ілюстрацыйны характар